«Журавлиную свадьбу» встретили Александр Мороз и Оксана Борейка
gazeta 24-09-2021, 15:29 2 883 Сямейны лад
Пахмурная і ветраная субота 18 верасня выдалася яркай і цёплай для Аляксандра МАРАЗА і Аксаны БАРЭЙКА. У гэты дзень нарадзілася іх сям’я. Рэгістрацыя шлюбу адбылася ў аддзеле загса райвыканкама. Па традыцыі, урачыстасць прымеркавалі да экалагічнага фестывалю «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю».
Традыцыя рэгістраваць «Жураўлінае вяселле» у рамках экалагічнага фестывалю «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» з’явілася ў 2019 годзе. Першай «жураўлінай парай» сталі міярчане Аляксандр Пятровіч і Юлія Любезных. 14 верасня іх сям’і споўнілася два гады. Захоўваюць сувенір жураўлёў-неразлучнікаў і кошычак з-пад журавін, які ім уручалі на рэгістрацыі шлюбу. За гэты час паспелі набыць жыллё. Пакуль у сваім доме ідзе рамонт, жывуць з бацькамі. Пяты месяц ідзе дачушцы Ніне.
19 верасня 2020 года зарэгістравалі шлюб Павел Паўлоўскі і Вольга Смулько, Віктар Карніловіч і Галіна Малецкая. Павел і Вольга ў сталіцы. Сямейнае жыццё ідзе размераным ходам. Яркай падзеяй стаў адпачынак у Егіпце, дзе пабывалі ў маі. Штомесяц наведваюць родных на Міёршчыне.
Віктар і Галіна будуюць сваё шчасце ў Міёрах. Яно ў іх ціхае і ўтульнае. Бываюць на радзіме Віктара ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці. Вольнымі днямі ладзяць вандроўкі па суседніх раёнах. У планах на гэтую суботу – прагуляцца па святочным паўвостраве.
Згодна з народным павер’ем, жураўліныя пары – на ўсё жыццё. Доўга і шчасліва ў ладзе і згодзе плануюць жыць Аляксандр і Аксана Маразы. Іх адносіны прайшлі праверку часам да шлюбу і будуць умацоўвацца ў новым статусе.
– Знаёмы са школьнай пары, сустракацца пачалі пазней. Ужо шэсць гадоў разам, – расказвае Аксана. – Прапанову выйсці замуж Саша зрабіў у 2019 годзе. Вырашылі не турбаваць нашых бацькоў і самастойна рыхтавацца да вяселля. Гэтая падзея была чаканай для нас, для нашых родных і сяброў.
Жывуць маладыя ў Наваполацку. Аляксандр вядзе ўрокі фізкультуры ў школе. Аксана займаецца з выхаванцамі студыі выяўленчага мастацтва ў Палацы дзяцей і моладзі. Вяселле згулялі на Міёршчыне.
– Саша родам з Дворышча. Я нарадзілася ў Паташні, затым пераехалі ў Пад’ельцы. Тут нашы бацькі, шмат сяброў. Таму іншыя варыянты наконт месца рэгістрацыі шлюбу не разглядалі, – заўважае Аксана. – Пра тое, што наша дата можа быць прымеркавана да экалагічнага фестывалю ў Міёрах, зусім не думалі. Лічба 18 прывабіла тым, што «васьмёрка» ў перавернутым выглядзе – знак бясконцасці. Верасень адметны іншымі сямейнымі святамі. У пачатку месяца дні нараджэння ў маці Сашы і ў мяне. Дарэчы, бацькі мужа жаніліся 17 верасня і разам больш за 25 гадоў.
Павіншаваць маладых завітала намеснік старшыні райвыканкама Алена Шалонька. Адзначыла, што іх шлюб – адметная падзея і для раёна. Ён увойдзе ў гісторыю фестывалю «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», які сёлета праходзіць у дзясяты раз. Добрыя пажаданні Аляксандру і Аксане прагучалі ад сямейнай пары міярчан Аляксандра і Святланы Ішчукоў, якія ў жніўні сустрэлі рубінавае вяселле. Першы танец маладыя муж і жонка танцавалі пад песню «Жураўліная вернасць» у выкананні Святланы Ішчук. Абедзве пары атрымалі падарункі ад Міёрскага райвыканкама.
Як напамін пра экалагічны фестываль і сямейны абярэг маладым уручылі фігурку жураўля. І яшчэ – кошычак спелых журавін. Начальнік аддзела загса Ірына Юхно пажадала, каб у сямейным жыцці было столькі яркіх і шчаслівых дзён, колькі журавін на Ельні.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота з архіва сям’і МАРОЗ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.


