В прошлую пятницу на заседании Миорского райисполкома

В прошлую пятницу на заседании Миорского райисполкомаУ мінулую пятніцу на пасяджэнні райвыканкама прааналізаваны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Міёрскага раёна, фінансавы стан арганізацый у 2016 годзе, акрэслены задачы на 2017-ы. Усяго на парадак дня вынесена 10 пытанняў. У іх  абмеркаванні прыняў удзел начальнік Галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Барыс Кічаноўскі. 

 

Рэзервы маем, патрэбны штуршок наверх
Па інфармацыі начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Раісы Лакотка летась у раёне забяспечаны 7 з 8 паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Ад рэалізацыі прадукцыі тавараў, работ, паслуг атрымана 2,1 млн. рублёў прыбытку, што ў 4,3 раза больш, чым у 2015-ым. Адпаведна станоўчая рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі—плюс 2,4% (за 2015—0,6%) і продажу ў цэлым па раёне 2,1% (2015—0,5%). Добра па гэтым паказчыку спрацавалі прамысловая галіна—4,3%, будаўнічая—3,5%, лясная гаспадарка (лесаводства і лесанарыхтоўка)—8%, ахова здароўя і сацыяльныя паслугі—21,6%. У сельскай гаспадарцы, аптовым і рознічным гандлі, прадастаўленні іншых відаў паслуг адмоўная рэнтабельнасць продажу.


Па выніках 2016 года прадпрыемствы раёна атрымалі 7,3 млн.руб. чыстых страт, што амаль удвая менш, чым у 2015-ым. У тую пару 21 арганізацыя працавала са стратамі, летась—15, што складае 63% да агульнай колькасці ўлічваемага сектара. У гэтым ліку 9 сельскагаспадарчых, тры прамысловых, 1 гандлёвая, 2 будаўнічыя. Найбольш страт—6,2 млн. рублёў ці 79,4% у агульнай суме ў прамысловай галіне. 

 

Хоць і выкананы ключавыя паказчыкі матрацы, начальнік Галоўнага фінансавага ўпраўлення абл-выканкама Барыс Кічаноўскі прызнаў недастатковай работу па сацыяльна-эканамічным развіцці раёна і выкананні бюджэту. Практычна 2/3 прадпрыемстваў стратныя, крэдыторская запазычанасць амаль у 2,3 раза перавышае дэбіторскую. Каб змяніць сітуацыю, неабходна ў разы павялічваць аб'ёмы вытворчасці. Дасягнуць гэтага магчыма, калі выкарыстоўваць свае рэзервы на поўную моц, лічыць Барыс Валянцінавіч. Нядаўна Прэзідэнт прыняў рашэнне па ўзнаўленні будаўніцтва Міёрскай ЦРБ, аб'ект уключаны ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму, на роўнадолевай аснове выдаткаваны сродкі з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. У маі 2018-га ўжо плануецца перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку. Будуецца металапракатны завод. Ёсць дзе нарошчваць аб'ёмы паслуг і работ будаўнічым арганізацыям раёна, дарожнікам, жыллёва-камунальнай гаспадарцы і іншым службам. "Маеце лепшае, рэзервы вялікія, але лежаце на дне, трэба адштурхоўвацца наверх",—рэзюмаваў начальнік Галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама.


Дзяржаўная падтрымка — не ўсім па сіле
У студзені-снежні мінулага года 17 сельгасарганізацый і 2 прамысловыя прадпрыемствы атрымалі дзяржаўную падтрымку. Яе ўмовы па паказчыках выканаў толькі камбікормавы завод. Філіял "Міёрскі мясакамбінат" ААТ "Полацкі камбінат хлебапрадуктаў" адолеў даведзеныя тэмпы росту аб'ёмаў вытворчасці працы і прамысловай прадукцыі. Не ў поўнай меры забяспечыў рэнтабельнасць продажу. А вось з 17 сельгаспрадпрыемстваў толькі адно выйшла на вызначаныя паказчыкі. Прычынай таму нізкі ўзровень вытворчасці прадукцыі раслінаводства, што адмоўна адбілася на жывёлагадоўлі. Усё ў купе паўплывала на тэмпы росту валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі ў цэлым, не дазволіла выканаць паказчыкі па рэнтабельнасці продажу і рэалізаванай прадукцыі.


Ад арганізацый запатрабавана выканаць умовы дзяржпадтрымкі ў бягучым годзе, у тым ліку па паказчыках.


