Приемная семья - не подвиг, а бесконечная любовь и работа

 З дзяцінства і да апошніх дзён мы нясём у душы адзіны і непаўторны вобраз самага роднага чалавека. Маці ўсё зразумее, даруе, заўсёды пашкадуе і будзе аддана любіць нягледзячы ні на што. Мама – гэта цэлы Сусвет. На жаль, не ўсе дзеці маюць магчымасць жыць у сваіх родных сем’ях. Ці можа хтосьці замяніць маму?

 

Неаднаразова на старонках нашай раённай газеты з'яўляліся нататкі пра жанчын, якія выхоўваюць сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, сталі прыёмнымі мамамі. Гэтыя жанчыны асаблівыя. У свае сем'і з правіламі, традыцыямі, сеткай узаемаадносін яны прымаюць складаных дзяцей, пакінутых роднымі, траўміраваных падзеямі жыцця, зраненых здрадай і наступствамі кепскага догляду.

 
Раіса Кулянок з вёскі Восцевічы – яскравы прыклад чалавека, які не змог абыякава ставіцца да лёсу дзяцей-сірот. За свой вялікі стаж у якасці прыёмнай сям’і – з 2011 года – сям’я Раісы Пятроўны і Сяргея Аляксандравіча выпусціла ў самастойнае жыццё брата і сястру Клімоўскіх, узяла на выхаванне сямігадовую Жэню і дзесяцігадовага Рамана. Двое родных сыноў таксама ўжо дарослыя.

 
Ці ўсё ідэальна ў гэтай сям'і? Вядома, не. Як і ва ўсіх: свае перамогі, праблемы. Але іх аб'ядноўвае адна важная ўласцівасць: яны не шукаюць вінаватых. Сустрэўшыся з праблемай, аб'ядноўваюць усе свае сілы і вырашаюць яе разам. Не дзеляць дзяцей на сваіх і чужых. А як інакш: уклаўшы частку душы, адмовіцца ад іх ужо не зможаш. Яны ж называюць мама і тата, давяраюць свае перажыванні, дзеляцца самым патаемным.

 
Раіса Пятроўна ўласным прыкладам даказала, што прыёмнае бацькоўства – не подзвіг, а бясконцая любоў і праца.
– Усе дзеці трапляюць да нас са сваім «багажом» – уяўленнямі пра жыццё. Ім даводзіцца падладжвацца пад нас, а нам пад іх, каб выправіць сітуацыю, – тлума- чыць Раіса Пятроўна. – Гэты «багаж» трэба выгрузіць і напоўніць чымсьці карысным. Усе дзеці розныя. Але мы стараемся знайсці падыход да кожнага. Іх трэба вучыць любові, дабрыні, самастойнасці, працавітасці, адказнасці, спагадлівасці. Пастаянна даводзіцца прамаўляць, што мы – адна сям'я і павінны дапамагаць адзін аднаму. У пераходным узросце ў дзяцей звычайна шмат пытанняў, звязаных з выбарам прафесіі. Дапамагаем вызначыцца ў жыцці і паступова ўваходзім у давер. Калі дзіця адчувае, што ты хочаш яму толькі дабра, яно само да цябе цягнецца.

 
Выхаванцы Марыя і Мікалай вучацца ў іншых гарадах, але не забываюць пра сваю сям’ю. На ўсе выхадныя, канікулы прыязджаюць да прыёмных бацькоў. Прыемна чуць словы падзякі не толькі ад іх, але і ад выкладчыкаў Марыі. Яны неаднаразова адзначалі, што дзяўчына вельмі самастойная, умее арганізаваць свой быт. Ёсць чаму павучыцца аднакурснікам. Да таго ж брат і сястра заўсёды прыходзяць на дапамогу сваім таварышам. Усяму неабходнаму ў жыцці іх навучыла прыёмная мама. Добразычлівая, спагадлівая, працавітая – на ёй трымаецца многае ў сям’і, яе любяць і паважаюць. Раіса Пятроўна не толькі адчыніла для дзяцей цэлы свет, але і сама стала Сусветам.

 
Хочацца пажадаць усім матулям радасці, здароўя і шчасця. Хай гучаць у вашым жыцці толькі цёплыя словы, хай шэрасць не закранае вашы будні і кожны дзень будзе выдатным. Няхай дзеці радуюць вас візітамі, часцей тэлефануюць і клапоцяцца пра вас. Жадаем мора ўсмешак, натхнення і цярпення, бо без яго нялёгка несці ганаровае званне «Мама». Беражыце сябе і будзьце шчаслівыя!

 
Анжаліка БАНЬКОЎСКАЯ, загадчык аддзела Міёрскага раённага СПЦ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.