Беларусь независима, с динамичным движением вперед

Прэзідэнт Беларусі 28 студзеня звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, адказаў на пытанні з залы. Аляксандр Лукашэнка хацеў надаць новае гучанне сёлетняму Пасланню і назваў яго як тры пытанні да народа. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся: ці гатовы беларусы плаціць за ўласную абарону, за ўласную дзяржаву; за такія дарагія рэчы, як суверэнітэт і незалежнасць; ці гатовы быць ініцыятыўнымі і працаваць на сябе?

Адзіныя, таму непераможныя

Як адзначыў беларускі лідар, леташні Год народнага адзінства паказаў усяму свету згуртаванасць і стойкасць беларусаў. Што мы можам жыць сваім розумам, даражыць нашымі каштоўнасцямі і разам ствараць новыя. Вытрымалі шэраг сур’ёзных выпрабаванняў, перш за ўсё звязаных з каронавірусам, санкцыямі, хвалямі міграцыйнага крызісу. Ужо цяпер зразумела: справіліся дзякуючы адзінству. 

Ва ўмовах перафармаціравання

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сістэма міраўладкавання, якая ўстаялася, фактычна  адышла ў мінулае. «Мы з’яўляемся сведкамі перафармаціравання сусветнай палітыкі, эканомікі і культуры», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Паўсюдна крытычна павышаецца ўзровень агрэсіі, выклікаючая рыторыка стала нормай, а міратворчыя ініцыятывы кладуцца пад сукно». 
«Буйныя ядзерныя дзяржавы спрабуюць выбудаваць новыя дамоўленасці, разумеючы, што трэцюю сусветную планета наўрад ці зможа перажыць. Але знайсці кампраміс пакуль не ўдаецца. Грамадскае меркаванне рыхтуюць да непазбежнасці вайны. Лю-дзей прымушаюць жыць з такой думкай. Па сутнасці, вырашаецца лёс чалавецтва: ці новыя дамоўленасці, ці далейшая эскалацыя і новая сусветная вайна», – упэўнены Кіраўнік дзяржавы. 
Па яго словах, сённяшнія ўмовы прымушаюць нас быць яшчэ больш сабранымі і мэтанакіраванымі. «Літаральна на маршы выбудоўваць доўгатэрміновыя механізмы захавання міру і бяспекі на беларускай зямлі і ў нашым рэгіёне. Фарміраваць новыя кропкі росту ў эканоміцы, а не толькі адаптавацца да перамен, якія адбываюцца», – адзначыў Прэзідэнт. 

Хочам жыць мірна

«У нашым грамадстве (не з падачы нашай улады і маёй) існуе пытанне нумар адзін: дык будзе вайна ці не? Так, яна будзе. Але толькі ў двух выпадках. Адзін з іх – калі супраць Беларусі будзе ўчынена прамая агрэсія і развязана гарачая вайна, – звярнуў увагу Прэзідэнт. – Мы ўсе як адзін і нават тыя, хто не хоча, станем на абарону нашай зямлі і Айчыны. Стагоддзямі наш народ змагаўся за сваю зямлю, незалежнасць і суверэнітэт. Мы дабіліся гэтай незалежнасці. Сёння момант, калі патрэбна яе абараніць». 
Другой нагодай для вайны і ўдзелу ў ёй Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў магчымае нападзенне на саюзніка – Расію. Тады наша краіна падключыцца да яе абароны ў рамках саюзных дамоўленасцей. У той жа час Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што беларусы не прымаюць войнаў і ніколі не будуць іх ініцыятарамі: «Мы хочам мірна жыць і працаваць». 

Размаўляць жорстка і прагматычна

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што на Захадзе ўмацоўваецца ваенная інфраструктура наступальнага характару: «Паблізу граніц Саюзнай дзяржавы засяроджваюцца войскі НАТА, актывізаваны палёты амерыканскіх стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў – звыш 30 вылетаў у суткі. У сумежных краінах вядуць размову пра размяшчэнне носьбітаў ядзернай зброі». 
Прэзідэнт дадаў, што нашы заходнія суседзі – Польшча і Літва – актыўна дзейнічаюць у рэчышчы эканомікі Вашынгтона. «Для іх гэта стратэгія выжывання. Альтэрнатыва – назаўсёды застацца маркотнай ускраінай Еўропы. Вось яны і выбіраюць. Спрабуючы выгадна прадаць свае аванцюры, літоўцы ўразнос, прычым у страты сабе, ва ўгоду Штатам кінулі пальчатку нават Кітаю, увязаліся ў супрацьстаянне з Расіяй. Амерыканцам ужо даводзіцца іх стрымліваць. Але спробы дагадзіць куратарам – на мяжы знішчэння ўласнай дзяржаўнасці», – упэўнены беларускі лідар. 
Як акцэнтуе Кіраўнік дзяржавы, у гэтых абставінах мы зыходзім з таго, што «з Літвой трэба размаўляць жорстка і прагматычна, прымушаючы да выканання дагаворных абавязацельстваў, адказваючы на іх дзеянні суразмерна». 