Маёмасць — у гаспадарчыя рукі
У мінулым годзе ў гаспадарчы абарот планавалася ўцягнуць 8 аб'ектаў раённай камунальнай уласнасці, уключаных у пералік невыкарыстоўваемай і неэфектыўна выкарыстоўваемай маёмасці Віцебскай вобласці і яе адміністрацыйных адзінак. Акрамя гэтага, 9 такіх аб'ектаў занесены ў спіс на спісанне (знос, дэмантаж), кансервацыю і выкарыстанне ў наступных гадах.


Летась тры аб'екты прададзены з аўкцыёна, адзін на электронных таргах. З 66 аб'ектаў нерухомай маёмасці зарэгістраваны 37. Даведзенае заданне выканалі УП ЖКГ і раённая ветстанцыя. На 1 сту-дзеня 2017 года на ўліку знаходзяцца 349 незарэгістраваных аб'ектаў раённай камунальнай уласнасці. Кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў даручана знайсці дадатковыя крыніцы фінансавання для ажыццяўлення працэдуры. Аддзелам адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, ДПУ "Ельня", Павяцкаму сельвыканкаму належыць прыняць меры, каб ліквідаваць запазычанасць па арэнднай плаце. За мінулы год арандатары ім не даплацілі 3,619 тыс. рублёў.


Магазінам — тавары
Па інфармацыі начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Раісы Лакотка, старшыні райспажыўтаварыства Сяргея Росава, дырэктара ГУП "Міёрыгандль" Анастасіі Малецкай, рознічны тавараабарот праз усе каналы рэалізацыі ў 2016 годзе склаў 53 млн. рублёў. Гэта 82,3% да 2015-га ў супастаўных цэнах. Такі паказчык—адзін з самых нізкіх у вобласці. У агульным тавараабароце гандлёвых арганізацый рознічны складае 76%, яго аб'ём 40,3 млн. рублёў ці 90,3%. Харчовыя тавары займаюць 64%. На 1 сту-дзеня бягучага года таварныя запасы складалі 4,2 млн.рублёў, чаго хапае на 42 дні работы гандлю. Рознічны тавараабарот грамадскага харчавання за 2016 год склаў 1,1 млн. рублёў ці 85,9% да 2015-га. Адна з асноўных прычын зніжэння аб'ёму рознічнага гандлю—змяншэнне заробку насельніцтва да 94,5% за 2016 год. Аднак існуюць і іншыя прычыны, у тым ліку нездавальняючае насычэнне гандлёвай сеткі шырокім асартыментам тавараў, у першую чаргу айчынных вытворцаў. Ад кіраўнікоў арганізацый сістэмы спажыўкааперацыі запатрабавана павялічыць аб'ёмы рэалізацыі, выйсці на бясстратную работу, рэгулярна забяспечваць неабходным пакупнікоў сельскай мясцовасці.


Пра парадак дбаем
Па інфармацыі намесніка старшыні райвыканкама Леаніда Лясовіча летась у сельскіх населеных пунктах адрамантавана і палепшана 8,9 км дарожнага пакрыцця. Устаноўлена і адрамантавана 3690 пагонных метраў агародж. У месцах агульнага карыстання з'явілася 55 малых архітэктурных форм. На баланс Міёрскага ДРБУ №203 перададзены 9,4 км пад'ездаў да могілак, населеных пунктаў, месц адпачынку. УП ЖКГ сталі належаць 163 месцы пахаванняў у сельскай мясцовасці. Пры плане 40,3 га ў сельскагаспадарчы абарот уцягнуты 128,6 га зямельных на-дзелаў, якія раней прадастаўляліся для вядзення падсобнай гаспадаркі, будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў, агародніцтва, сенакашэння і выпасу жывёл.
Разам з тым дрэнна падтрымліваўся парадак на вытворчых аб'ектах і тэрыторыях сельгаспрадпрыемстваў. Дарожныя арганізацыі нерэгулярна абкошвалі падведамныя тэрыторыі ля другасных, аддаленых ад трас, прасёлкавых дарог, слаба сачылі за парадкам на аўтобусных прыпынках. Райспажыўтаварыства не ўладкавала аб'екты гандлю малымі архітэктурнымі формамі, не завершаны работы па арачным збудаванні на міёрскім рынку. Раённы камбінат бытавога абслугоўвання ўжо які год запар адкладвае рамонт і афарбоўку агаро-джы з боку вуліцы Першамайскай у Дзісне.
Прынятае рашэнне райвыканкама накіравана на выпраўленне гэтых і іншых недахопаў. Роўна як і на актывізацыю намаганняў па навядзенні парадку на кожным кавалку зямлі.


