19 мая - Международный день памяти людей, умерших от СПИДа

 Міжнароды дзень памяці людзей, памерлых ад СНІДу, звыш 40 гадоў суправаджае Сусветную кампанію супраць ВІЧ-інфекцыі. Сёлета ён пройдзе 19 мая пад лозунгам «Каханне і салідарнасць у імя ацалення і памяці!»

Дата была заснавана ў 1983 годзе ў Сан-Францыска. Сёння яна гучыць заклікам да грамадства і асобных людзей: звярнуць увагу на праблемы, звязаныя з ВІЧ-інфекцыяй, і зрабіць унёсак у дасягненне глабальнай мэты – каб паслугі па яе прафілактыцы і лячэнні, доглядзе і падтрымцы былі даступныя ўсім, хто мае ў іх патрэбу. Дзень памяці мае доўгую гісторыю, напоўненую перажываннямі, стратамі і надзеяй на тое, што чалавецтва абавязкова пераможа гэтую хваробу.

Шмат гадоў таму дыягназ «ВІЧ-інфекцыя» гучаў як прысуд. Новае захворванне навучыліся хутка дыягнаставаць, але эфектыўнага лячэння не было доўга. Сёння, дзякуючы дасягненням сучаснай медыцыны, людзі з ВІЧ-станоўчым статусам маюць магчымасць захаваць якасць жыцця на доўгія гады.

На планеце жыве каля 40 мільёнаў чалавек з ВІЧ-станоўчым статусам, з пачатку эпідэміі прыкладна столькі ж памерла ад хваробы. У Беларусі больш за 25 тысяч чалавек з такім дыягназам. Найбольшая колькасць новых выпадкаў рэгіструецца сярод мужчын і жанчын ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў, сярод шляхоў перадачы пераважае палавы.

На 1 красавіка ў Віцебскай вобласці зарэгістравана 1 983 выпадкі ВІЧ-інфекцыі, памерлі 518 чалавек. На Міёршчыне такіх фактаў было 15, жыве з ВІЧ дзесяць чалавек.

За апошняе пяцігоддзе дасягнуты значныя поспехі ў выяўленні пацыентаў з ВІЧ-інфекцыяй і эфектыўнасці іх лячэння. Тэрапію ў нашай краіне ім прадастаўляюць бясплатна.

Чырвоная стужка, якую прыколваюць да адзення ў гэты дзень мільёны людзей нашай планеты, нагадвае пра тое, што ВІЧ-інфекцыя не мае межаў, а сумесныя намаганні і адэкватныя дзеянні дапамогуць пераадолець неабгрунтаваныя забабоны і далей атрымліваць прагрэс.

Сёння прафілактыка інфекцыі носіць комплексны характар і скіравана на змяненне рызыкоўных паводзін на бяспечныя, а таксама фарміраванне адказных адносін да свайго здароўя і схільнасці да здаровага ладу жыцця.

Даведацца свой ВІЧ-статус можна, самастойна зрабіўшы экспрэс-тэст па сліне, які прадаецца ў аптэцы. Гэта толькі папярэдні этап, які не можа паставіць дыягназ. Пасля варта прайсці пацвярджальнае тэсціраванне па крыві ў медыцынскіх установах.

Алена ТАНКАВІД, урач-эпідэміёлаг (загадчык аддзела)
санітарна-эпідэміялагічнага аддзела РЦГЭ.

 

0 комментариев

Добавить комментарий