Форум рэгіёнаў

Вынікі ІХ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Гродне ўражваюць. Сур’ёзныя кантракты, агульная сума якіх дасягнула аднаго мільярда долараў, сумесныя праекты, планы па супрацоўніцтве ў канкрэтных галінах.

На пленарным пасяджэнні Форуму перад яго ўдзельнікамі з відэазваротам выступілі Прэзідэнты дзвюх краін. Аляксандр Лукашэнка, адзначаючы асаблівы характар і місію знакавага мерапрыемства, падкрэсліў: 
– Само жыццё падказвае, што мы знайшлі фармат міжрэгіянальнага і міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, які сапраўды адказвае карэнным інтарэсам беларусаў і расіян. Больш за тое, форум – гэта эфектыўны і адэкватны адказ на новыя выклікі, з якімі мы сутыкнуліся сёння. 
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у гэтым годзе ў разы актывізаваліся кантакты з кіраўнікамі расійскіх рэгіёнаў. Некаторыя губернатары пабывалі ў Беларусі неаднойчы. 

Беларусь прапануе расійскім рэгіёнам, у прыватнасці, свой удзел у мадэрнізацыі ключавых сектараў эканомікі. Яркі прыклад – мікраэлектроніка. «Гатовы перайсці ад простага гандлю да стварэння сумесных вытворчасцей (асабліва ў машына- і станкабудаванні), удзельнічаць у праграмах імпартазамяшчэння. У нас ёсць шмат цікавых прапаноў у вобласці сельскай гаспадаркі, паставак абсталявання, фарміравання кампанентнай базы, асваення космасу, фармацэўтыкі».  
Беларускі лідар падкрэсліў, што шэраг ключавых напрацовак Саюзнай дзяржавы пакуль не мае аналагаў. У нас склаліся і развіваюцца інстытуты саюзнага бюджэту і саюзнай уласнасці. За кошт сродкаў нашага саюза фінансуюцца праграмы ў самых розных сферах. Дзякуючы іх выкананню развіваецца кааперацыя між нашымі прадпрыемствамі, расце канкурэнтаздольнасць сумесна з вырабляемай прадукцыяй,  сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

У многім дзякуючы менавіта актыўнаму супрацоўніцтву рэгіёнаў у мінулым годзе двухбаковы тавараабарот між Беларуссю і Расіяй павялічыўся больш чым на трэць, наблізіўшыся да 40 мільярдаў долараў. І сёлета рост працягваецца. У нашай краіне працуюць каля 2,5 тысячы кампаній з расійскім удзелам. 
– Беспрэцэдэнтны палітычны і эканамічны ціск з боку так званага калектыўнага Захаду падштурхоўвае нас да таго, каб паскорыць працэс з’яднання. І супольна прасцей мінімізаваць страты ад прымаемых незаконных санкцый, лягчэй асвойваць выпуск запатрабаванай прадукцыі, напрацоўваць новыя кампетэнцыі і пашыраць супрацоўніцтва з сяброўскімі краінамі, – падкрэсліў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. 

Па яго словах, у гэтым кантэксце ў якасці прыярытэтнай сумеснай задачы разглядаецца запуск перспектыўных праграм, нацэленых на прамысловае і тэхналагічнае абнаўленне. 
– Расія таксама гатова падтрымаць ажыццяўленне шэрагу беларускіх інвестыцыйных праектаў па стварэнні новых і мадэрнізацыі існуючых вытворчасцей у рэспубліцы і ў нас у краіне. Асаблівае значэнне далейшага пашырэння ўзаемадзеяння ў высокатэхналагічнай сферы. У гэтым годзе «Росатам» плануе завяршыць будаўніцтва Беларускай АЭС у Гродзенскай вобласці. А беларускія спецыялісты будуць удзельнічаць ва ўзвядзенні аб’ектаў касмадрома Усходні ў Амурскай вобласці. Безумоўна, Расія і Беларусь намераны развіваць супрацоўніцтва ў вобласці сельскай гаспадаркі і па пастаўках угнаення і харчавання на сусветныя рынкі. 

Уладзімір Пуцін звярнуў увагу на яшчэ адзін знакавы момант – адкрыццё ў Гродне генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі. 
– Упэўнены, што пашырэнне расійскага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Беларусі будзе садзейнічаць развіццю шматграннага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. 

Па матэрыялах БЕЛТА і СМІ. 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.