Збіраем, адсартоўваем
Пастановай Савета Міністраў ад 21.04.2016 года №326 зацверджана дзяржаўная праграма "Камфортнае жыллё і спрыяльны асяродак" на 2016-2020 гады. Задача падпраграмы "Абыходжанне з камунальнымі адходамі і выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў"—мінімізаваць аб'ём захавання цвёрдых адходаў, каб да 2020 года паўторна выкарыстоўваць не менш за 25% з агульнай колькасці, на перапрацоўку накіраваць больш за 0,8 тыс. тон другасных матэрыяльных рэсурсаў.


Як адзначыў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Георгій Бушуноў, на Міёршчыне зборам другасных матэрыяльных рэсурсаў займаюцца тры прыёманарыхтоўчыя пункты, магазіны і аўталаўкі райспажыўтаварыства. З 289 устаноўленых кантэйнераў для смецця 122—для паасобнага збору. Дзейнічае станцыя сартавання камунальных адходаў, з агульнай масы якіх 25-30% ідуць на паўторную перапрацоўку. Створаны дзве пляцоўкі збору буйна-, сярэдне- і дробнагабарытнага электрычнага і электроннага абсталявання, лямп газаразрадных ртуцьутрымлівальных. 22 спецыяльныя кантэйнеры для адпрацаваных элементаў сілкавання размешчаны ў аб'ектах гандлю райспажыўтаварыства і прадпрымальнікаў.


Па распараджэнні райвыканкама штогод даводзяцца аб'ёмы нарыхтоўкі другаснай сыравіны. Летась сабрана 177,1 т адходаў паперы і кардону, заданне выканана на 55%; 130,6 т шкла ці 142%; 32,2 т ці 53,7% ад запланаванага палімерных адходаў; 65,4 т ці 65,4% старых шын; 3,12 т ці 18,4% адпрацаваных тэхнічных алеяў; 2,5 т электрычнага і электроннага абсталявання (13,9%).


Райспажыўтаварыства нарыхтавала 106,5 т адходаў паперы і кардону пры гадавым заданні 250 т (42,6%), УП ЖКГ выканала яго на 109%.
Паасобны збор камунальных адходаў намечана развіваць далей. Больш актыўна далучаць да справы насельніцтва. Прадпрыемствам і арганізацыям раёна належыць выканаць новыя заданні на бягучы год па зборы паперы і кардону.


Гаспадарам у дапамогу
Па інфармацыі старшыні райсавета дэпутатаў Марыі Баніфатавай, летась у 5986 домаўладаннях вяліся падсобныя гаспадаркі. Для гэтага выкарыстоўвалася 3571,3 тыс. га зямель, што на 824 га менш, чым у 2015-ым. На жаль, у прыватным сектары назіраецца тэндэнцыя да зніжэння пагалоўя. У параўнанні з пазалеташнім на 81 ці на 28% менела буйна-рагатай жывёлы, у тым ліку недалічыліся 99 кароў (33,6%), 44 коней. А вось свіней і авечак паболела.


За рэспубліканскі бюджэт грамадзянам, якія рэалізуюць уласную прадукцыю дзяржаве, за студзень-лістапад летась да закупных надбавак за малако выплачана 223399,8 рубля і за маладняк 8467,88 руб. На 1.01.2017 года ў раёне 20 грамадзян скарысталіся крэдытам на развіццё падсобнай гаспадаркі на тэрмін да 7 гадоў пад 5% гадавых, як дазваляе Указ Прэзідэнта №302.
Летась у насельніцтва закуплена 6377,5 тоны малака, што складае 99,5% да ўзроўню 2015-га. На карову даводзіцца 3542 кг, што на 66 больш мінулагодняга. Лідзіруюць Новапагосцкі, Перабродскі, Павяцкі сельсаветы.


Для нарошчвання аб'ёму вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі летась сельгаспрадпрыемствы рэалізавалі вяскоўцам 675 парасят, 669 галоў буйна-рагатай жывёлы, у тым ліку 79 кароў. Прададзена 1790 тон сена, 401 тона зернефуражу, 80 тон саломы.
Для далейшай падтрымкі і развіцця асабістых гаспадарак прэзідыум райсавета сумесна з райвыканкамам даручылі сельгаспрадпрыемствам лепш працаваць з насельніцтвам па кантрактацыі маладняку буйна-рагатай жывёлы, своечасова разлічвацца за здадзеную з уласных падвор’яў прадукцыю.

 

На пасяджэнні райвыканкама зацверджаны рабочы план правядзення вясенне-палявых работ на бягучы год. Прынята рашэнне аб
ліцэнзаванні магазінаў райспажыўтаварыства і ГУП "Міёрыгандль" на рознічны гандаль алкагольнымі напоямі і тытунёвымі вырабамі. Зацверджаны спіс грамадзян на атрыманне ільготных крэдытаў.


Наталія СТАНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.