Рыбалка - увлечение № 1 у миярченко Инны Сипович
gazeta Сегодня, 09:33 150 Грамадства
Рыбалка – захапленне № 1 у міярчанкі Іны Сіповіч. Паспяхова распачала сезон: выцягнула шчупака на сем кілаграмаў. Пакуль гэта асабісты рэкорд, бо раней з самых важкіх трапляліся толькі «пяцёркі». Цяпер марыць пра шчупака на восем кілаграмаў.
Рыбаловам-аматарам метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Іна Сіповіч стала 16 гадоў таму. Сябар прапанаваў ёй з мужам разам парыбачыць. Першы раз выйшла на лёд на возеры Недрава ў Браслаўскім раёне.
– Калені падкошваліся. Баялася праваліцца, – успамінае. – Лавіла на вуду жыўцоў. Ад лункі страшна было адысціся. Так на адным месцы і сядзела.
Цяпер Іна па возеры бегае. Як толькі «страляне» сцяжок на жарліцы – хутчэй да лункі. Хто клюнуў? Выцягваць вялікую рыбу – асаблівы драйв. Аднойчы за хвост шчупака цягнула: у лёсцы заблытаўся.
Разам з тым заўзяты рыбалоў заўважае, што страх трапіць пад лёд нікуды не падзеўся. Таму асцярож-
насць на першым месцы. З сабой заўсёды пяшня. Адна не рыбачыць, толькі ў кампаніі з мужам.
– Гэта магчымасць пабыць разам, адпачыць, – адзначае Іна Валянцінаўна. – Нават калі вяртаемся без улову, гэта не азначае, што рыбалка не ўдалася. Пабылі на прыродзе, надыхаліся свежым паветрам. Асобнае задавальненне – гарачы чай, хлеб з салам, бутэрброды з каўбасой. Бывае, не клюе, прапаноўваю чаю папіць, толькі тэрмас адкрыю – сцяжок. Прыкмета спрацоўвае 50 на 50.
На зімовую рыбалку сямейная пара выпраўляецца на Браслаўшчыну або на азёры ў Себежскі раён. Гэта хобі не для тых, хто любіць даўжэй паспаць у выхадныя. Ад’езд у шэсць раніцы, жарліцы расстаўляюць яшчэ ў прыцемках, на возеры гадзін да трох дня. Летам вудзяць карасей, ляшчоў і лінёў на Міёршчыне.
Стравы з рыбы ў меню пастаянна. Смажаць, вараць юшку, засольваюць ікру, гатуюць катлеты.
– На фарш ідуць буйныя шчупакі. Замарожваю адразу з сырым салам у суадносінах тры да аднаго. Перамолваю ўсё на камбайне – і па пакетах. Пасля застаецца толькі дадаць нацертую на буйной тарцы цыбулю, соль, перац – і на патэльню, – дзеліцца лайфхакам гаспадыня. – Фарш добра захоўваецца. Восенню толькі скончыліся запасы з мінулай зімы. Муж у лютым у водпуску быў, і я дзесяць дзён адпачынку ўзяла. Якраз лёд стаў. Актыўна рыбачылі і за ўвесь час налавілі 34 кілаграмы шчупака.
Кожны выезд на рыбалку мае пісьмовую фіксацыю. Рыбалоўны дзённік муж Павел вядзе каля дзесяці гадоў. Дата, месца рыбалкі, надвор’е, улоў – такую інфармацыю ўтрымліваюць запісы.
– Цікава перачытваць, параўноўваць, прыемна ўспамінаць, – гаворыць Іна.
Любімыя перадачы мужа і жонкі – пра рыбалку. У адной з іх Іна Валянцінаўна даведалася рэцэпт стравы, якую часта гатуе. Дзеліцца ім з чытачамі газеты.
Хе са шчупака
Спатрэбіцца:v 300-400 г філе шчупака;
v 8 сталовых лыжак воцату;
v 4 сталовыя лыжкі соевага соусу;
v 3 сталовыя лыжкі алею;
v 4 зубкі часнаку;
v 1 цыбуліна;
v 1 буйная морква;
v перац чорны, каляндра (рус. кориандр), папрыка, соль на густ.
Філе максімальна ачысціць ад костак, нарэзаць палоскамі. Дадаць воцат, соевы соус, алей, спецыі. Часнок здрабніць ножыкам. Цыбулю нарэзаць паўкольцамі. На тарцы для морквы па-карэйску нацерці караняплод. Усё перамяшаць, накрыць талеркай і на суткі пакінуць у халадзільніку.
Кацярына Рынкевіч.
Фота з асабістага архіва Іны СІПОВІЧ.



