Авторизация
 

Шуміліна сустрэў аграрыяў на "Дажынках-2021"

  Яшчэ ў перадсвітальным прыцемку вуліцы гарадскога пасёлка Шуміліна ператварыліся ў вялікі гасцінны двор з гандлёвымі і рамеснымі радамі, інтэрактыўнымі пляцоўкамі, культурнымі, спартыўнымі і забаўляльнымі зонамі. Са сваімі прысмакамі і сюрпрызамі сюды з’ехаліся дэлегацыі ўсіх раёнаў, прадстаўнікі прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў. Хмары, моцны асенні вецер крыху палохалі, але ўсё ж запанаваў гарачы святочны настрой. Частавалі, забаўлялі і віншавалі аграрыяў да позняга.

 

Алея славы – асаблівае месца для кожнага жыхара Шуміліна. З’явілася яно ў выніку маштабнай рэканструкцыі цэнтральнага парка да абласных дажынак. Свята аграрыяў пачалося ўскладаннем кветак да воінскага пахавання. Усяго ў райцэнтры аднавілі больш за сто аб’ектаў. Сярод найбольш значных – сярэдняя школа № 1. Для самай буйной установы адукацыі раёна, дзе налічваецца каля 900 вучняў, сёлета пачаўся новы этап гісторыі. Яна атрымала статус школы будучыні. Раённы цэнтр культуры дзякуючы абласным дажынкам будзе адзначаць другі дзень нараджэння. Ад мінулага будынка, гісторыя якога налічвае больш за 45 гадоў, засталіся фактычна толькі сцены. Новая глядацкая зала з галоўнай сцэнай, адрамантаваныя памяшканні, сучасная апаратура – усё для камфорту людзей.

 

Належныя ўмовы створаны і для заняткаў на стадыёне, якія пабудаваны па сучасных тэхналогіях. Яго ўрачыста адкрылі ў цэнтры Шуміліна падчас свята хлебаробаў. Нагадваць мясцовым жыхарам пра буйны фэст у пасёлку будуць і адноўленыя чатыры дзіцячыя садкі, клініка-дыягнастычная лабараторыя, паліклініка, цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, гісторыка-краязнаўчы музей. Капітальным і бягучым рабонтам было ахоплена звыш 40 шматпавярховых дамоў, змянілі знешняе аблічча асноўныя вуліцы, упрыгожылі пасёлак новыя месцы адпачынку.

 

У насычанай праграме дажынак – агляд сельскагаспадарчай тэхнікі. Вытворцы прадставілі больш за 50 экспанатаў, трэць з якіх вырабляюць прадпрыемствы паўночнага рэгіёна. Акрамя таго, на свяце можна было ўбачыць канчатковы вынік нялёгкай працы ўсіх хлебаробаў Віцебшчыны – галоўны святочны каравай. Яго вышыня – два метры, вага – сто кілаграмаў. Каларытны знешне ён, перш за ўсё, прываблівае бусламі, якія кружаць побач з гербам. Знешняе афармленне цалкам адпавядае назве «Беларусь пад белымі крыламі». Кулінарны шэдэўр прэзентавалі хлебапёкі «Віцебскхлебпрама». Акрамя таго, кожны раён прадставіў на выставе свае караваі і дажыначныя снапы.

 
Маляўнічае шэсце – добрая традыцыя на абласных дажынках. Самабытныя дэлегацыі раёна крочылі пад бадзёры перазвон музычных інструментаў, маршы духавых аркестраў і барабанны дроб. Камбайнеры, механізатары, вадзіцелі, аграномы, а таксама кіраўнікі гаспадарак вобласці, чыў уклад у агульны каравай, які сёлета заважыў 780 тысяч тон зерня, прызнаны найбольш значным, ішлі па цэнтральнай вуліцы Шуміліна да галоўнай сцэны свята за заслужанымі ўзнагародамі. Героям жніва шчыра і ад душы дзякавалі за самаадданую працу.
Самымі паспяховымі раёнамі на ўборачнай прызнаны Віцебскі, Полацкі, Дубровенскі, Лепельскі і Міёрскі. Сярод аграпрамысловых аб’яднанняў найлепшыя Верхнядзвінскі масласырзавод і Аршанскі мясакансервавы камбінат.

 
 У віншавальнай прамове старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў адзначыў, што сёлетні сельскагаспадарчы сезон для паўночнага рэгіёна, як і для ўсёй краіны, выдаўся не самым спрыяльным. Анамальная спёка прывяла да недабору ўраджаю. У апошнія гады прырода прыпадносіць непрыемныя сюрпрызы. Таму неабходна зрабіць вывады і перабудаваць работу раслінаводчай галіны з улікам максімальнага адыходу ад уплыву кліматычных умоў на працэсы вытворчасці. Пры гэтым трэба выключыць наслаенне сельскагаспадарчых работ, забяспечыўшы ў абавязковым парадку своечасовае пераўзбраенне.

 
Мікалай Шарснёў адзначыў, што, перш за ўсё, варта максімальна павялічыць плошчы пад азімыя зерневыя і крыжакветкавыя культуры – рапс і сурэпіцу. Частку пасеваў, прызначаных для нарыхтоўкі фуражнага зерня буйной рагатай жывёле, без давядзення да ўборачнай спеласці, убіраць на зернесенаж. Такім чынам, выключаючы затраты на сушку, дапрацоўку і захоўванне зерня, змяншаецца нагрузка на камбайн. Перавага і эканамічная эфектыўнасць такога накірунку бясспрэчная.