Зберагчы братэрства народаў 

«Усё большую трывогу выклікае нарастанне напругі на паўднёвым накірунку. Украіна становіцца прадметам закуліснага гандлю. Украінцаў штурхаюць у полымя канфлікту, ламаюць іх свядомасць, мэтанакіравана рыхтуюць да агрэсіі. Фарміруюць варожыя адносіны да брацкіх народаў, у тым ліку беларусаў», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што для Захаду важна «ўтапіць у крыві расійска-ўкраінскае братэрства, наша славянскае». Аднак мы – родныя народы, нашы карані – з глыбіні вякоў, іх трэба зберагчы, чаго б гэта ні каштавала. 
«Сітуацыя ў Казахстане паказала, што не толькі славянскае, але і цэнтральнаазіяцкае братэрства стала мішэнню. Відавочна, што Захад у мэтах паслаблення Расіі прадоўжыць тактыку па расхістванні постсавецкай прасторы. Ці павінны мы ва ўсёй гэтай сітуацыі рэагаваць і нарошчваць свае абаронныя магчымасці. Адказ відавочны. Хочаш міру – на жаль, рыхтуйся да вайны…», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.  

Умацоўваць пазіцыі


Як заявіў Кіраўнік дзяржавы, нам неабходна вывесці на якасна новы ўзровень сістэму забеспячэння нацыянальнай бяспекі, асабліва ў сферы абароны, павышаць аснашчанасць воінскіх часцей узбраеннем і тэхнікай, навучаць асабовы састаў войскаў сучасным метадам і спосабам адбіваць пагрозы, развіваць тэрытарыяльную абарону. 
Для гэтага пастаўлена на паток ракетная вытворчасць, стварэнне беспілотнай авіяцыі, стралковай зброі і боепрыпасаў, сучасных сродкаў сувязі і аўтаматызацыі, ваеннай оптыкі і іншай прадукцыі беларускага ваенпрама. «Чаго не хапае, закупім. На фоне бягучых падзей гэта асабліва важна. Каб вы разумелі: гэта не танна, але асноўнай зброі (стралковая, гранатамётная, аўтаматы, пісталеты, кулямёты) мы павінны мець удосталь. Паўтара – два мільёны нашых людзей павінны ўмець ім карыстацца, і тады ў гэтай лясіста-балоцістай мясцовасці, як раней гаварылі, нас ніхто не возьме», – падкрэсліў Прэзідэнт. 
Яшчэ важна больш актыўна развіваць узаемадзеянне з Расіяй і іншымі саюзнікамі па АДКБ. Прыклад Казахстана паказаў, наколькі аператыўна яна можа рэагаваць на пагрозы бяспекі на еўразійскай прасторы. Сілы калектыўнай бяспекі сталі ключавым фактарам стабілізацыі абстаноўкі. Новая Ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы істотна ўзмоцніць гарантыі міру ў нашым рэгіёне. Неабходна павышаць эфектыўнасць стратэгічнага стрымлівання, праводзіць сумесныя мерапрыемствы па аператыўнай, баявой падрыхтоўцы ў абараняльных мэтах, гаварыў Аляксандр Лукашэнка. 

