На металлопрокатном заводе в Миорах предпусковые хлопоты

 Міёрскі металапракатны завод уступіў у перадпускавы перыяд. Сюды прыбылі першыя вагоны з гарачакатаным ліставым металам – сыравінай для пракатчыкаў. Ужо ў ліпені з канвеера сыйдзе партыя гатовай прадукцыі. На галоўнай будоўлі раёна пабываў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль ЛІНЕВІЧ. 

На будаўнічай пляцоўцы і ў цэхах ММПЗ па-ранейшаму заняты каля 600 чалавек. Аблічча будучага прадпрыемства імкліва мяняецца. Дзе нядаўна на пляцоўках і праездах ушчыльнялі шчэбень, ужо ляжыць асфальт. На яго перамяшчаюцца вагончыкі-бытоўкі субпадрадчыкаў, каб вызваліць плошчы для вертыкальнай планіроўкі (калі казаць прасцей – для выраўнівання) тэрыторыі. Заканчваецца будаўніцтва іншых другасных аб’ектаў: настала, нарэшце, чарга падлогі цэнтральнай майстэрні, будынак якога доўга служыў складам. Павышаецца напал мантажных работ, разгортваюцца пуска-наладачныя.


Лічба «95 працэнтаў» гатоўнасці прагучала месяц таму, падзеяй значнага маштаба стала нядаўняе падключэнне самага магутнага на заводзе электрарухавіка ў 5 мегават на рэверсным стане RCM, з якога і пачынаецца ўся вытворчая лінія.


 Цікаўлюся ў генеральнага дырэктара Пятра Шымуковіча, у якой гатоўнасці прадпрыемства цяпер?
– Вынікі будзем падводзіць у пачатку ліпеня, тады абнародуем чарговы «працэнт». Што бясспрэчна – ужо выйшлі на фінішную прамую, – сцвярджае Пётр Мікалаевіч. І пералічвае апошнія змяненні. Той знакаміты рэверсны стан, з якога пачнецца афіцыйны пуск прадпрыемства, цяпер акружаны нямецкімі вузкапрофільнымі спецыялістамі і нашымі аператарамі з камп’ютарамі: ідзе праграмаванне і наладка аўтаматыкі кіравання з аднаго боку, а з другога – авалоданне майстэрствам гэтага кіравання. Міярчане ў Германіі вывучалі будучыя абавязкі і тэхніку, на якой давядзецца працаваць. Цяпер час падапечным галоўнага электрыка «садзіцца за руль».


Прыбылі першых 6 з 12 вагонаў з гарачакатаным ліставым металам – сыравінай для нашых металапракатчыкаў. Першая партыя складзе 1328 тон.
Служба галоўнага энергетыка падводзіць на вытворчасць ваду, якая для розных мэт праходзіць не аднолькавую падрыхтоўку. Гарачая пара для разагрэву эмульсіі ўжо паступіла.
Падначаленыя галоўнага механіка ўстанавілі на адпаведныя падшыпнікі камплекты пракатных валоў (нагадаю, што самыя вялікія важаць 25 тон!), наперадзе іх шліфоўка.


  Асноўны лістапракатны цэх ужо выглядае не так велічна і маштабна, зманціраваныя перагародкі падзяляюць яго на сектары згодна з функцыянальным прызначэннем.
У пачатку ліпеня з Германіі прыбудзе вадародная станцыя. Пасля запуску яе прыпыняць ужо нельга…
– Першы таварны метал для спажыўцоў пачнем вырабляць ў ліпені, -- упэўнены Пётр Мікалаевіч. – Пакуль гэта будзе халоднакатаны пругкі металічны ліст.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Леанід МАТЭЛЕНАК. 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.