Директор Миорской ДШИ Болеслав ЧЕРНЯВСКИЙ отметил юбилей
gazeta 4-04-2017, 16:49 0 Юбілей
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва юбіляра
30 сакавіка дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Баляслаў ЧАРНЯЎСКІ адзначыў юбілей. Наогул, 2017-ы для яго насычаны круглымі датамі: рубінавае вяселле ў сям'і (40 год), 25 — створанаму ім выяўленчаму аддзяленню, 50 — школе мастацтваў. Саламяныя працы Чарняўскіх ведаюць у Беларусі і далёка за яе межамі. Мастак ад Бога, а таленты перадаваліся па спадчыне: дзядуля па мамінай лініі разьбяр, жывапісец, у бацькавай радні мужчыны былі выдатнымі кавалямі. Маглі не толькі каня падкаваць, але і ўпрыгожанне зрабіць.
Ад блакіту Важы
Непадалёк ад Волкаўшчыны калісьці размяшчалася вёска Харлапаўшчына, а побач — блакітнавокае возера Важа. Тут жылі бацькі Баляслава, прайшло яго дзяцінства. Памятае першую паездку на ровары і з гары. Не, ён не зляцеў у кювет. Менавіта тады адчуў самастойнасць, свабоду перамяшчэння. У школе на аўтасправе атрымаў пасведчанне шафёра. Навыкі тыя спатрэбіліся, нават у нестандартных сітуацыях.
Калі бацькі пачалі будаваць дом у Міёрах, першыя школьныя гады жыў у цёці Марыі Гарноўскай у райцэнтры. Яна рабіла маляванкі, ткала і шыла, вязала. Яшчэ ў дашкольным узросце Баляславу давярала грунтаваць узоры для маляванак. Малому гэта вельмі падабалася.
Дзядуля Міхаіл пісаў карціны маслам. У адным з касцёлаў Браслаўскага раёна захаваўся абраз святога Антонія. Займаўся і разьбой па дрэве. Па лініі таты ўсе былі кавалямі. У Харлапаўшчыне мелі кузню, дзе выраблялі розныя рэчы. Малым Баляслаў бегаў туды і назіраў за працай. Цікавіўся працэсам зазублення сярпа. І дзіву даваўся, як можна падкаваць такую моцную жывёлу, як конь. Аказалася, галоўнае — правільна загнуць яго нагу ў суставе і прывязаць папругай.
Першыя рукавічкі звязаў у 5 год. Наступныя ўжо з узорам-кветкай. Азбука творчасці давалася лёгка і без прымусу. Натурай малы Баляслаў вылучаўся цікаўнай. Не давала супакою пытанне: "Як можна запісаць гукі?" Так думаў, калі слухаў татаву ігру на гармоніку. Пра ноты тады яшчэ не ведаў…
Ленін і новыя тэмы
У першы клас Баляслаў пайшоў у СШ №1. На ўроку выяўленчага мастацтва нешта натхніла яго намаляваць Леніна. Аднакласнікі сказалі, што адзін у адзін атрымаўся. Хацелася, каб ацаніла і настаўніца, але яна змаўчала. Аказваецца, маляваць партрэт Леніна ў тыя гады мелі права толькі члены саюза мастакоў. І то з асаблівым дазволам.
У школе ўважліва слухаў настаўнікаў, добра запамінаў новыя тэмы, стараўся вырашаць асабліва складаныя задачы без дапамогі. Калі перайшоў у СШ №2, завуч Аляксандр Капітанаў часта далучаў стараннага вучня да масавых мерапрыемстваў. Удзельнічаў у конкурсах і спаборніцтвах, выпускаў насценгазету і фатаграфаваў. Любоў да фота перадалася ад маці.
Наогул, прываблівалі розныя заняткі: вучыўся ў музычнай школе па класе баяна, наведваў фота- і драматычны гурткі, заняткі па мадэляванні, у старэйшых класах захапіўся аўтасправай. На міёрскім возеры зімой збіраліся з хлопцамі і чысцілі пляцоўку для гульні ў хакей.
Аўтасправа спатрэбілася
Бацька Баляслава працаваў на аўтабазе. У старэйшых класах сын даваў яму водпуск. Мог нават аднавіць радыятар. Зараз такі б не рамантавалі. А тады былі цяжкасці з запчасткамі і даводзілася выкручвацца.
Недасягнутай і цікавай сферай падавалася Баляславу радыётэхніка. Вырашыў паступіць на адпаведную спецыяльнасць. Не прайшоў па конкурсе. Уладкаваўся вадзіцелем на ГАЗ-51 у аўтапарк. Дастаўляў пошту, газетную паперу для міёрскай друкарні, развозіў хлеб.
— Два гады за рулём — добрая школа жыцця і неацэнны вопыт, — гаворыць субяседнік.
Крылаты выраз таты "Ну як гэта нельга зрабіць?!" дапамагаў сыну заўсёды. І тады, калі бацькі не стала. Лянота лічылася ганебным у сям'і.
Вяртанне да прыгожага
Школьны завуч Аляксандр Капітанаў пры чарговай сустрэчы ўгаварыў здольнага юнака паступіць у Віцебскі педінстытут. У час вучобы Баляслаў захапіўся разьбой па дрэве, дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Дыпломная работа "Мастацка-канструктарскае рашэнне электра-механічнага лобзікавага станка" пачыналася з дызайну, працягнулася вырабам станка, які працуе на факультэце і сёння. Для вынаходніцтва і рэалізацыі дыпломнай працы спатрэбілася навука Мікалая Парфір'евіча Раганава, які ў школе №2 вёў тэхнічную працу і тэорыю аўтасправы. У рацыяналізатарскім рашэнні спалучаны механізмы швейнай машынкі, а асноўны — ад матацыкла ІЖ-49.
Творчасць — справа сямейная
Часлаў і Ганна Чарняўскія выхавалі траіх дзяцей. Іван стаў вадзіцелем і працуе ў Маскве. Баляслаў і Тэрэза абралі творчыя прафесіі.
Са сваёй абранніцай Галінай Баляслаў знаёмы са школьных гадоў. Гэта каханне з першага позірку. Стварылі сям'ю ў Віцебску, калі ён яшчэ вучыўся ў інстытуце, а Галіна атрымала спецыяльнасць фельчара ў Гродне. Праз некаторы час з'явіўся першынец Міхаіл.
Вярнуліся на радзіму. Спачатку галава сям’і працаваў настаўнікам у СШ №3, пасля метадыстам у аддзеле адукацыі. Аднак натура прагла творчасці, таму цёплы кабінет змяніў на мастацкую майстэрню пры РДК. З аднадумцамі стварылі клуб народных майстроў "Святліца". Будавалася новая дзіцячая школа мастацтваў, яе кіраўніку Зінаідзе Пучкоўскай прапанаваў адкрыць мастацкае аддзяленне. Туды запрасілі выкладчыкам. Пачынаў з пустога кабінета. Прыхапіўшы свае вырабы, настаўнік пайшоў збіраць вучняў. Два дзясяткі прыйшлі адразу.
Неяк на курсах у Мінску зацікавіла саломапляценне. Новым відам творчасці захапіўся ўсур'ёз і надоўга, далучыў да яго жонку і сыноў Міхаіла і Сашу. Сям'ёй па вечарах плялі кветкі, кошыкі, затым пачаўся "шапачкавы перыяд". Неўзабаве ў калекцыі з'явіліся складаныя вырабы, якія прыцягнулі да сябе шырокую ўвагу.
У 1998 годзе Чарняўскіх запрасілі на рэспубліканскі фестываль творчых сем'яў у Слонім. Да паездкі рыхтаваліся грунтоўна. З 18-ці вечара і да апоўначы цэлы месяц плялі коніка-гарбунка памерам з поні. Эксклюзіўная рэч адразу зацікавіла пакупнікоў. Не прадалі нават за вялікія грошы. З таго часу, як стаў праводзіцца "Славянскі базар" у Віцебску, туды запрашаюць і Чарняўскіх. На першым Баляслаў Часлававіч прадставіў разьбу па дрэве і саламяныя вырабы, паехаў з сынам Сашам і вучнямі Андрэем Шабуцкім і Дзімам Свяцкім. Усе яны атрымалі мастацкую адукацыю.
Менавіта на "Славянскім базары" вырабы з саломкі набылі міжнародную вядомасць. Вялікі саламяны зубр спадабаўся старшыні фестывальнага камітэта пры ААН у Нью-Ёрку. З яго транспарціроўкай узніклі праблемы і "білет" зубру каштаваў даражэй, чым ён сам, але жывёла ўсё ж скарыла Амерыку. А канёк-гарбунок набыты ў падарунак Прэзідэнту Беларусі. Многія сувеніры сталі ўласнасцю знакамітых людзей. Са сваімі творчымі работамі майстрам расставацца не шкада. Наадварот, ад усведамлення, што камусьці зрабілі добрую справу, натхнення яшчэ больш.
Пад апекай Божай
Сям'я Чарняўскіх веруючая, наведвае касцёл.
—У часы майго дзяцінства з Харлапаўшчыны на святы ездзілі ў Міёрскі касцёл, хаця адносіліся да парафіі ў Барадзянічах. І ў часы забароны бацькі ад Бога не адвярнуліся. Бабуля вучыла мяне пацерам на польскай мове, маліліся дома. Калі пераехалі ў Міёры і бабуля была ўжо старэнькая, на лодцы па возеры прывозілі ксяндза Грабоўскага, каб паспавядаў. Пры душпастырстве Уладаса Пятрайціса часта выпраўляўся ў пілігрымку. Начавалі ў намётах, на вогнішчы страву гатавалі,—расказвае Баляслаў Часлававіч.