Інквізіцыя нашага часу

Падрабязна Прэзідэнт спыніўся на тэме санкцыённага ціску на Беларусь, назваўшы гэты працэс інквізіцыяй нашага часу. «Не думайце, што гэта выклік толькі для нас. Гэта сусветная тэндэнцыя, трэнд, фактычна тэхналогія глабальнай экспансіі. Санкцыі – традыцыйная практыка сусветнага манапаліста ЗША і іх саюзніка – Еўрапейскага саюза. Менавіта такім чынам заўсёды імкнуліся вырашаць пытанні з канкурэнтамі. Так яны змагаюцца супраць Кітая, Расіі, Ірана, Венесуэлы, Сірыі, а цяпер і Беларусі», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы і дадаў: атакуючы нас, спрабуюць выдавіць з рынка нашых флагманаў прамысловасці. 
Узгадаў беларускі лідар модны тэрмін «разумныя санкцыі», быццам яны ўздзейнічаюць выбарча – толькі на ўладу. На самой справе Захад метадычна і цынічна намацвае болевыя кропкі эканомікі, праводзіць анцігуманныя эксперыменты. У канчатковым выніку пакутуюць людзі. 

Не сцерці з памяці злачыннасць фашыстаў

Прэзідэнт адзначыў важнасць і актуальнасць ініцыятывы Генеральнай пракуратуры па маштабным раследаванні злачынстваў супраць беларускага народа. Выяўляюцца новыя факты гітлераўскай акупацыі. «Размова ідзе пра мэтанакіраваную нацысцкую палітыку генацыду на тэрыторыі Беларусі. Яе крывавы вынік – знішчэнне звыш трох мільёнаў жыхароў, – падкрэсліў ён.
Па словах Кіраўніка дзяржавы, крайне важна, каб сабраныя сведчанні відавочцаў ваенных злачынстваў, вынікаў экспертыз і раскопак не ляглі мёртвым грузам на архіўныя паліцы. 
Нельга дапусціць сцірання з памяці злачыннасці фашыстаў і іх саўдзельнікаў. Грамчэй за тысячу слоў пра гэта расказваюць помнік дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Чырвоны Бераг і іншыя журботныя мясціны на нашай зямлі. 
«Мы будзем дабівацца прызнання і асуджэння генацыду беларускага народа на міжнародным узроўні», – заявіў беларускі лідар.  

Захаваць суверэнітэт

«Мы зрабілі яшчэ адзін крок. Новы статус лёсавызначальнай для нас даты – 17 верасня – стаў актам гістарычнай справядлівасці. Цяпер гэта свята заслужана стаіць нароўні з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці. І гэта не проста даніна памяці, памяці пра ўз’яднанне нашага народа пасля дзесяцігоддзяў замежнай акупацыі. Мы ўвекавечылі сімвал, найважнейшы для разумення геапалітычных пагроз, якія праз сотню гадоў не страчваюць сваёй актуальнасці. Мы павінны памятаць, а нашы дзеці ведаць, калі і як перакройваліся беларускія граніцы ва ўгоду чужым нацыянальным інтарэсам і як гэта – жыць на роднай зямлі, але ў чужой дзяржаве». 
У Год гістарычнай памяці будуць прыкладзены ўсе намаганні, каб Дзень народнага адзінства яшчэ мацней загучаў фактамі, падзеямі і імёнамі. Па словах Прэзідэнта, гэта будзе адказ дамарошчаным рэваншыстам, якія мараць разбурыць сістэму, што ўжо 28 гадоў забяспечвае незалежнасць дзяржавы, цэласнасць нашых граніц і нацыянальнае адзінства. 

Кансалідацыя ўлады і грамадства


Прэзідэнт адзначыў, што для захавання краіны, яе незалежнасці, прагрэсіўнага руху наперад дзяржава прапанавала стваральную кансалідацыю ўлады і грамадства. 
Так, за мінулы год прыняты 22 заканадаўчыя акты, накіраваныя на забяспячэнне нацыянальнай бяспекі краіны. Узмоцнены прававыя механізмы абароны суверэнітэту і канстытуцыйнага строю. 
Выдадзены адпаведны дэкрэт, нормы якога ўключаны ў праект канстытуцыйных змяненняў. Папярэдзілі нарастанне экстрэмізму, навялі парадак на вуліцах. Скарэкціравалі атрыманне і выкарыстанне замежнай бясплатнай дапамогі. Удасканалілі падыходы да дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, павысілі адказнасць за паводзіны ў віртуальнай прасторы, прынялі меры па захаванасці персанальных дадзеных. Сёння ўвесь свет ідзе па гэтым шляху. 

