"Красоту мира сердцем чувствуя" — новая выставка в миорском музее
gazeta 4-05-2018, 14:15 1 415 Культура
“Прыгажосць свету сэрцам адчуваючы”. Пад такой назвай у раённым гісторыка-этнаграфічным музеі дзейнічае выстава міёрскай мастачкі Тамары Масленік.
У трэці раз Тамара Масленік дзеліцца з аматарамі мастацтва сваімі перажываннямі і настроем, перададзенымі ў выявах і фарбах. Разам з новымі работамі мастачкі прадстаўлены ілюстрацыі яе старэйшай дачкі Лады.
НА КАРЦІНАХ лёгка пазнаюцца Міёры. Вуліца Камуністычная ў кроплях дажджу і святле аўтамабільных фар, усыпаны восеньскай пазалотай паўвостраў, заснежаная набярэжная. Ёсць браслаўскія краявіды. Асобныя пейзажы не маюць геаграфічных каардынат. Яны народжаны пачуццямі, эмоцыямі, думкамі аўтара. Прабіваецца праз густую зялёную лістоту сонечнае святло, ляціць да цёплых промняў птушка.
— Розныя пачуцці напаўняюць душу, калі пачынаю пісаць. У пачатку ніколі не ведаю, што атрымаецца. Калі справа завершана, адчуваю прыемнае спусташэнне, — расказвае мастачка. — У кожную работу ўкладваю часцінку душы. Таму рэдка застаюся незадаволена вынікам. Прыслухоўваюся да іншых меркаванняў. Прыемна, калі мая творчасць дорыць людзям асалоду.
У ІЛЮСТРАЦЫЯХ спрабуе сябе Лада. Так называе свае работы. Яны меншыя па аб’ёме, але не менш цікавыя па змесце. Абдымкі, зоркі, анёлкі.
— Мне цікава перадаваць не дакладныя вобразы, а пачуцці. Каханне, пяшчоту, спакой, — расказвае дзяўчына. — Малюю з дзяцінства. На творчасць мама натхніла. Затым у школе мастацтваў займалася.
Лада — студэнтка-трэцякурсніца ўніверсітэта культуры. Атрымлівае спецыяльнасць культуролага-менеджара. Творчасцю займаецца для сябе.
РАБОТЫ Тамары і Лады Масленік нясуць цеплыню і святло, вабяць шчырасцю і зразумеласцю. Бачыш лясную сцяжынку і здаецца, што ўжо ідзеш па ёй, удыхаючы прыемны водар. Любуешся на занатаваны фарбамі летні вечар, і становіцца цяплей. Паглядзіце і самі зразумееце.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.




