Малые деревни Миорщины

 Ад вёсачкі Ясіноўшчына ў Перабродскім сельсавеце цяпер засталіся толькі дзве хаты, у якіх гаспадараць Уладзімір АЛЯХНОВІЧ і яго маці Ніна Іванаўна. Да іх часта наведваюцца дзеці, унукі і праўнукі. А калісь тут віравала жыццё, ды потым нямала тутэйшых жыхароў раз’ехалася па наваколлі, нават за мяжу. Але яны не забываюць родныя мясціны і тое, што між сабой называлі свой населены пункт Падкрыжныя.

Сёлета былыя падкрыжнаўцы вырашылі ўспомніць былое, пагаварыць пра землякоў. Сабраліся ў хаце Аліны Кулеш у суседнім Забалоцці. Аліна Міхайлаўна таксама з Ясіноўшчыны-Падкрыжных, паходзіць з сям’і Шалыгаў. Гасцінная гаспадыня і яе дзеці з Віцебска ветліва сустракалі гасцей. Сярод іх быў 86-гадовы Станіслаў Іосіфавіч Шалыга з Варшавы, які хацеў наведаць малую радзіму ў мястэчку Курмялева. Ён скончыў школу ў Дзедзіне, вучыўся ў Друі, працаваў бухгалтарам-рахункаводам у Карэніках. У 1957-м выехаў у Польшчу, дзе стаў работнікам фінансавых органаў. Напісаў некалькі аўтабіяграфічных кніг на польскай мове.


З Даўгаўпілса завіталі Ала Самуль, Марына і Пётр Лаўрыновічы. Марына Віктараўна кіруе фірмай па шыцці адзення, а Пётр Віктаравіч заняты ў фірме «Карэ+». Генадзь Заблоцкі выкладае ў вучылішчы будаўнікоў Даўгаўпілса.


Раман Самуль і яго брат Іван жывуць у Браславе, Міхаіл Самуль – у Шаркаўшчыне, а яго брат Часлаў застаўся верны родным мясцінам.
Чакалі на сустрэчу Уладзіміра, Галіну і Касю з сям’і Самулёў, Стэфана, якіх лёс раскідаў па розных краінах.


Госці наведалі родныя сэрцу мясціны, а вечарам сабраліся ў Забалоццеўскай бібліятэцы-клубе. Азнаёміліся з экспанатамі краязнаўчага кутка, наведалі панскія скляпенні, паўдзельнічалі ў танцавальнай праграме. Дарэчы, Станіслаў Іосіфавіч, нягледзячы на паважаны ўзрост, актыўны танцор, запрашаў партнёрш на казачок.


Былыя землякі пабачыліся на радзіме, успомнілі дзяцінства і маладосць. Такія сустрэчы запамінаюцца надоўга.

Фота з інтэрнэта.
Людміла БЕЛАЯ,
загадчык Забалоццеўскай

бібліятэкі-клуба.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.