Па словах Кіраўніка дзяржавы, у многіх краінах ужо рэгламентавана дзейнасць нават такіх сусветных гігантаў як Google і Meta, Telegram, істотна павышана адказнасць медыйных суб’ектаў. «Нарэшце і нашы законы ў гэтых сферах такія ж перадавыя, як у Еўропе і ЗША. Але паверце, авацый у наш адрас не будзе! Так, прававы асяродак стаў больш жорсткім, чым быў раней. Але гэтыя новыя правілы зменшаць уразлівасць нашага грамадства, створаць платформу для развіцця. У канчатковым выніку абароняць людзей ад нестабільнасці», – падкрэсліў беларускі лідар. 

Ён таксама нагадаў, што на падставе рашэнняў шостага Усебеларускага народнага сходу прынята і рэалізуецца Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021 – 2025 гады. Пры гэтым за мінулы выпрацаваны прававыя механізмы, якія дазваляюць удасканаліць сістэму адукацыі, падатковае заканадаўства, зямельныя адносіны, жыллёвую сферу, турыстычную галіну, сістэму кіравання дзяржаўнай маёмасцю. Рэалізуюцца прагрэсіўныя падыходы да развіцця інавацыйнай сферы, высокатэхналагічнага прадпрымальніцтва ў рэгіёнах. Пашыраны меры падтрымкі шматдзетных сем’яў і сацыяльна ўразлівых катэгорый грамадзян пры будаўніцтве жылля, у сферы пенсіённага забеспячэння. 

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: «Людзі ацанілі нашы дзеянні. Сацыялагічныя апытанні паказваюць высокі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці, адзінства і згуртаванасці. Відавочныя падтрымка сацыяльнай палітыкі, адабрэнне інтэграцыйных працэсаў, нашай пазіцыі па сусветных праблемах. Многія кардынальна перагледзелі свае погляды, зразумелі, што незалежная Беларусь – гэта найвышэйшае шчасце і нам нельга гэтага страціць. Грамадзяне адчулі сваю адказнасць за будучыню, асэнсавалі каштоўнасць міру. Але для развіцця гэтага мала. Патрэбны дзеянні! Актыўнасць!

Дзеля будучыні


Вяршыняй прымаемых прававых змяненняў заклікана стаць абноўленая Канстытуцыя, якая раскрые рэзервы для стварэння ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, заявіў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што Канстытуцыя – гэта заўсёды дагавор дзяржавы і грамадства. Існуючы Асноўны Закон, па сутнасці, выканаў сваю гістарычную місію. «У свой час мы не толькі адвялі народ ад бездны, але і сфарміравалі сваю ўласную дзяржаву. Беларусь навечна заняла, як сказаў паэт, «свой пачэсны пасад між народамі!». Час ісці далей», адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Завершана грамадскае абмеркаванне праекта Канстытуцыі, вынесена на рэферэндум абноўленая Канстытуцыя. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ да падрыхтоўкі шостага Усебеларускага народнага сходу былі абагулены тысячы прапаноў дыялогавых пляцовак, звязаных з канстытуцыйным будаўніцтвам. На працягу года працавала Канстытуцыйная камісія. Пасля дасканалага абмеркавання выпрацаваны ўніверсальны беларускі праект. 

Сацыяльная дзяржава


«У 2022 годзе сацыяльны блок расходаў кансалідаванага бюджэту не толькі захаваны, але і істотна прырос, склаўшы амаль палову ўсіх трат.  – Гэта сведчыць пра тое, што дзяржава рэальна клапоціцца пра патрэбы грамадзян. Павышэнне іх дабрабыту застаецца ў ліку прыярытэтаў», – заявіў беларускі лідар. 
Каля 70 % усіх расходаў у ахове здароўя застанецца за дзяржавай, а гэта амаль 9 мільярдаў рублёў. Не менш будзе патрачана на адукацыю – каля 8,6 мільярда. Каб было больш зразумела: уклад дзяржавы ў бюджэт сям’і за год навучання аднаго дзіцяці ў гарадской школе – 2 300 рублёў, а ў сельскай, дзе вучняў менш, – 5 200 рублёў. 

«Расходы на заробак бюджэтнікаў павялічацца амаль на 2 мільярды рублёў. Ужо з 1 студзеня павышана базавая стаўка, а дапамога на аздараўленне для работнікаў бюджэтных арганізацый павялічана з паловы да цэлага акладу», – патлумачыў Кіраўнік дзяржавы. 
Таксама прадугледжана 600 мільёнаў рублёў на ўстанаўленне новых надбавак. У прыватнасці, настаўнікам – за класнае кіраўніцтва і куратарства. Дадатковыя надбаўкі за работу ў галіне будуць устаноўлены для работнікаў сфер сацыяльнага абслугоўвання, фізкультуры і спорту, культуры. 

