За апошнія гады ўзрасла колькасць злачынстваў, учыненых з выкарыстаннем камп'ютарных тэхналогій. Найбольш распаўсюджаны крадзяжы грошай з банкаўскіх рахункаў.
ДАВОЛІ ЧАСТА зламыснікі выкарыстоўваюць скімеры. Гэта прымацаваныя да банкамата прыстасаванні, якія капіруюць інфармацыю з магнітных палос банкаўскіх картак. Дадзеныя пераносяць на дублікаты картак і карыстаюцца імі.
Перш чым скарыстацца банкаматам або інфакіёскам, пераканайцеся, што на клавіятуры, у месцы для прыёму карткі няма лішніх прадметаў.
Прыкрывайце рукой клавіятуру, калі ўводзіце пін-код.
ТАКСАМА злачынцы даведваюцца рэквізіты банкаўскіх картак. Для пакупак у шэрагу інтэрнэт-магазінаў дастаткова ўказаць нумар, тэрмін дзеяння карткі і код на зваротным баку ля магнітнай паласы.
Не пакідайце картку без кантролю. Тады яе рэквізіты будзе ведаць толькі ўладальнік.
КАБ ДАВЕДАЦЦА рэквізіты карткі, махляры выкарыстоўваюць так званыя ілжывыя сайты і сайты-двайнікі. Ствараюць сайты, якія прадастаўляюць паслугі ад імя выдуманых фінансавых арганізацый. Як правіла, гэтыя паслугі звязаны з замежнымі грашовымі пераводамі. У асобных выпадках сайты сапраўдных арганізацый падмяняюць двайнікамі.
Вывучайце інфармацыю пра арганізацыю і яе сайт, у тым ліку водгукі. Прыкмета надзейнага сайта — наяўнасць у адрасе прэфікса https://. У сайта-двайніка прэфікс http:// (без лацінскай s).
Не дазваляйце сістэме аўтаматычна захоўваць логін і пароль, з дапамогай якіх ажыццяўляецца доступ да карт-рахунка.
Фота для ілюстрацыі.
Іван ВОЛЧЫК,
пракурор Міёрскага раёна.