Услаўлялі Ельню, свежы Хлеб і ўсіх, хто яго здабываў

 На двайное свята 24 верасня на паўвостраве сабраліся шматлікія госці. У адзінаццаты раз шумна, весела, цікава ўслаўлялі Ельню з яе верхавымі і пераходнымі балотамі, дзе знаходзяць часовы прыстанак дзясяткі тысяч жураўлёў і спеюць карысныя журавіны. Традыцыйна шмат разнастайных пачастункаў прапаноўвалася на экасвяце, але сёлета вяршэнстваваў хлеб. На канцэртнай пляцоўцы галоўнымі героямі сталі працаўнікі сяла. Упершыню экалагічнае свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» спалучылі з раённымі «дажынкамі», што надало ўрачыстасцям асаблівыя сэнс і гучанне.

 

Хлеб – усяму галава. У крылатым выразе закладзена векавая мудрасць народа. Будзе хлеб – будуць мір, шчасце, заможнае жыццё. Ведаюць кошт гэтага аграрыі Міёршчыны. Сёлета іх агульны намалот склаў амаль 45 тысяч тон, што на 12 тысяч тон больш, чым летась. Кожная гаспадарка зрабіла значны ўнёсак у агульны каравай, заўважыў начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Шокель на ўрачыстым мітынгу на плошчы Леніна.

 

– Уборачная кампанія заўсёды была сур’ёзным экзаменам для хлебаробаў і сёлета выставіла рэальныя адзнакі арганізатарскім здольнасцям кіраўнікоў і спецыялістаў. У ёй удзельнічалі 59 камбайнаў, 13 экіпажаў перасягнулі тысячны рубеж. Адзін намалаціў звыш 2 тысяч. Высокую арганізацыю працы прадэманстраваў калектыў камбікормавага завода, які засыпаў у свае засекі больш за 20 тысяч тон ураджаю. Прыйшлося прыкласці пэўныя намаганні, каб збожжа дапрацаваць, бо звыш 70 % паступала вільготным, – гаварыў начальнік райсельгасхарчу.

Адзначаны заслугі не толькі прафесіяналаў у сельскай гаспадарцы, але і калектываў, якія па першым клічы прадастаўлялі людзей і тэхніку на дапамогу на жніве.

Удзячны мы не толькі за хлеб, але і за Вялікую Перамогу тым, хто коштам асабістага жыцця, непасільнай працы будаваў для нас мірную і светлую будучыню. Усклаўшы кветкі да мемарыялу ў гонар вызваліцеляў Міёр, святочным шэсцем аграрыі разам з пачэснымі гасцямі, у ліку якіх дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ад Полацкай сельскай выбарчай акругі № 28 Мікалай Шаўчук, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Белавус, кіраўніцтва раёна, калектывы прадпрыемстваў і ўстаноў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый накіраваліся на паўвостраў. Тут была магчымасць адпачыць, пачаставацца, завітаўшы на падворкі, якія адлюстроўвалі каларыт і быт розных куточкаў раёна. У іх афармленні задзейнічана не толькі калектыўная праца культработнікаў, педагогаў і прадстаўнікоў іншых сфер, але і аграрыяў таксама. Сельвыканкамы выступаюць каардынатарамі.

На ўрачыстай цырымоніі ўшанавання працаўнікоў сяла кіраўнік раёна Ігар Кузняцоў прыняў ад іх каштоўны падарунак – духмяны каравай 2022 года. А перадавікі атрымалі заслужаныя ўзнагароды – Ганаровыя граматы райвыканкама. Лідар жніва – калектыў СУП «Цітова», заняў першае месца па вытворчасці збожжавых і зернебабовых культур. На другім месцы аграрыі ААТ «Туркова», на трэцім – філіяла «Павяцце». Снапочкі і памятныя падарункі як сімвал павагі да працы, уручылі кіраўніку кожнай гаспадаркі раёна.

Хлебам здаўна вымяраюць магутнасць дзяржавы. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ад Полацкай сельскай выбарчай акругі № 28 Мікалай Шаўчук зачытаў прывітальны адрас міёрскім хлебаробам ад парламентарыяў. Падзяка за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў аб’яўлена начальніку райсельгасхарчу Аляксандру Шокелю і дырэктару СУП «Цітова» Францу Вершалоўскаму.

Намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Белавус звярнуў увагу на ўнікальнасць свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» і экалагічнасць нашай старонкі, чым мы па праву ганарымся. Добрыя словы прагучалі ў адрас працаўнікоў сяла, якія сёлета шчодра напоўнілі ўраджаем засекі Міёршчыны, што вымяраецца гіганцкімі намаганнямі. Наказ для ўсіх – развівацца далей, нарошчваць ураджайнасць. Падзяка старшыні аблвыканкама аб’яўлена трактарыстам-машыністам Ігару Гаўрыловічу з СУП «Чэрасы» і Аляксандру Осіпаву з «Цітова», а таксама галоўнаму інжынеру філіяла «Павяцце» Дзмітрыю Немянёнку.


Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.