Дарэчы, крыж і харугвіі, з якімі пілігрымы ідуць да Маці Божай Будслаўскай і да Росіцкіх пакутнікаў — справа рук Баляслава Чарняўскага. За розныя жыццёвыя сітуацыі міярчанін удзячны Богу. Сведчыць, што некаторыя ідэі Бог рэалізуе менавіта праз яго.
Працяг роду ў маладым пакаленні
Сын Аляксандр скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржуніверсітэта. Адкрыў сваю справу ў Міёрах—займаецца помнікамі і скульптурай. Прагне развівацца далей. Некаторыя работы ўстаноўлены на могілках у Новым Пагосце, ля Слабодкаўскага касцёла Браслаўскага раёна, у Міёрскай святыні, некалькі дапрацоўваюцца.
Аляксандр з бацькам—аўтары мемарыяльных дошак па ўвекавечанні памяці знакамітых землякоў Яна Гушчы і Генрыха Дмахоўскага.
Жонка Аляксандра закончыла таксама мастацка-графічны факультэт ВДУ. Выкладае ў школе мастацтваў жывапіс і малюнак, стварае вырабы сваімі рукамі з розных матэрыялаў. Захоплена ілюстраваннем кніг, гістарычнай рэканструкцыяй касцюмаў і быту ранняга сярэднявечча.
Радуюць дзядулю і бабулю ўнукі Рома, Аня, Марыя, Варвара. Можна не сумнявацца: майстэрства Чарняўскіх не забудзецца, не прападзе марна. Дзеці і ўнукі памножаць скарбонку сямейнай творчасці.
Слова пра дырэктара
Ірына Кубарка, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
—Ведаю юбіляра з 1992 года, калі ён прыйшоў працаваць у школу мастацтваў настаўнікам. Больш супрацоўнічаць сталі, калі заняў пасаду дырэктара з 2006 года. Добры і спагадлівы. Умее знайсці падыход да кожнага і ў любой сітуацыі, тактоўны, стрыманы. Спадзяюся, мы яшчэ доўга будзем працаваць з ім у адной звязцы.
Ігар Лавец, настаўнік па класе баяна і акардэона школы мастацтваў:
—Наш дырэктар найдабрэйшай душы чалавек. Вядомы выраз "Сапраўдны кіраўнік той, хто не перашкаджае сваім паданачаленым працаваць"—гэта пра яго. Кожны адказны за сваю сферу і з гэтым спраўляецца. Баляслаў Часлававіч спакойны, ураўнаважаны. Ён сам прайшоў праз настаўніцтва, гэтую кухню разумее добра. Ведае, як правільна арганізаваць працу. Творчы кіраўнік творча падыходзіць да людзей і справы.
Валянціна Якаўлева, сакратар вучэбнай часткі школы мастацтваў:
—З нагоды юбілею дырэктару хачу пажадаць перш за ўсё здароўя, творчых поспехаў. Па натуры Баляслаў Часлававіч памяркоўны, ураўнаважаны кіраўнік, на ўсё рэагуе спакойна—гэта рэдкія якасці і дарагога каштуюць.
Наталля Даргель, загадчыца выяўленчага аддзялення:
—Як клапатлівы тата ён адносіцца да выхаванцаў, часам пытаецца "Што вы елі? Ці не галодныя прыйшлі на заняткі?" У майстэрні можа пагаварыць з вучнямі па душах у час практычных заняткаў, даць слушную і карысную параду. Знаходзіць ключык да кожнага. З курсаў заўсёды дзеліцца навінкамі, падтрымлівае ідэі і дапамагае развіваць новыя віды мастацтва. Клапоціцца і пра душэўную атмасферу, і пра эстэтычны выгляд школы. Моцнага яму здароўя, каб як мага даўжэй быў нашым кіраўніком, нашым анёлам-ахоўнікам!
Алена Батарчук, кіраўнік клуба народных майстроў "Святліца":
—Дзякуючы Баляславу Часлававічу я стала кіраўніком клуба. Калі заканчвала вучобу, падаваў запыт на маё размеркаванне ў Міёры. Ён стаяў ля вытокаў заснавання клуба "Святліца", а таму клапоціцца пра яго. Увогуле сям'я Чарняўскіх—актыўныя ўдзельнікі аб’яднання. Баляслаў Часлававіч уваходзіць у Саюз мастакоў Беларусі, і нягледзячы на статусы і заслугі ён адкрыты, добразычлівы, заўсёды прыйдзе на дапамогу. Ад яго вее супакоем. Дае парады ў сітуацыях, здавалася б, безвыходных. Ужо актыўна рыхтуецца да чарговага "Славянскага базару" ў Віцебску. Жадаю яму захаваць усе здольнасці,якімі валодае!
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.


