В Миорах в минувшую субботу чествовали передовиков жатвы
gazeta 22-09-2025, 16:33 348 Навіны / Дажынкі
Сапраўдным святам ураджаю і творчасці сталі «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», што ў чатыр- наццаты раз сабралі гасцей – мясцовых жыхароў і турыстаў. Хлебны каравай Міёршчыны – 2025 перавысіў 24 тысячы тон. Унёсак у яго зрабіла кожнае з дзесяці сельскагаспадарчых, а таксама перапрацоўчыя і меліярацыйныя прадпрыемствы, тыя, што дапамагаюць ім весці фінансава-гаспадарчую дзейнасць. Удзельнікаў і пераможцаў жніва ўшанавалі на раённых «Дажынках».
Пачаліся мерапрыемствы экасвята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» мітынгам на плошчы ля памятнага знака ў гонар воінаў-вызваліцеляў Міёр, які сабраў кіраўніцтва раёна і аграрыяў – прадстаўнікоў сельскагаспадарчых і сумежных прадпрыемстваў і арганізацый. Яны прайшлі ў святочным шэсці ад будынка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Галоўныя героі свята – хлебаробы, якія носяць пачэсны тытул – тысячнік. Аляксандр Баршчэўскі з ВУПКУ «Міёрскі», Ігар Станкевіч з ААТ «Туркова», Анатоль Сачыўка і Аляксандр Каснікоўскі з СУП «Цітова» і Ігар Гаўрыловіч з СУП «Чэрасы» разам намалацілі амаль шэсць тысяч тон збожжа. Перавезлі каля пяці тысяч тон Віталь Дзямід з СУП «Чэрасы», Аляксандр Осіпаў з СУП «Цітова» і Станіслаў Невядомскі з ВУПКУ «Міёрскі», з іх на рахунку апошняга звыш дзвюх тысяч.
Павіншаваў хлебаробаў і падзякаваў за старанную працу першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Іван Юрашак. Падкрэсліў, што дзейнасць аграрыяў ніколі не была простай, але нават у эпоху аўтаматызацыі ў яе аснове застаецца чалавек. Падзякаваў кіраўнікам прадпрыемстваў, якія дапамагалі на ўборцы збожжавых, – ТАА «Металапракатная кампанія», лясгасу, ДРБУ № 203, Міёрскаму ПМС, Язненскай ПМК, УП ЖКГ, «Віцебскаблпаліва».
– Гэтае жніво зноў паказала, што нашым працаўнікам пад сілу вырасціць і сабраць ураджай пры любых капрызах прыроды. З плошчы 10 471 га атрымана збожжавых і зернебабовых звыш 24 тысяч тон пры ўраджайнасці 23,2 ц/га. Пры гэтым звыш 30 ц/га намалочана ў СУП «Чэрасы», 28,8 – у СУП «Цітова», каля 25 цэнтнераў на круг у філіяле «Павяцце» і ВУПКУ «Міёрскі», – падкрэсліў Іван Уладзіміравіч.
Заўважыў, што вялікае падспор’е для аграрыяў – абнаўленне парку сельгастэхнікі. 7,5 мільёна выдзелены з абласнога бюджэту для набыцця самаходных збожжаўборачных камбайнаў з комплексам прычапных прыстасаванняў, трактараў «Беларус», пагрузчыкаў «Амкадор», кормаўборачнага камбайна.
Усе поспехі, у тым ліку на хлебнай ніве, сталі магчымыя дзякуючы пакаленню пераможцаў. У знак павагі ўдзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да падножжа памятнага знака ў гонар воінаў-вызваліцеляў Міёр. Пасля ва ўрачыстым шэсці прайшлі па вуліцах горада на паўвостраў, дзе разгарнулася свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю». Начальніку ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Івану Юрашаку ўручылі каравай і сноп новага ўраджаю.
На галоўнай сцэне вітаў гасцей старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба. Падкрэсліў: каб перадаць нашым дзецям і ўнукам моцную незалежную Беларусь – мы павінны старанна працаваць.
Адзначаны найлепшыя прадстаўнікі аграпрамысловага комплексу. Падзяка старшыні аблвыканкама аб’яўлена галоўнаму бухгалтару ВУПКУ «Міёрскі» Марыне Кірылавай, райвыканкама – вадзіцелю філіяла «Міёрскі ККЗ» Аляксандру Марціноўскаму. Ганаровых грамат райвыканкама, райсавета дэпутатаў і падзякі старшыні райвыканкама ўдастоены аграрыі, якія забяспечылі тысячны намалот і транспартыроўку збожжа.
Па выніках спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых сярод гаспадарак лідзіравала СУП «Цітова», другое месца падзялілі ВУПКУ «Міёрскі» і СУП «Чэрасы», на трэцім – ААТ «Туркова». Лісты-падзякі райвыканкама атрымалі студэнты БДСГА Уладзіслаў Драба і Андрэй Арцімовіч.
Падзякаваў аграрыям за працу і адказнасць на ўборцы ўраджаю выканаўчы дырэктар Віцебскага аграпрамысловага саюза Іван Барашкаў. Аб’явіў падзяку Івану Юрашаку, кіраўнікам гаспадарак – пераможцаў раённага спаборніцтва на жніве: Францу Вершалоўскаму, Васілю Міхалківу, Алегу Януковічу, Аляксандру Жуку, а таксама дырэктарам мясакамбіната Івану Сушко і камбікормавага завода Юрыю Гайлевічу. Ганаровай граматай адзначыў дырэктара Мікалаёўскага сельскага клуба Ігара Мятлу.
Начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама падсумаваў: хлеб даецца няпроста, сабраны ўраджай – вынік дакладнай арганізацыі працы і зладжанай работы калектываў. І яна прадаўжаецца штодня.
Алена Вароніна.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.