Летний день завод на Миорщине кормит

 Летні дзень год корміць. Гэтая прыказка яскрава адлюстроўвае дзейнасць прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці ў перыяд жніва. Штодня сцякаецца з гаспадарак нашага і іншых раёнаў Віцебшчыны ў філіял «Міёрскі камбікормавы завод» ААТ «Полацкі КХП» збожжа, дзе яго даводзяць да кандыцыі і выконваюць дзяржзаказ, робячы ўнёсак у харчовую бяспеку краіны. Працэс не спыняецца кругласутачна.

 Збожжа, прыём!

Карэспандэнты раённай газеты завіталі на камбікормавы завод пахмурным днём. Аднак работы тут не спыняліся ні на хвіліну. Прайшліся па тэрыторыі разам з дырэктарам Юрыем Гайлевічам.

Тэатр пачынаецца з вешалкі. Прыёмка збожжа стартуе з візіровачнай лабараторыі, якая ў прыпар жніва працуе 24/7. Аграрыі ловяць кожны пагодлівы момант, каб убраць налітыя каласы, а завадчане пераймаюць у іх эстафету, бо не менш важна своечасова высушыць збожжа і адправіць у засекі.

Мы падышлі да лабараторыі бліжэй да абеду. Засталі тут дзве грузавыя машыны са збожжам новага ўраджаю. Афармляе дакументы начальнік аддзела Ларыса Васільева, бяруць пробы, каб вызначыць якасныя паказчыкі, лабаранты Юлія Сцепулёнак і Алёна Гайлевіч. Пасля начной змены адпачывае дома Жанна Лукавіцкая. Ад вердыкту лабарантаў залежыць, куды адправіцца зерне.

– Галоўная наша задача, як і ўсяго раёна, – выкананне дзяржзаказу, а ён даведзены ў аб’ёме 4 015 тон. Пастаўляем азімую пшаніцу харчовую 4-га класа на Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў. Ужо адправілі звыш 1,4 тысячы тон, аднак гэта толькі завод. Некаторыя гаспадаркі возяць яго напрамую, – знаёміць з сітуацыяй дырэктар. – Завод прымае ўсе віды культур і ў любых аб’ёмах. Прыёмка вядзецца і ноччу, машыны ідуць да цямна. Прапускная здольнасць завода перавышае тысячу тон у суткі, сёлета мелі максімальна 540 тон. За дзень рэальна прасушыць каля 500 тон.

Пакуль размаўляем, у Юліі і Алёны ўжо гатовы вынікі даследавання. Асноўныя паказчыкі – клейкавіна і натура. Усё ў межах нормы, і мы скіроўваемся за машынай. Узважвае ўраджай старшы майстар пагрузачна-разгрузачнага ўчастка Марына Скурат і паказвае, куды адпраўляцца далей.

 Працуюць сем’ямі, зладжана

Тым часам Юрый Віктаравіч працягвае ўводзіць у курс справы:

– Так, бывае цяжка, аднак мы ра- зумеем, што ад нашай работы сёння залежыць далейшая дзейнасць прадпрыемства на працягу года, таму настроены на павелічэнне аб’ёмаў. Ужо прынялі ўдвая больш збожжа, чым летась было на 2 верасня з улікам дзяржзаказу. Тады мелі 7,2 тысячы, а ўвайшлі ў зімоўку з 1,8 тысячы. Цяпер забяспечылі 7,6, і адпаведны аб’ём ужо праглядаецца ўдвая большым.

Па ўсім бачна, што планы з’явіліся не на пустым месцы. На тэрыторыі працуюць людзі, і кожны з іх адчувае сябе часткай агульнай сістэмы. З сямі гадзін раніцы ў рабоце аддзел маркетынгу, на сувязі з сельгаспрадпрыемствамі, каб даведацца, куды неабходна накіраваць машыны за ўраджаем. Усе чатыры вадзіцелі МАЗаў працуюць па сумленні, аднак найбольшы аб’ём перавозак забяспечваюць Аляксандр Марціноўскі і Анатоль Сінкевіч. На іх рахунку прыкладна трэцяя частка транспартыроўкі. Нярэдка ахвяру- юць асабістым часам, вяртаючыся з рэйсу з аддаленых маршрутаў.

Кругласутачна ў рабоце дзве збожжасушылкі на газавым паліве – СЗК-15 і КЗСВ-30. На змене сушыльшчыкі Дзяніс Валеўка і Алег Сіповіч, падаюць ім збожжа  аператары КШП Аляксандр Іваноў і Віктар Кашкур. Расказваюць, што сухога ідзе толькі 15-20 %, астатняе даводзяць да кандыцыі.

Для некаторых работа на камбікормавым заводзе – справа сямейная. Змяняе Дзяніса бацька Сяргей, а маці Галіна разам з падсобнымі рабочымі і грузчыкамі Любоўю Сіротка і Аленай Івановай хутка падбіраюць зярняткі, каб не дапусціць страт новага ўраджаю. Буртуе зерне Аляксандр Варонька на «Амкадоры», перамяшчае яго па тэрыторыі Алег Шмарлоўскі. У начную змену на кожным участку таксама дзяжураць адказныя спецыялісты, слесары-рамонтнікі.

Планы – на развіццё

 Камбікормавы завод дазваляе захоўваць 18,2 тысячы тон збожжа. Кіраўніцтва запэўнівае, што ўборачная кампанія ідзе ў стабільным рэжыме. Калектыў спраўляецца з пастаўленай задачай – забяспечыць дзяржзаказ. Аддзел маркетынгу працуе над пашырэннем рынкаў збыту і нарошчваннем колькасці спажыўцоў. Акрамя транспартных, паслуг па сушцы і захаванні збожжа перапрацоўвае яго і вырабляе камбікорм пад заказ і па рэцэптуры сельгаспрадпрыемства.

На раніцу 29 жніўня гаспадаркі Міёршчыны ўбралі 69,1 % збожжавых культур.

– Значыць, рэзервы для нарошчвання аб’ёмаў яшчэ ёсць, – запэўнівае дырэктар філіяла «Міёрскі камбікормавы завод» ААТ «Полацкі КХП» Юрый Гайлевіч. 

Алена Вароніна.
Фотаматэрыял аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий