Торговля по правилам и средства по назначению — на ремонт

 Згодна з нормамі жыллёвага заканадаўства, разам з жыхарамі шматкватэрных дамоў плаціць за паслугі абавязаны і ўласнікі нежылых памяшканняў у гэтых дамах. Уносіцца плата з дня ўзнікнення права ўласнасці адпаведна дагавораў на аказанне жыллёва-камунальных паслуг.

Аднак у Віцебску далёка не ўсе пасля рэгістрацыі права ўласнасці звярталіся ў арганізацыі ЖКГ, каб заключыць дагаворы на аказанне паслуг. Як вынік, не кампенсавалі затраты на ўтрыманне, эксплуатацыю і бягучы рамонт шматкватэрнага жылога дома, расходы на электраэнергію, спажытую на асвятленне дапаможных памяшканняў і работу абсталявання, у тым ліку ліфтаў, не адлічваліся сродкі на капітальны рамонт, не аплачваліся паслугі па санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў, водазабеспячэнні, водаадвядзенні, цеплазабеспячэнні, не кампенсаваўся зямельны падатак. Такіх фактаў больш за 30.


З асобнымі ўласнікамі дагаворы на аказанне жыллёва-камунальных паслуг заключаліся праз гады пасля набыцця нежылых памяшканняў ці на меншую за пазначаную ў тэхнічных пашпартах плошчу.


Камітэт вобласці сумесна з органамі ўнутраных спраў дадуць прававую ацэнку дзеянням ці бяздзеянню работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Адмова заключаць дагавор не вызваляе ад абавязку плаціць за фактычна аказаныя асноўныя паслугі. Несвоечасова ці не ў поўным аб’ёме пагашаная сума налічвае пеню ва ўстаноўленым заканадаўствам памеры.


Сродкі па прызначэнні — на рамонт

З улікам шматлікіх зваротаў грамадзян прааналізавана выкананне патрабаванняў заканадаўства пры выкарыстанні арганізацыямі ЖКГ адлічэнняў жыхароў на капітальны
рамонт дамоў.

Да 2016 года заканадаўствам дапускалася ўнесеныя плацельшчыкамі жыллёва-камунальных паслуг сродкі акумуляваць на рахунках арганізацый, якія эксплуатуюць жыллёвы фонд ці прадастаўляюць паслугі. З 27 сакавіка 2016 года адлічэнні на капітальны рамонт належаць акумуляванню на спецыяльных рахунках, якія адкрываюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Аднак у шматлікіх раёнах вобласці дапускалася выкарыстанне сродкаў не па прызначэнні.


Напрыклад, Верхнядзвінская ЖКГ звыш 240 тысяч рублёў адлічэнняў жыхароў выкарыстала на папаўненне уласных абаротных сродкаў, пагашэнне запазычанасці па падатках. У Міёрскім раёне жыллёва-камунальная гаспадарка звыш 63 тысяч рублёў накіравала на пагашэнне доўгу за электраэнергію. Падобныя факты выяўляліся і ў іншых раёнах.


Прыняты меры па выплаце выкарыстаных не па мэтавым прызначэнні сродкаў, прызначаных на капітальны рамонт. Пытанне застаецца на кантролі.


Гандаль па правілах

Пры праверках 13-14 сакавіка чатырох стацыянарных гандлёвых аб’ектаў і трох аўтамагазінаў, якія размешчаны ў Аршанскім раёне, зафіксаваны факты невыканання зацверджаных асартыментных пералікаў.

Не забяспечваліся неабходныя тэмпературныя ўмовы захоўвання і таварнае суседства харчовых прадуктаў, да пакупнікоў не ў поўнай меры даведзена неабходная інфармацыя пра тавары, выяўлены з мінулым тэрмінам прыдатнасці.


У аўтамагазіне не было належна аформленных цэннікаў, хлеб рэалізоўваўся без упаковачных матэрыялаў. Дрэнна выконваліся графікі руху аўтамагазінаў. Акрамя гэтага, двойчы не разгледжаны запісы, унесеныя ў кнігу заўваг і прапаноў, пра дрэннае гандлёвае абслугоўванне.
Шэраг парушэнняў выяўлена і ў ходзе абследавання магазіна ў Віцебску: у продажы знаходзіліся шэсць найменняў тавараў з мінулым тэрмінам прыдатнасці, не выконваліся тэмпературныя рэжымы захоўвання рыбных тавараў, на складзе добраякасныя прадукты суседнічалі з сапсаванымі.


Па выніках кантрольных мерапрыемстваў прыняты меры па ліквідацыі выяўленых парушэнняў, вінаватыя прыцягнуты да адказнасці. Для папярэджання падобных выпадкаў у іншых гандлёвых аб’ектах вобласці ў пятніцу, 13 красавіка, Камітэт дзяржкантролю вобласці праводзіць “гарачую лінію” па нумары 42 54 53. З 10.00 да 12.00 будуць прымацца паведамленні наконт парушэнняў правіл гандлю. 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.