Фельдшер Узменского ФАПа Людмила Сахонько доброжелательно встречает каждого
gazeta Вчера, 10:36 310 Здароўе / Грамадства
Адчуваць сябе лепш разам з лекамі і працэдурамі пацыенту дапамагаюць добрыя словы і цёплая ўсмешка медыка, упэўнена фельчар Узмёнскага ФАПа Людміла Сахонька. Добразычліва сустракае кожнага, хто пераступае парог медустановы, дзе працуе 22 гады.
Выбар свядомы і ўзважаны
Рабочы дзень фельчара распісаны па гадзінах. Раніца пачынаецца з візіту ў дзіцячы сад, што знаходзіцца па-суседстве з ФАПам. Трэба правесці бракераж прадуктаў, агледзець дзяцей. Заглядвае і ў школьную сталовую.
З васьмі да дзесяці – прыём пацыентаў.
– Працэдурны кабінет не пустуе, – заўважае фельчар. – Праводжу працэдуры па прызначэнні ўрача. Сярод іх унутрывенныя і ўнутрымышачныя ін’екцыі, забор крыві, перавязкі, вымярэнне ціску ўнутры вока і іншыя. У мінулым годзе атрымалі кардыёграф, можна на месцы зрабіць кардыяграму.
Пасля дзесяці раніцы Людміла Сахонька скіроўваецца на ўчастак. У другой палове дня зноў на ФАПе. Акрамя пацыентаў патрабуе ўвагі дакументацыя. Раз на тыдзень на ФАПе вядзе прыём урач агульнай практыкі Даўгінаўскай амбулаторыі Ганна Блажэвіч. Фельчар абавязкова прысутнічае. Другі год з доктарам скіроўваецца праводзіць працэдуры ў Лявонпаль. Дарэчы, гэтае месцейка таксама прапаноўвалі Людміле падчас размеркавання ў Полацкім медвучылішчы. Выбрала Узмёны, адкуль было зручней дабірацца да дома.
– Мая малая радзіма – вёсачка Рунды ў Завуццеўскім сельсавеце. Вучылася ў Папшулёўскай СШ, – расказвае суразмоўніца. – Па прыкладзе старэйшай сястры думала стаць настаўніцай. У дзявятым класе трапіла ў Дзісненскую бальніцу і прыйшла ў захапленне ад справы медсясцёр. Назірала за іх работай і здзіўлялася, колькі ўсяго яны ведаюць, як разбіраюцца ў леках. Зацікавілася медыцынай, пачала літаратуру чытаць. Мой выбар прафесіі быў свядомы і ўзважаны.
На працу – з радасцю
Дзверы Узмёнскага ФАПа Людміла ўпершыню адчыніла ў жніўні 2003 года. Заўважае, напачатку былі і слёзы, і страх. Вёска – чужая і зусім не знаёмая. Цяпер ведае тут кожную сцежку, кожны дом, кожнага жыхара і яго гісторыю, як акрэ- сленую ў медкарце, так і асабістую. Да кожнага пацыента ўмее знайсці падыход. На сувязі з вяскоўцамі па-за рамкамі рабочага дня.
– Нумар майго мабільнага, напэўна, ёсць у кожнага. Адказваю на званкі і ўвечары, і ў выхадны. Ведаю: проста так тэлефанаваць не будуць, – заўважае Людміла Анатольеўна. – Медыцына – не проста прафесія, гэта лад жыцця. І калі рабочы дзень скончыўся, гэта не азначае, што ты перастаў быць медыкам. На бязгучны рэжым тэлефон стаўлю толькі на ноч. У першую чаргу гэта клопат пра сон малодшай дачушкі Маргарыты, яна ў трэці клас перайшла. Старэйшая Дар’я сёлета скончыла акадэмію сувязі і па размеркаванні трапіла ў Гомель. Нашмат далей ад дома, чым я ў свой час.
Фельчар ніколькі не шкадуе, што калісьці выбрала Узмёны. Месцейка стала ёй родным, даўно тут свая. ФАП нібы другі дом. Хочацца, каб ён быў утульным знутры і прывабным знешне. У гэтым дапамагае санітарка Алена Шамшур.
За 22 гады Людміла ні разу не задумалася пра змену прафесіі.
– Лічу, што я на сваім месцы, нават гэтым ганаруся. Кожны дзень з радасцю іду на працу, – падкрэслівае яна. – Маё правіла – сустракаць наведвальнікаў у добрым настроі і з цёплай усмешкай. Гэта ж таксама лекі. Рознае здараецца, бывае цяжка на душы. Аднак гэта не павінна ўплываць на рабочыя стасункі. Асабістае – важна, але трэба пачакаць да канца рабочага дня. На працы перш-наперш пацыенты і іх здароўе. Любоў да людзей – вельмі важны складнік у медыцыне.
Вяскоўцы таксама пра фельчара клапоцяцца. Часта Людміла Анатольеўна чуе фразу «добра, прыйду на дыспансерызацыю, вам жа трэба, а то пакараюць». Штораз тлумачыць, што кожны сам павінен падумаць пра сваё здароўе. І калі нічога не баліць, гэта яшчэ не азначае, што ўсё ў парадку. Сярод захворванняў, якія штогод выяўляюць у жыхароў на ўчастку абслугоўвання Узмёнскага ФАПа, найбольш распаўсюджаны хваробы сэрца, цукровы дыябет.
Складнікі здароўя
Любую хваробу лепш папярэдзіць, чым лячыць. З гэтым згодны кожны медык, і Людміла Сахонька не выключэнне. Па яе меркаванні, «тры кіты» здароўя: паўнацэнны сон, умеранае збалансаванае харчаванне і пасільная фізічная нагрузка. Прытрымліваючыся гэтых прынцыпаў, многія захворванні можна папярэдзіць. Сама фельчар, зразумела, выбірае здаровы лад жыцця. У раскладзе вольнага часу пастаянна ёсць месца для пешых і велапрагулак.
У зону абслугоўвання ФАПа акрамя Узмён уваходзяць вёскі Пераслова, Пераслоўка, Труды і Брыжынкі. Туды таксама часам дабіраецца на веласіпедзе, але часцей прадастаўляюць службовы транспарт.
– Прывыкла быць у руху. Наўрад ці змагла б працаваць там, дзе ўвесь час трэба знахо- дзіцца на адным месцы, – адзначае фельчар. – Цяпер значны акцэнт на прафілактыцы. Праводжу гутаркі ў школе, удзельнічаю ў сустрэчах, што праходзяць у бібліятэцы, клубе. Наведваючы пацыентаў, таксама нагадваю ім, як зберагчы здароўе. Пастаянныя стасункі патрабуюць шмат энергіі, часам у канцы дня нібы выціснуты лімон. Разам з тым быць патрэбнай – сапраўдная радасць.
Рэлакс для медыка – дамашняя кулінарыя з дэтэктыўнымі серыяламі на фоне. Напаўняе душу цеплынёй час, праве- дзены з малодшай дачушкай. Маргарыта чытае для матулі, абмяркоўваюць прачытанае.
У самой Людмілы літаратура медыцынская. Абавязковая для прафесіі, дзе знайшла сябе. Напэўна, самарэалізацыю ў абранай справе таксама можна аднесці да складнікаў здароўя і жыццярадаснасці.