Не застануцца без увагі і тыя, хто ў мінулым заклаў падмурак нашага цяперашняга, падкрэсліў Прэзідэнт. «Прадоўжым рэгулярную індэксацыю пенсій і штогадовыя выплаты ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і прыроўненым да іх». 
Аднак, па словах Аляксандра Лукашэнкі, сацыяльная дзяржава мае і зваротны бок: зніжае матывацыю асобных грамадзян да працы і развіцця. Недарэмна акцэнтавалі ўвагу на праблеме ўтрыманства. Краіну не пабудаваць на спажывецтве і раўнадушшы. Але да кожнай сітуацыі павінны быць свае падыходы. Нельга сёння ў адзін момант адмяніць гэту падтрымку і льготы. «Гэтага не будзе ніколі, пакуль я Прэзідэнт», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Сёння час адаптыўнай сацыяльнай палітыкі. Падтрымліваючы пенсіянераў і развіваючы пенсіённую сістэму, важна не забываць і пра тых, каму належыць у цяперашні складаны час рухаць краіну наперад, – працоўны авангард. Таму патрэбны гнутнасць жыллёвай палітыкі, сістэма аплаты працы, вызначэнне аптымальных суадносін часу працы і адпачынку, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. 

Пра здароўе клапаціцца

У Беларусі створаць магутны біяцэнтр для распрацоўкі айчынных вакцын, заявіў Прэзідэнт. Не толькі для таго, каб вырабіць вакцыну для каронавіруса, але і лекі. 
Па словах Кіраўніка дзяржавы, у нас якасная бясплатная медыцына. Такой і застанецца. Але нават самая лепшая медыцына не здольна даць гарантыі. Чалавек сам павінен весці здаровы лад жыцця, правільна харчавацца, своечасова звяртацца да ўрача, займацца фізкультурай і спортам. 

Прэзідэнт катэгарычна не прымае прапановы ўбраць з Канстытуцыі норму пра абавязак чалавека клапаціцца пра сваё здароўе: «Гэта не са мной… Перажываюць, што медыцына будзе платнай. Наша медыцына, яе бясплатны характар прадэманстраваў сваю сілу. Таму мы ніколі не пойдзем на тое, каб бясплатную медыцыну знішчыць. Мы будзем яе ўдасканальваць і развіваць. І пры гэтым кожны павінен клапаціцца пра сваё здароўе. Калі гэтага не будзе, мы з кавіда ніколі не вылезем».

Вёскі будучыні ствараць

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што развіццё аграгарадкоў і перспектыўных сельскіх населеных пунктаў павінна працягвацца. 
«Неапраўдана зніжана ўвага мясцовых улад да аграгарадкоў. Але ж правялі каласальную работу, і ідэя іх стварэння матэрыялізавалася амаль ў 1 500 населеных пунктах. Прыгожыя катэджы на месцы састарэлых дамоў, дагледжаныя падвор’і, заасфальтаваныя вуліцы, газ, водазабеспячэнне, іншая неабходная інфраструктура – гэта прыцягвае тысячы людзей, якія любяць сваю зямлю і гатовы працаваць на ёй, ствараць сем’і і выхоўваць дзяцей», – адзначыў Прэзідэнт. Таму развіццё аграгарадкоў і перспектыўных сельскіх населеных пунктаў павінна працягвацца. Накірунак вызначаны – будаўніцтва «вёскі будучыні» па ўзоры Копысі Аршанскага раёна. 

Аляксандр Лукашэнка заклікаў выкарыстоўваць энергію людзей, якія захоплены ідэяй развіваць сваю малую радзіму да стандарта невялікіх гарадоў. Добры прыклад – аграгарадок Ціхінічы на Гомельшчыне, дзе мадэрнізавана вытворчая база і сацыяльная інфраструктура, а прывабнасць сельскага ладу жыцця і працы не ставіцца пад сумненне. Туды ўладкавацца працаваць няпроста. 
Прэзідэнт даручыў Ураду, мясцовым органам улады больш сістэмна падыходзіць да гэтай работы, а не зводзіць намечаныя мерапрыемствы пераважна да добраўпарадкавання і малазначных рамонтаў. «Выпрацуйце адзіныя крытэрыі да вызначэння «вёскі будучыні» і канкрэтныя меры, якія дазволяць дасягаць стратэгічнай мэты». 

