Кіраўніцтва СУП "Цітова" паставіла задачу ў бліжэйшыя гады павялічыць пагалоўе цялушак для абнаўлення дойнага гурта. Як адзначае намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Даната Шчалкун, сем гадоў таму іх было толькі 76% да неабходнага, цяпер — 117%, у бліжэйшыя гады пастараюцца павялічыць паказчык да 140%.
Дырэкцыя гаспадаркі ўпэўнена, што высокая забяспечанасць рамонтным маладняком і імкненне ўзнаўляць дойны статак дапамогуць дабіцца істотнага павелічэння валавых надояў.
Разам з тым у сельгаспрадпрыемстве ўзнікла праблема недахопу статкамесц. Таму яшчэ ў мінулым годзе пры падтрымцы Полацкага КХП вырашылі пабудаваць новы арачнік на 200 галоў побач з малочнатаварнай фермай "Субачава".
— На будоўлі завершана бетаніраванне падлогі ў праездах і стойлах. Цяпер "цэментуюцца" пад'езды, устанаўліваецца стойлавае абсталяванне,— тлумачыць Даната Талесфораўна. — Спадзяёмся, што праз некалькі тыдняў аб'ект ужо будзе эксплуатавацца.
Перамены сёлета і на МТФ "Субачава". Тут ўладкавалі ўтульны і прасторны пакой для адпачынку, гардэроб, санвузел з рукамыйнікам, унітазам, душам і пральнай машынай. Устаноўлены вокны ПВХ і новыя дзверы. Падрыхтавалі да стойлавага перыяду і кароўнік, у ім пачышчана, пабелена, выкананы неабходны рамонт, наладжана даільнае абсталяванне. Новыя ўмовы для жывёлы дазволяць атрымліваць малако гатункам экстра.
На здымку: Работнікі Полацкага СПМК-27 Аляксандр Даньчанка і Сяргей Цісковіч,
якія працуюць на будаўнічым аб'екце ў СУП "Цітова".