У асобных раёнах Віцебскай вобласці змен- шаць нарматывы ўтварэння камунальных адходаў па жыллёвым фондзе, зыходзячы з якіх налічваецца плата за вываз смецця. Яна ў сваю чаргу залежыць ад субсідзіраваных тарыфаў для насельніцтва згодна з нарматывам утварэння цвёрдых камунальных адходаў, які ўстаноўлены мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
ПА патрабаваннях заканадаўства нарматывы выкарыстоўваюцца пры выбары сістэмы збору, вызначэнні колькасці кантэйнераў, распрацоўцы транспартных схем вывазу, разліку лімітаў размяшчэння адходаў вытворчасці, якія ўваходзяць у склад камунальных адходаў. Таксама на іх аснове разлічваюць кошт паслуг па вывазе камунальна-бытавых адходаў арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
У камітэт Дзяржкантролю вобласці звярнуўся жыхар Лепельшчыны. Сумняваўся, ці правільна вызначаюць кошт паслугі. Выяўлена, што ўстаноўленыя Лепельскім райвыканкамам нарматывы ўтварэння цвёрдых камунальных адходаў перавышаюць нарматывы ў іншых рэгіёнах Віцебшчыны.
Лепельскаму і шэрагу іншых райвыканкамаў вобласці, дзе знойдзены аналагічныя парушэнні, прапанавалі правесці натуральныя замеры, каб вызначыць фактычны аб’ём утварэння камунальных адходаў.
Цяпер у Лепельскім райвыканкаме карэкціруюць устаноўлены ў 2016 годзе нарматыў. Па добраўпарадкаваным жылым фондзе яго зніжаюць з 2,2 м3 да 2,1, па нядобраўпарадкаваным – з 2,3 да 1,9 м3 у год на чалавека.
У бліжэйшы час у Шумілінскім раёне таксама зменшаць дадзены нарматыў. З 2011 года ён быў адзіным для добраўпарадкаванага і нядобраўпарадкаванага жыллёвага фонду (2,22 м3), цяпер – 1,916 м3 і 2,184 м3 адпаведна. Работа працягваецца ў іншых раёнах вобласці.