Авторизация
 

Адрас дружнай сям’і МЫШКОЎСКІХ – Новы Пагост!

 Сям’я Ігара і Марыны МЫШКОЎСКІХ пражывае ў Новым Пагосце. У іх двое дзяцей, уласны добраўпарадкаваны дом, гаспадарка з агародамі, невялікім садам і гадаванцамі. Абодвум па душы сельскі лад жыцця без мітусні і шуму. На сваім прыкладзе паказваюць, што ў сучаснай вёсцы можна жыць годна пры наяўнасці жадання і працавітасці. Толькі б вёска жыла.

 

«Калі сям’ю стваралі, адразу вырашылі, што будзем у вёсцы заставацца», – адзначае Марына.

 

Захапленні дзяцей падзяляюць

З Марынай Мышкоўскай сустрэліся ў Новапагосцкай школе. Працуе тут сакратаром і лабарантам. Муж Ігар нясе вахту на сушыльным заводзе ў Шаркаўшчыне. Заняты па графіку, дабіраецца да месца працы на ўласным аўтамабілі. Дзеці – школьнікі. Косця вучыцца ў дзявятым класе. З будучай прафесіяй пакуль не вызначыўся. Хлопцу лёгка даюцца фізіка і матэматыка, захапляецца камп’ютарам. Любіць рыбалку, куды выпраўляецца разам з татам. Дапамагае па гаспадарцы. Напрыклад, пра пашчапаныя дровы бацьку турбавацца не трэба, з гэтай работай сын справіцца.

 
Чацвёртакласніца Ліза таксама імкнецца быць карыснай. За парадкам у доме сочыць, посуд мые, блінчыкі разам з мамай гатуе. Любіць чытаць і часта наведваецца ў сельскую бібліятэку, што побач з домам. З цікавасцю вучыцца на «8»-кі і «9»-кі, з радасцю выступае на школьнай і сцэне мясцовага клуба, любіць удзельнічаць у конкурсах, куды адпраўляе свае малюнкі. Дасылае здымкі на фотаконкурсы, якія праводзіць раённая газета. Была ў ліку пераможцаў.

 
Захапленне маляваннем дзяўчынка пераняла ад маці. Марына ў школе яшчэ і мастак-афарміцель на грамадскіх пачатках. Напрыклад, драўляныя фігуркі ў двары – яе пэндзліка работа. Такі занятак і яго вынік дораць радасць.

 

З клопатамі разам спраўляюцца

Новы Пагост – малая радзіма Марыны. Тут рабіла першыя крокі, спазнавала свет за школьнай партай і на вясковых сцяжынках, спаткала сваё каханне.

 
– Я ў дзявятым класе вучылася, калі будучага мужа спаткала, – расказвае субяседніца. – Праводзілі ў армію брата, пайшла на дыскатэку разам з роднымі. Там з Ігарам пазнаёміліся. Ён на той час у лясніцтве працаваў. Пяць гадоў сустракаліся, у чэрвені 2005-га згулялі вяселле. Адразу вырашылі ў вёсцы заставацца. Ні мяне, ні мужа горад не вабіў. Дзесяць гадоў пражылі ў Волкаўшчыне з маці Ігара, затым купілі жыллё ў Новым Пагосце.

 
Перш чым пераехаць у свой дом, падвялі ваду. Затым абсталявалі вадзяное ацяпленне. З часам перакрылі дах, паставілі сучасную агароджу. Цяпер будуюць лазню. Вясенне-асенні перыяд праходзіць у клопатах на зямлі.

 
– У Новым Пагосце жывуць мае браты з сем’ямі. Нас у бацькоў пяцёра: трое сыноў і дзве дачкі, – гаворыць Марына. – Дапамагаем адзін аднаму. Напрыклад, бульбу заўсёды сямейнай талакой капаем. Добра, калі блізкія побач. Сястра наша ў Польшчы. Жыве ў вялікім горадзе з усімі выгодамі і сумуе па роднай вёсцы. Яе мужу ў нас таксама падабаецца. Пакуль не перашкаджала эпідсітуацыя, штолета ў госці прыязджалі. Мы таксама ў іх былі. Асабліва запомнілася экскурсія ў горы.

 

 Для цікавага адпачынку час знаходзяць

У гасцях добра, а дома лепш. Гэта прыказка пра Ігара і Марыну Мышкоўскіх. Дзе б ні гасцявалі, куды б ні паехалі па справах, цягне ў свой дом – утульны і дагледжаны, напоўнены энергетыкай любові і дабра. У сваю вёску, на вуліцах якой пануюць спакой і цішыня, жывуць родныя людзі, добрыя сябры. Туды, дзе прыходзіць прыемнае і радаснае ўсведамленне: «Мы дома!»

 
Па традыцыі, адметныя даты календара Мышкоўскія адзначаюць разам са сваякамі-аднавяскоўцамі. Сябруюць з іншымі маладымі сем’ямі. Штогод збіраюцца ў кагосьці на свята Хрыстовага Нараджэння, ладзяць конкурсы і забавы. Калі на вуліцы снег, катаюцца з горкі і малыя, і дарослыя. Ёсць і свая сямейная завядзёнка – пікнікі ў лесе. Часцей адпачываюць там летам. Разводзяць касцёр, смажаць сала на агні і запякаюць бульбу ў вугалях, вядуць простыя размовы на розныя тэмы.

 
– Гэтую традыцыю муж увёў. Былога работніка лясной гаспадаркі па-ранейшаму лес вабіць, – усміхаецца Марына. – Нам хораша ў вёсцы. Хочацца, каб яна расла і развівалася, каб у яе была будучыня.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з альбома сям’і МЫШКОЎСКІХ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 1 марта 2021
Даниил, Илья, Макар, Павел, Памфил, Порфирий, Самуил, Юлиан

Именины 28 февраля 2021
Алексей, Арсений, Иван, Михаил, Николай, Павел, Петр, Софья, Афанасий, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта