Авторизация
 

Уладзіміра Масла з Орцаў сустрэў 90-гадовы юбілей

Владимира Масло из Орцев встретил 90-летний юбилейКажуць: жыццё пражыць, не поле перайсці. Вось і ў лёсе Уладзіміра Юзэфавіча Масла з Орцаў былі свае "разынкі" і "зарубінкі", пра якія ўзгадвае то з радасцю, то са слязамі. Пра гэта расказаў старэйшы сын Эдуард, які завітаў у рэдакцыю напярэдадні важнай даты — 10 мая. У гэты дзень яго бацька сустрэў 90-гадовы юбілей. Тым часам і даведаліся, што Уладзімір Юзэфавіч падпісчык "Міёрскіх навін" з больш чым 50-гадовым стажам, "эстафету" перадаў блізкім: каля 30 гадоў выпісвае раёнку Эдуард, у ліку прыхільнікаў "Міёрскіх навін" і ўнук Андрэй. 

 

— Раённая газета для таты — своеасаблівае акно ў свет жыцця раёна. Чытае яе ад "коркі да коркі", цікавіцца падзеямі, замалёўкамі пра людзей, статыстыкай, сельскагаспадарчымі зводкамі… Не мінае ніводнага радка. Некаторыя напачатку цікавяцца апошняй старонкай, дзе віншаванні, нікралогі, рэклама. Тата ніколі і нічога не рабіў задам наперад і гэтаму настойліва вучыў нас, — расказвае пра бацьку сын. 

 

Ад яго даведаліся, што яшчэ 12-гадовым Уладзімір Масла паспяхова спраўляўся з рознымі сельгасработамі. Бацька меў 8 гектараў зямлі ды "шнур" лесу, а таму ўсім членам сям'і даводзілася шмат працаваць. З траіх дзяцей быў самым малодшым. Хоць завіхаліся па гаспадарцы шмат, надавалі ўвагу і адукацыі. Уладзімір напачатку вучыўся ў польскай школе, што месцілася паміж Басянымі і Орцамі, а затым — у Александроўскай сямігодцы, якую не закончыў, бо пачалася вайна. Слыў старанным вучнем, выдатнікам. І цяпер памятае як перажываў, калі аднойчы настаўніца паставіла ў сшытак "чацвёрку" па рускай мове за адзіную недарэчную памылку. З такой скурпулёзнасцю адносіўся і да іншых спраў.


У пасляваенны час Уладзіміру прапанавалі вучыцца ў Расіі ў рамесніцкім вучылішчы, але працаўладкаваўся бліжэй да дому — у міёрскую абутковую майстэрню. Калі ўсе Орцаўскія землі сталі калгаснымі, сям'я Маслаў уступіла ў калектыўную гаспадарку. Аддалі карову, каня, шматлікія сельгаспрылады і павозкі. Вопыту гаспадарання тады ў калгасах не мелі, таму надоі і ўраджаі былі мізэрнымі. За работу разлічваліся натуральнай платай. Але людзі працавалі і ў такіх умовах. У тым ліку і Уладзімір Масла. Калі пачалося масавае ўзвядзенне важных сельгасаб'ектаў, у складзе брыгады будаваў кароўнік у Александрове, свінарнік у Папках, павець для сена ў Орцах. Працаваў і ў жывёлагадоўлі — даглядаў цялушак. Кармы дастаўлялі на ферму на конях, пагрузка і раздача — ручная. Воданапорных вежаў не мелася, ваду для статка транспарціравалі з возера ў бочках. Абмалочваў і збажыну, пра камбайны тады яшчэ толькі марылі. Выкарыстоўвалася прымітыўная перасоўная тэхніка, дзе падача снапоў на малацільны механізм і адграбанне саломы выконвалася ўручную.


Владимира Масло из Орцев встретил 90-летний юбилейУ 1952 годзе Уладзімір Юзэфавіч ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Вікторыяй Кажан, якая паходзіла са шматдзетнай сям'і. І маладыя часу дарэмна не гублялі—нарадзілі чатырох дзетак. У пачатку 1960 года Уладзімір Юзэфавіч узяўся ўзводзіць новы дом. Бярвенні нарыхтоўвалі ажно за Слабодкай на Браслаўшчыне. Калі да наваселля было "рукой падаць", неспадзявана прыйшла бяда: гарачым летам успыхнуў пажар і агонь у імгненне знішчыў і стары дом з маёмасцю, які ўзвялі ўласнымі сіламі пасля вяселля, і новы з будаўнічымі матэрыяламі. У той дзень Уладзімір з будаўнічай брыгадай у Старых Круках узводзіў мост праз раку. Вярнуўшыся дадому, быў шакіраваны ўбачаным: вакол папялішча бегалі яго чацвёра дзетак і шукалі ўцалелае. Старэйшаму Эдуарду тады было дзевяць гадоў, малому Стасіку—два. Засталася карова, якая пасвілася на полі, парасяці, веласіпед.


Аднак сям'я ўсё ж праз час пабудавала ўласнае жыллё. Многае ў доме зрабіў гаспадар сваімі рукамі. Цяжкая праца і жыццёвыя стрэсы паўплывалі на здароўе. Атрымаў трэцюю групу інваліднасці, а затым—другую. Урачы забаранілі цяжка працаваць. Выконваў абавязкі памочніка брыгадзіра, улікоўшчыка, прыёмшчыка збожжа. Шыў вупраж для коней, якая па якасці атрымлівалася лепшай за завадскую—нездарма ж два гады працаваў абутніком. Вязаў ладныя венікі і мётлы. Нават цяпер зрэдку гэтым займаецца.


