Урэгуляванне зямельных адносін абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта

Урэгуляванне зямельных адносін абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта. «Зямля – нацыянальны набытак і найважнейшы рэсурс. Нам трэба не толькі выкарыстоўваць яе рацыянальна, але і захаваць для будучых пакаленняў. Таму землі сельгаспрызначэння і ляснога прызначэння знаходзяцца і будуць знаходзіцца толькі ва ўласнасці дзяржавы», – падкрэсліў беларускі лідар. 

Да нарады ўрад падрыхтаваў шэраг прапаноў па сур’ёзнай карэкціроўцы заканадаўства. Распрацаваны праект адпаведнага ўказа. Задаючы тон размове, Аляксандр Лукашэнка ставіў пытанні востра і нават жорстка. Па-першае, пацікавіўся мэтазгоднасцю ўдасканалення зямельных адносін. Што трэба дадаць, каб стала лепш. Прэзідэнт нагадаў, што першапачаткова ў Беларусі быў выбраны шлях разумнага і эвалюцыйнага развіцця зямельных адносін. 

– Менавіта дзякуючы высокай культуры землекарыстання мы дасягнулі поспехаў у сельскай гаспадарцы і спакойна забяспечваем харчовую бяспеку. Больш за 40 % нашай тэрыторыі пакрыта лясамі, і на гэтай узнаўляемай аснове мы паступова развіваем лесаперапрацоўчую прамысловасць, – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Як патлумачыў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў, падрыхтоўка адпаведнага праекта ўказа Кіраўніка дзяржавы вялася з лістапада 2020 года:
– Ён не так проста нараджаўся, на дадзены момант з’яўляецца асэнсаваным і рэалізуе дзве мэты: першая – гэта рашэнне тыповых праблем грамадзян, другая – развіццё сельскіх тэрыторый.

Пры распрацоўцы праекта ўлічваліся дэмаграфічныя тэндэнцыі ў Беларусі за апошнія дзесяцігоддзі. Напрыклад, што рост колькасці насельніцтва назіраецца толькі ў 16 са 128 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Відавочна, што многія раённыя цэнтры пераўтвараюцца ў вёскі, абласныя па колькасці набліжаюцца да райцэнтраў і самым шматлікім застаецца мегаполіс Мінск.
Нормы ўказа не распаўсюджваюцца на сталіцу, абласныя цэнтры і раёны каля іх. Там захаваюцца паўнамоцтвы Прэзідэнта па ўсіх зямельных пытаннях. Таксама яны не змяняюцца ў тым, што мае дачыненне да сельскагаспадарчых земляў і лясных угоддзяў.
Дакумент закліканы пашырыць паўнамоцтвы мясцовых органаў улады з мэтай развіцця сельскіх тэрыторый і ўцягнення ў абарот невыкарыстоўваемых земляў населеных пунктаў і аб’ектаў прамысловага прызначэння.  

Прапанавана пяць прынцыпаў выбудоўвання зямельных адносін на сяле.
1. Стварэнне ўмоў для больш свабоднага распараджэння грамадзянамі зямельнымі ўчасткамі пры выкананні горадабудаўнічых норм і санітарных правіл. Выключэнне складаюць участкі, прадастаўленыя на льготных умовах шматдзетным сем’ям і маючым патрэбу. На іх распаўсюджваюцца існуючыя абмежаваныя нормы. 

2. Прадастаўленне зямельных участкаў плошчай да 1 га для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома. 
3. Арганізацыя асабістых падсобных гаспадарак на плошчы да 4 га незалежна ад рэгістрацыі на тэрыторыі сельскага Савета (цяпер яна абавязковая).

4. Уцягненне ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых вытворчых пляцовак, размешчаных у сельскіх населеных пунктах і не прылеглых тэрыторыях. 

5. Льготны пяцігадовы перыяд выкупу прадастаўленых зямельных участкаў па кадастравым кошце, зменшаным на 50 % для стымулявання эканамічнага абароту зямлі. 

Мікалай Снапкоў падкрэсліў, што для фізічных асоб нормы ўказа дазволяць спрасціць парадак прадастаўлення зямельных надзелаў, знізіць затраты, зменшыць працэдурныя дзеянні. Для юрыдычных асоб – гэта магчымасць паралельнага з будаўніцтвам адводу зямлі, выразны рэгламент забірання для дзяржаўных патрэб пры мінімальнай колькасці ўзгадненняў (цяпер яго няма).

Па матэрыялах БЕЛТА і СМІ

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.