Эканоміку развіваць


У эканоміцы, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, вытрымліваюцца ўсе тры ключавыя індыкатары балансаванага росту. Валютны курс стабільны, рост золатавалютных рэзерваў апярэджвае прагнозы, прафіцыт знешняга гандлю максімальны з 2012 года. Вось гэта дазволіла нават ва ўмовах санкцый скараціць знешнюю дзяржаўную пазыку. Як заканамерны вынік, захавалі станоўчую дынаміку рэальных даходаў насельніцтва і рэальнага заробку. 
«Не ўрэзалі ніводнай сацыяльнай праграмы, пабудавалі на 14 % больш жылля з дзяржпадтрымкай. У агульнай складанасці ўведзены ў эксплуатацыю 45 тысяч новых кватэр. Зараз ключавая задача – забяспечыць бягучую дынаміку, не зважаючы ні на якія санкцыі», – заявіў Прэзідэнт. 

Ён падкрэсліў, што наша краіна атрымала добры прыбытак як ад сельскай гаспадаркі, так і ад лесапрадукцыі: «Гэтыя дзве галіны, якія працуюць на мясцовай узнаўляемай сыравіне, забяспечваюць чвэрць знешнегандлёвых паставак (10,5 мільярда долараў). А колькі папрокаў мы выслухалі ў сувязі з маштабнымі інвестыцыямі ў сельскую гаспадарку і перапрацоўку. Але ж іншага шляху не было. Гэта наш рэсурс – і мы яго павінны перапрацоўваць». 
Ажыўленне сусветнай эканомікі спарадзіла вялікі попыт на беларускія тавары. Бо мы не спыніліся. Айчынныя прадпрыемствы скарысталіся такой знешняй кан’юнктурай, атрымаўшы нядрэнныя фінансавыя вынікі і практычна цалкам разгрузіўшы склады. У цэлым атрымана звыш 16 мільярдаў рублёў толькі чыстага прыбытку. 

Аналагічная тэндэнцыя, дадаў Прэзідэнт, і ў АПК: «Экспарт галіны дасягнуў максімальнага аб’ёму за апошнія дзесяць гадоў. Каля 7 мільярдаў долараў. Значыць, не толькі на нафце можна зарабляць. Не збыўся ніводны з прагнозаў так званых незалежных экспертаў ці міжнародных фінансавых інстытутаў. Мы пераўзышлі планавыя паказчыкі 2021 года па валавым унутраным прадукце амаль на 2,5 %». 
Лакаматывам выступіла прамысловасць, якую наша краіна не спыніла ў востры перыяд пандэміі: «Як вынік – небывалы за апошнія 10 гадоў тэмп росту вытворчасці (107 %). Сутнасць нашай эканамічнай мадэлі – эвалюцыйнае пераўтварэнне. Захаванне разумнага ўзроўню ўдзелу дзяржавы ў вытворчасці тавараў і паслуг, справядлівае размеркаванне даброт. Многія кажуць: вось, урад і дзяржава ўмешваюцца, дайце нам свабоду – не ўмешвайцеся. Запомніце: пакуль я Прэзідэнт, умешваемся і будзем умешвацца, калі ваш бізнес будзе ісці ўразрэз з інтарэсамі беларускага народа. Мы ж – дзяржава для народа. Таму трэба бачыць народ. Калі страцім з поля зроку народ, паўторым тое, што сёння адбываецца ў Казахстане». 

На шостым Усебеларускім сходзе, нагадаў Кіраўнік дзяржавы, народ выказаўся за захаванне такога эканамічнага курсу: «Мы яго прынялі. Гэты курс забяспечваецца ўсеагульнымі намаганнямі, укладам кожнага ў эканаміку і бюджэт краіны. Таму без моцнай эканомікі не будзе Беларусі як самастойнай дзяржавы. Негатыўныя прыклады іншых краін гэта пацвярджаюць. У нас створаны ўсе магчымасці, каб зрабіць Беларусь краінай, якая дынамічна развіваецца». 

Па матэрыялах
БЕЛТА і СМІ
Фота ўдзельнікаў мерапрыемства
БелТА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.