На экалагічным свяце «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» у цэнтры ўвагі быў чалавек працы

 На экалагічным свяце «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» ў другі раз акрамя прыродных багаццяў у цэнтры ўвагі быў чалавек працы. На паўвостраве ўшанавалі працаўнікоў вёскі, якія здабывалі хлебны каравай – 2023. Асаблівы гонар выклікае тое, што ў няпростых умовах надвор’я каласок да каласка яны збіралі ўраджай, забяспечваючы харчовую бяспеку рэгіёна і краіны.

Пашана хлебаробам

Раённыя «Дажынкі» распачаліся мітынгам. На плошчы Леніна ў райцэнтры сабраліся кіраўніцтва раёна, калектывы перапрацоўчых і сельгаспрадпрыемстваў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, жыхары Міёршчыны. У ліку гасцей – кіраўнік упраўлення земляробства, раслінаводства і кормавытворчасці камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Валерый Нярозя і намеснік гендырэктара па аграхімічным абслугоўванні ААТ «Віцебскі аблаграсэрвіс» Сяргей Аўчыннікаў.

Вітала ўдзельнікаў урачыстасці выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Дубіневіч:

– Дзякуючы вашым намаганням Міёршчына першая сустракае свята «Дажынак». Сёлетні год дадаў клопатаў тым, хто працуе на зямлі. Упэўнена, што ў наступным мы парадуем сваімі паказчыкамі Віцебскую вобласць.

Удзячныя сяльчанам і ўсе прысутныя. Бясконцая пашана вялікай колькасці людзей, праца якіх – у кожным бохане, які штодня кладзём на стол.

Ураджай у засеках, а гэтаму – магчымасці вырошчваць хлеб на вольнай зямлі, ствараць на дабрабыт малой радзімы – удзячныя пакаленню пераможцаў. Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да помніка ў гонар воінаў-вызваліцеляў Міёр, і святочнае шэсце скіравалася ў парк адпачынку «Паўвостраў». 

Значныя вынікі

 Цікавімся ў аграрыяў, у якіх умовах праходзіла ўборачная кампанія і якая цана сёлетняга хлеба. Намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Дзмітрый Міхалкіў падкрэслівае, што сабралі звыш 25 тысяч тон збожжа пры мінулагодніх 42 тысячах. Пры гэтым спрацавалі добра: зрабілі ўсё, што маглі, і нават больш.

Годны вынік у ААТ «Туркова». Першыя ў раёне намалацілі тысячу тон збожжа, а затым і другую. Першыя справілі «Дажынкі». Ганарыцца сваімі супрацоўнікамі старшыня Іван Юрашак. Уборачная прайшла ў сціслыя тэрміны, дружна сабралі ўсё да апошняга каласка. Ура-

джайнасць склала 24 ц/га па зерневых і 25,6 ц/га па яравым рапсе.

На рахунку СУП «Цітова» самы вялікі валавы намалот – 3 172 тоны збожжа.

Дырэктар райаграсэрвіса Віталь Дарожка заўважае, што сёлета ўраджайнасць меншая на 2 цэнтнеры на круг. Меншы і агульны намалот. Разам з тым аграрыі зрабілі ўсё, што ад іх залежала: своечасова пасеялі, унеслі ўгнаенні і гліфасаты, убралі.

– Асноўная рабочая сіла – камбайнер Юрый Варонька. Нягледзячы на тое, што ўбіраў амаль адзін, тысячу не набраў. Справіліся са сваімі плошчамі і скіраваліся на дапамогу ў ААТ «Узмёнскі край», – заўважае дырэктар. – Дзякую ўсім, бо кожны зрабіў свой унёсак.

У філіяле «Павяцце» таксама ў бітве за ўраджай аб’ядналіся ўсе. Напрыклад, галоўны інжынер Дзмітрый Немянёнак таксама сеў за руль камбайна.

Не губляе энтузіязму дырэктар СУП «Чэрасы» Алег Януковіч. Кажа, што вынікі ўборачнай больш сціплыя за леташнія, аднак на фураж збожжа пакінулі, на насенне таксама. Уражайнасць 24 ц/га – вышэйшая за сярэднераённую.

– Мы даберам ураджай, – упэўнены кіраўнік. – Дагэтуль нарыхтоўваем сена. Будзем забяспечаны кармамі – кампенсуем недабор зерня чымсьці іншым, напрыклад, кукурузай.

Лідары жніва

 Пачынаецца ўрачыстае адкрыццё свята, і ўсе кіраўнікі сельгасарганізацый займаюць свае месцы на сцэне. Іх вітае старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў:

– Галоўнае багацце нашага краю – людзі. Працавітыя, старанныя. Віншую вас з цудоўным святам. Вялікі дзякуй за тое, што забяспечваеце харчовую бяспеку раёна, вобласці, краіны. Дзякуючы вам – упэўнены – на нашых сталах будуць і малако, і хлеб, і мяса.

У пацвярджэнне слоў – стос узнагарод розных узроўняў. Падзяка старшыні Віцебскага аблвыканкама аб’яўлена трактарыстам-машыністам ВУПКУ «Міёрскі» Уладзіміру Савуцю і Рышарду Лукоўскаму з райаграсэрвісу. Ганаровую грамату камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама па выніках уборачнай – 2023 уручылі галоўнаму аграному СУП «Цітова» Святлане Сачыўка, падзяку – намесніку дырэктара па раслінаводстве ААТ «Туркова» Раману Гагалінскаму. Ганаровай граматай Віцебскага аблаграсэрвіса адзначаны намеснік дырэктара райаграсэрвіса Юрый Лагунёнак.

Усё, што мы маем на стале, створана рукамі нашых сельскіх працаўнікоў, заўважыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба. Уручыў ганаровыя граматы трактарысту-машыністу СУП «Цітова» Анатолю Сачыўка і вадзіцелю Івану Савуцю з ААТ «Туркова».

Ганаровыя граматы райвыканкама атрымалі вадзіцелі Іосіф Арсоба з ВУПКУ «Міёрскі» і Васіль Грэцкі з райаграсэрвісу, трактарыст-машыніст Ігар Станкевіч з ААТ «Туркова». Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена трактарысту-машыністу СУП «Чэрасы» Ігару Гаўрыловічу і вадзіцелю Андрэю Зэйкану з СУП «Цітова».

Лідзіравалі ў вытворчасці зерневых і зернебабовых культур СУП «Цітова», ААТ «Туркова» і СУП «Чэрасы» адпаведна.

Алена ВАРОНИНА.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.