 
Акрамя таго, за кошт павелічэння пасеваў азімага ячменю і сурэпіцы, культур з больш раннімі тэрмінамі выспявання з’яўляецца магчымасць змясціць пачатак уборачных работ са жніўня на ліпень. Пры гэтым трэба зменшыць плошчы пад яравы рапс, абмалот якога, як правіла, зацягваецца і пераходзіць на верасень. Немалаважны прафесіяналізм, граматная арганізацыя працы, максімальная нагрузка энерганасычанай тэхнікі, выкарыстанне яе на асноўных відах работ у двухзменным рэжыме.

 
Павінна стаць нормай апрацоўка глебы за адзін праход адпаведным агрэгатам, як і падбор сельгаскультур, жорсткае выкананне севазвароту і шэрагу іншых патрабаванняў. Толькі ў гэтым выпадку можна ўдвая хутчэй і больш якасна выконваць палявыя работы. Перадавыя сельгаспрадпрыемствы Віцебшчыны ў гэтым накірунку зрабілі ўжо шмат і атрымліваюць вартую ўраджайнасць незалежна ад умоў надвор’я. Напрыклад, «Ларынаўка» Аршанскага раёна – 75,4 цэнтнера з гектара, Талачынскі кансервавы завод – 48,9, «Мазалавагаз» УП «Віцебскаблгаз» – 45,9 ц/га, «Шайцерава» Верхнядзінскага раёна – 42,5, «Гараны-Агра» Полацкага – 42,1. Віцебская бройлерная птушкафабрыка забяспечыла валавы намалот звыш 50 тысяч тон зерня, апярэдзіўшы па гэтым паказчыку шаснаццаць раёнаў вобласці. З кожнага гектара тут сабрана 39,5 цэнтнера. Адзначана, што палову атрыманага ўраджаю сфарміраваў Аршанскі раён, які пераадолеў стотысячны рубеж па намалоту. Агульны склаў 108 тысяч тон зерня.

 
 На ўборцы працавалі звыш тысячы збожжаўборачных экіпажаў. Тысячны намалот пераадолелі 261, двухтысячны – 26, двое пераўзышлі трохтысячны. Абсалютны рэкорд сёлетняй уборачнай – 4 168 тон устанавіў сямейны падрад бацькі і сына Валянціна і Уладзіслава Лапцінскіх з «Межава-Агра» Аршанскага раёна. На працягу ўсяго жніва яны ўпэўнена ўзначальвалі рэйтынгавую табліцу перадавікоў.

 
Важкі ўклад у агульны каравай і нашых аграрыяў. Міёрскі раён заняў трэцяе месца ў другой групе і ўзнагароджаны дыпломам і грашовай прэміяй у суме 5,8 тысячы рублёў. Падзяка старшыні аблвыканкама аб’яўлена дырэктару СУП «Цітова» Францу Вершалоўскаму. Ганаровай граматай Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні адзначаны галоўны аграном чэраскай гаспадаркі Уладзіслаў Карсюкевіч.

 
Разам з цёплымі словамі падзякі за самаадданую працу ўздымалі настрой творчыя калектывы і самадзейныя артысты вобласці. Песняй «Хлеб – усяму галава» чулліва распачаў урачыстасць зводны хор Віцебскай вобласці. Кранальныя словы гледачы слухалі стоячы. Пачэсна і ганарова, што ў складзе салістаў выступала і наша зямлячка Дзіяна Маляўка. З яе ўдзелам гучала і фінальная песня дажынак.

 
Не толькі спевакі і музыкі радавалі і здзіўлялі майстэрствам. У праграме забавы на любы ўзрост і густ. Творчыя пляцоўкі і інтэрактыўныя выставы, спартыўныя мерапрыемствы, святочны гандаль і горад майстроў. Для гасцей свята пачалося з вакзала, дакладней – са станцыі Шуміліна. Сёлета яна адзначае 155 гадоў. Тут разгарнуліся стылізаваныя чыгуначныя пляцоўкі з ідэяй «Нас аб’ядноўваюць вехі і дарогі». На імправізаванай павятовай станцыі пачатку 20 стагоддзя сустракалі з аркестрам.

 
Інтэрактыўныя пляцоўкі разгарнулі выратавальнікі і дзяржаўная аўтаінспекцыя. Тут не проста рабілі эфектныя фота на памяць, напрыклад, дзятва скарысталася магчымасцю апынуцца ў перакуленым аўтамабілі. Пасля такога атракцыёна будзеш памятаць пра правілы бяспечнага руху. Для малых і дарослых не толькі актыўныя, але і пазнавальныя пляцоўкі, нават экспазіцыя партызанскага быту, сапраўднай ваенна-палявой кухні і адпаведны песенны рэпертуар.

 
Традыцыйна кожны раён прадставіў уласны брэнд, на сваіх падворках прэзентавалі тое, чым багаты. Міярчане былі адметныя самабытнай творчасцю. Забаўлялі гасцей завадная «Язынка», брэндавыя роставыя лялькі Журавель і Журавінка. Жыхары і госці Шуміліна захапляліся прафесіяналізмам і талентам працаўнікоў розных сфер дзейнасці Віцебшчыны. У кожнага «Дажынкі-2021» пакінулі незабыўныя эмоцыі. У наступным годзе будзе здзіўляць Глыбокае, якое прыме абласны фестываль-кірмаш аграрыяў. Адтуль свята перамесціцца ў суседнюю Шаркаўшчыну. 

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта