Форум "Время Быть Вместе" собрал в Дисне представителей восьми районов Витебщины
gazeta 15-09-2025, 15:42 328 Навіны
#Час Быць Разам. Такую назву меў міжраённы маладзёжны форум, прымеркаваны да Дня народнага адзінства, які сабраў у Дзісне прадстаўнікоў васьмі раёнаў Віцебшчыны. У іх ліку кіраўніцтва гар- і райвыканкамаў, дэпутацкі корпус, члены арганізацый і прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, а таксама школьнікі, студэнты і працоўная моладзь. Разам прыгадалі гісторыю даты 17 верасня, пагаварылі пра сапраўдны патрыятызм і перспектывы развіцця рэгіёна і дзяржавы, дзейнасць маладых парламентарыяў, праехалі па месцах баявой славы ў ваколіцах Дзісны.
#Час Быць Разам
Стартаваў форум мітынгам на Дзісненскім рубяжы. Адкрыў яго старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, кіраўнік абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Дзмітрый Дзямідаў. Павіншаваў з самым маладым дзяржаўным святам – Днём народнага адзінства, напоўненым глыбокім сэнсам яднання. Нагадаў яго гісторыю і падкрэсліў, што дата 17 верасня 1939 года – ключавая гістарычная падзея для дзяржаўнасці беларускага народа, бо дзякуючы ўз’яднанню Усходняй і Заходняй Беларусі мы змаглі зноў стаць адзіным цэлым. Менавіта тады былі закладзены асновы нашага суверэнітэту.
– Гэта дазволіла нам захавацца дзякуючы волі нашых продкаў, якія заўсёды імкнуліся да яднання. У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі беларусы таксама выстаялі дзякуючы згуртаванасці, – гаварыў Дзмітрый Уладзіміравіч. – Уся наша гісторыя паказвае, што залог выжывальнасці нас як народа, як этнасу, захавання сваіх тэрыторый, мовы, веры, культуры, традыцый – гэта наша адзінства. Сучасныя падзеі – таму наглядны прыклад: нашы ворагі імкнуцца на ўсёй планеце пасеяць зярняты варожасці і нянавісці, раздуць полымя міжусобных войн. Дзе-нідзе гэта атрымліваецца. Але мудрасць нашага народа, шматвекавая гісторыя паказваюць, што калі мы адзіныя – нам не страшныя ніякія выпрабаванні: ні санкцыі, ні інфармацыйны ціск.
Старшыня абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» уручыў білеты новым членам грамадскага аб’яднання.
Вітаў удзельнікаў форуму кіраўнік Міёрскага раёна Аляксандр Ярахновіч. Заўважыў, што мерапрыемства аб’яднала ўсіх, хто памятае мінулае, цэніць сёння і сваімі працай, поспехамі і дасягненнямі праслаўляе нашу родную краіну:
– Мы ўсе разумеем, што менавіта цяпер час быць разам. Разам у добрых справах і ўчынках, разам у стваральнай працы на дабрабыт росквіту краю і любімай краіны. Наша сіла – у адзінстве. Важна паказваць моладзі на ўласным прыкладзе, як важна цаніць гісторыю, памятаць яе ўрокі, цаніць дасягнутае многімі пакаленнямі.
Патрыятызм у сучасным гучанні
Беражліва захоўвае і аднаўляе гісторыю сваёй малой Радзімы, далучае да гэтай работы моладзь патрыёт Эдуард Цярэшка. Яму ўручылі юбілейныя медалі «80 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» і «80 год Вялікай Перамогі».
Пра тое, што Віцебшчына была і застаецца апорай беларускай дзяржаўнасці, бо суседнічае з іншымі дзяржавамі, гаварыла рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава, старшыня абласнога аб’яднання беларускай партыі «Белая Русь» Валянціна Багатырова. Нагадала, што ў любы час вораг б’е па сістэме адукацыі і калі разбурыць яе асновы – выхаванне сапраўднага маладога чалавека і патрыёта – можна страціць дзяржаву. Таму ідзе будаўніцтва грамадска-палітычнай супольнасці.
– Апорай для нашай дзяржаўнасці, згодна з галоўным законам краіны Канстытуцыяй, і гарантам яе выканання з’яўляецца наш Прэзідэнт. Мы вучым урокі ўсе разам, мы слухаем яго і рухаемся ў зададзеным напрамку. І нам трэба не падвесці, – тлумачыла Валянціна Васільеўна.
Як сімвал адзінства, згуртаванасці і росквіту краіны ўдзельнікі форуму выпусцілі ў неба паветраныя шары.
Падчас дыялогавай пляцоўкі размаўлялі пра будучыню, моладзь задавала рознапланавыя пытанні. Напрыклад, пра перспектывы развіцця Беларусі ў сувязі з уступленнем у ШАС. Нашы партнёры – ключавыя ігракі новага цэнтра светаўладкавання, таму гэта прадугледжвае магчымасць вольна гандляваць, прыцягваць інвестыцыі, асвойваць новыя тэхналогіі.
Цікавіліся, як звычайны чалавек у паўсядзённасці можа ўмацоўваць адзінства. Нічога звышнатуральнага: добрасумленна працаваць на сваім рабочым месцы, удзельнічаць у грамадскім жыцці, захоўваць інфармацыйную гігіену і не быць раўнадушным да таго, што адбываецца ў краіне, цаніць сваю гісторыю. Праваднікамі новых ідэй паміж моладдзю і кіраўніцтвам рэгіёнаў павінны стаць маладыя парламентарыі.
Што азначае патрыятызм у сучасным гучанні? Адлюстроўваюць яго людзі, якія імкнуцца зрабіць сваю радзіму больш моцнай і лепшай.
Каб мір захаваць
З Дзісненскага рубяжу стартаваў аўтапрабег «Дарогамі вайны, дарогамі Перамогі». Маршрут пралягаў па трох кропках. Першая – пахаванне мірных жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці, дзе таксама прайшоў мітынг. Пра тое, што мы павінны ведаць гісторыю і рабіць з яе правільныя вывады, гаварыў намеснік начальніка ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Віцебскай вобласці Сяргей Раманаў:
– Мы абавязаны з падвоенай сілай умацоўваць свой патрыятызм, з гонарам і годнасцю пражываць сёння, каб зрабіць задзел на будучыню. Каб неба над Беларуссю заставалася мірным, варта з пакалення ў пакаленне перадаваць гістарычную памяць.
У звароце да моладзі былы кіраўнік раёна Сяргей Сямёнычаў нагадаў, што і сёння фашызм і нацызм стаяць ля парога нашай Радзімы, заклікаў не даць ім развівацца.
Жыхарка Дзісны, супрацоўніца музея Вольга Смаршчок расказала, што на гэтым месцы ў ліку 3800 ахвяр фашыстаў і яе дзядуля. Узгадала, як адзін з унукаў тых, каго расстралялі тут, падчас экскурсіі плакаў і прасіў унукаў не паўтараць памылак продкаў, захоўваць мір на планеце.
На наступным прыпынку, ля брацкай магілы воінам-вызваліцелям Дзісны, дзе знайшлі апошні спачын 278 чалавек, паглыбіўся ў гісторыю дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Стома. Нагадаў, пад якім гнётам беларусы жылі да 1939 года. Сёння нас паважаюць на сусветнай арэне, мы маем самае каштоўнае – мірнае неба, магчымасць спакойна жыць, вучыцца, працаваць, выхоўваць дзяцей, атрымліваць медыцынскую дапамогу. Гэта вынік нашай сумеснай работы.
Заключным акордам форуму стала канцэртная праграма ў гарадскім парку Дзісны з удзелам «Дзісенчукоў», Валерыі Паўлоўскай, Ігара Мятлы, а таксама прадстаўнікоў «Паліміру» і ВДУ імя П. Машэрава. Тут нагадалі гісторыю Дня народнага адзінства, спявалі песні пра свабоду і незалежнасць нашай Беларусі.
Падчас мерапрыемства ўсе адчулі сябе часцінкай адзінага цэлага – беларускага народа, заўважыў старшыня Міёрскага райсавета дэпутатаў Валерый Драба. Мы міралюбівыя і хочам жыць у згодзе з іншымі. У той час як на захадзе зносяць помнікі героям-вызваліцелям, у нас актывісты і патрыёты ўвекавечваюць іх памяць, таму яна будзе жыць вечна.
Алена ВАРОНІНА.