Для Міёрскага камбікормавага завода 2022-і
праходзіў пад эгідай 50-гадовага юбілею.
Аднак гісторыя завода больш даўняя, бярэ адлік з пары існавання хлебапрыёмнага прадпрыемства. Цэх па вытворчасці камбікармоў запусцілі тут у 1972-м годзе. Гэта была асноўная прадукцыя, якой выпускалі 150 – 160 тон у суткі. Калектыў на чале з тагачасным дырэктарам Пятром Угоднікавым перавыконваў планы па ўсіх паказчыках, апярэджваючы час. Мелі добры прыбытак, што дазваляла гаспадарчым спосабам узводзіць камбікормавы завод. «Каго ні ўзяць з работнікаў, усе будавалі яго, вялі мантаж абсталявання», – інфармавала раённая газета «Сцяг працы».
Намаганні папярэднікаў не дарэмныя. Роля завода для нашага аграрнага раёна ва ўсе гады заставалася значнай. Вытворчасць развівалася, тэрыторыя пад аб’ектамі пашыралася, надавалася ўвага мадэрнізацыі. У гіганцкіх металічных ёмістасцях, што сталі сімвалам прадпрыемства, разам са складамі падлогавага тыпу можа захоўвацца да 20 тысяч тон збожжа. Да асноўнага камбікормавага цэху магутнасцю ў сто тон дадаўся крупяны. Кіраванне працэсамі па прыёмцы і захоўванні зерня забяспечваецца праз камп’ютарныя тэхналогіі.
Значным у гісторыі прадпрыемства стаў 2013-ы, калі ўвялі ў эксплуатацыю рэканструяваны цэх па вытворчасці камбікармоў. Са слоў Сяргея Мацвеева, дзеля гэтага распрацоўваўся індывідуальны праект. Замянілі 80 % састарэлага абсталявання, укаранілі найбольш сучасныя метады работы, у выніку чаго палепшылася якасць кармоў, пашырыўся асартымент.
Міёрскі камбікормавы завод уваходзіць у склад аграпрамысловага аб’яднання і з’яўляецца філіялам Полацкага камбіната хлебапрадуктаў. Падобных прадпрыемстваў пяць у вобласці, усе гіганты: Віцебскае, Полацкае, Аршанскае, Глыбоцкае і самае малое – Міёрскае. Затое мабільнае, адзначае дырэктар Сяргей Мацвееў.
– Наша прадпрыемства поўнага тэхналагічнага цыклу: ад нарыхтоўкі, захоўвання і перапрацоўкі зерня да выпуску, продажу і дастаўкі спажыўцу некалькіх відаў рассыпнага корму для буйной рагатай жывёлы. У радыусе абслугоўвання свой, Шаркаўшчынскі і Браслаўскі раёны. Камбікармы бяруць ахвотна. Цэняцца таксама нашы пярловая і ячневая крупы, – заўважае Сяргей Аляксандравіч.
Самая гарачая для работнікаў камбікормавага завода – уборачная пара. Не адзін тыдзень працуюць практычна кругласутачна. Таму тэхніка ў чэргах не марнавалася, хутка прымалі на дапрацоўку зерне.
Дадаецца выручка на рахунках завода і дзякуючы падсобнай гаспадарцы, дзе на адкорме 180 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы. Развіваюць транспартныя паслугі..
Высокія якасць прадукцыі і аказанне паслуг здабылі калектыву завода бездакорны аўтарытэт. Поспехі ў справах у першую чаргу звязваюць з добрасумленным стаўленнем да сваіх абавязкаў кожнага занятага на вытворчасці.
– На сённяшні дзень калектыў завода, а гэта 72 чалавекі, уяўляе сабой згуртаваную каманду прафесіяналаў і адмыслоўцаў. Кожны нацэлены на эфектыўную працу, – заўважае дырэктар.
На заводзе ўсе жывуць дружна. Працуюць зладжана. Кожны разумее, што слабых звёнаў у камандзе не павінна быць, бо ад гэтага залежыць агульны вынік і далейшае развіццё прадпрыемства.
Наталія СТАНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Поўную версію чытайце ў раённай газеце.