Каб даць дзецям прафесійную адукацыю, гадавалі карову, каня, свіней-адкормнікаў і свінаматак, курэй. Прадавалі на базары парасят, здавалі гадавалых бычкоў на мясакамбінат ці ў райнарыхтпрам. Харчы і невялікія грошы былі добрым дадаткам да студэнцкіх стыпендый. Бацькам дапамагалі дзеці. Разам на сенакосах і агародах, на калгасных "дзялках" буракоў шчыравалі.


У паўсядзённым жыцці яскрава заўважалася інтэлігентная натура галавы сямейства. Заўсёды ветліва ўсміхаўся сустрэчным, схіляў галаву ў знак павагі. Гаваркі і кампанейскі, але за застоллямі ніколі не выпіваў "лішняга". Не брыдкасловіў. Дзеці вучыліся ў бацькі акуратнасці, якая праяўлялася ва ўсім. Кожная рэч у доме мела сваё месца. Калі хтосьці з дзяцей парушаў гэтую ўмову, урокі замацоўваліся на практыцы. Аднойчы сын Чэсік заскочыў ў дом і абыяк кінуў чаравікі перад уваходнымі дзвярыма. Бацька прымусіў малога разоў пятнаццаць разувацца і ставіць абутак на месца.
—Каб на самым брудным участку вясковай дарогі не запэцкаць чыстыя чаравікі, у міжсезонне "ускокваў" я на тоўстыя папярэчныя жэрдкі плота і такім чынам перамяшчаўся ўздоўж вуліцы, хаця іншыя дзеці чвякалі па лужынах і не хваляваліся за свой абутак,—узгадвае Эдуард. Ад яго патрабавалася больш за ўсіх, бо бацька лічыў важным найперш правільна выхаваць старэйшага сына, на якога будуць раўняцца малодшыя.
Амаль кожную нядзелю гаспадар скіроўваўся на веласіпедзе ў касцёл, бо вельмі набожны. У доме нярэдка гучалі сумесныя малітвы. Дарэчы, менавіта па ініцыятыве Уладзіміра Масла ў Орцах на могілках пабудавалі капліцу. Ён збіраў сродкі і арганізоўваў работы, узгадняў шматлікія пытанні з пробашчам Міёрскай парафіі. Хапала турбот, але са слоў Уладзіміра Юзэфавіча, пры агульным старанні вяскоўцаў такі "крыж несці было лёгка".


Шэсцьдзясят гадоў пражыў
Уладзімір Юзэфавіч з Вікторыяй Станіславаўнай, якая ў 2012 годзе адышла ў вечнасць. Разам выхавалі чацвёра дзяцей, за іх не сорамна. Старэйшы Эдуард жыве ў Пад'ельцах. Атрымаў вышэйшую інжынерную адукацыю. Працаваў у інжынерных службах калгасаў "Гігант" (цяпер СУП "Павяцце") і "Баявы партызан" (ААТ "Чэрасы"), ужо 30 гадоў праводзіць заняткі ў Цэнтры па падрыхтоўцы кадраў для сельгасвытворчасці. Выхаваў дваіх дзяцей—Андрэя і Алену, якія жывуць і працуюць у Міёрах. Яны таксама прайшлі школу выхавання дзядулі. Орцы для іх—мілы сэрцу куток, дзе цяпер гаспадараць. А дзядуля жыве ў Лепелі ў дачкі Аліны. Яна спецыяліст грамадскага харчавання, шмат гадоў узначальвала калектыў сталовай на малочным камбінаце. Пасля выхаду на пенсію засталася працаваць на гэтым жа прадпрыемстве.
Сын Часлаў таксама мае вышэйшую адукацыю і працуе на даламітавым заводзе ў г.п. Руба. Самы малодшы—Станіслаў—менеджэр у "Беларусбанку" ў Брэсце.


Цешаць сэрца дзядулі і шэсць дарослых унукаў, пяць праўнукаў, з якіх старэйшая прадстаўніца чацвёртага пакалення Маслаў ужо студэнтка ўніверсітэта. Ёсць спадзяванне, што шаноўны юбіляр дачакаецца прапраўнукаў, ва ўсякім разе аптымізму і жыццёвага запалу ў яго хапае. Пры ўважлівых адносінах родных чаму б і стогадовы рубеж не адолець?! 

 

На здымках: Уладзімір Масла. Падчас "залатога вяселля".

Фотаздымкі з сямейнага архіва Эдуарда Масла.

 

 

скачать dle 11.3
рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Вконтакте
  • Facebook
  • OK
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 75 482
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 32 331
  • 1

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 12 107
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 10 889
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 10 874
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 9 889
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 3 783
  • 2
Курс валют в Беларусь
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 августа 2017
Алексей, Антон, Григорий, Дмитрий, Иван, Леонтий, Макар, Матвей, Петр, Самуил, Юлиан, Ирина, Маргарита, Мария, Яков

Именины 21 августа 2017
Герман, Григорий, Емельян, Иосиф, Леонид, Мирон, Моисей, Николай, Федор

Госці краін
free counters
Партнеры сайта