Первый утренник в Миорском "Журавлике"
gazeta 1-01-2024, 12:30 765 Адукацыя і выхаванне / На Міёршчыне
Под самый потолок высится ель с пахучими ветками, украшенными разноцветными шарами. Дружно подмигивают детским улыбкам огоньки гирлянд. Кружится хоровод, звучат музыка и песни. Целую неделю царила праздничная атмосфера в детском саду "Журавлик". Поочередно подражали в группах эстафету новогодних утренников. На одном из них побывали корреспонденты газеты.
Пад самую столь высіцца елка з пахкімі галінкамі, упрыгожанымі рознакаляровымі шарамі. Дружна падмігваюць дзіцячым усмешкам агеньчыкі гірлянд. Кружыцца карагод, гучаць музыка і песні. Цэлы тыдзень панавала святочная атмасфера ў дзіцячым садзе «Жураўлік». Па чарзе пераймалі ў групах эстафету навагодніх ранішнікаў. На адным з іх пабывалі карэспандэнты газеты.
Для «Жураўліка» гэта першы Новы год. Адкрыццё ўстановы адбылося 25 жніўня.
– Першым часам не раз даводзілася заблукаць у калідорах будынка, – з усмешкай прыгадвае намеснік загадчыка садка Таццяна Жук. – Аднак адаптацыя прайшла хутка. Ды і часу на раскачку не было. За няпоўныя чатыры месяцы прынялі шмат гасцей. Паглядзець наш дзіцячы сад прыязджалі калегі з Верхнядзвінска. Нядаўна прымалі прэс-тур групы «Выдавецкага дома «Педагагічная прэса». Завітала тэлевядучая Святлана Бароўская, чакаем выпуск «Добрай раніцы, Беларусь!» 20 студзеня.
Наўрад ці магчыма самастойна зарыентавацца ў трохпавярховым будынку з некалькімі ўваходамі і мноствам памяшканняў, трапіўшы сюды ўпершыню. На экскурсію скіроўваемся з Таццянай Віктараўнай.
– З мэтай бяспекі і зручнасці для бацькоў і гасцей уваход адзін. Днямі ў садку абсталявалі дзённы ахоўны пост, дзяжурыць супрацоўнік аддзялення аховы, – заўважае яна і прапаноўвае пачаць прагулку з першага паверха.
Тут насупраць паста аховы знаходзіцца свайго роду навігатар па ўстанове. На стэндзе абазначана, дзе якія групы і памяшканні знаходзяцца. Усяго ў «Жураўліку» дванаццаць груп. На кожным паверсе па чатыры. Малодшыя размясціліся на першым. Яшчэ да пераезду ў новы будынак адміністрацыя і выхавацелі прадумалі для кожнай групы назву і адпаведнае афармленне памяшканняў. Самым маленькім – «Карапузікам» – ад годзіка да двух. Іх у групе восем. Са слоў намесніка загадчыка, гэта самыя актыўныя наведвальнікі садка.
Зазірнулі да «Кропелек». У групе дванаццаць выхаванцаў ад двух да трох гадоў. Максімальная напаўняльнасць – пятнаццаць дзяцей. Займаецца з малечай выхавацель Анастасія Лабецкая.
– Працую трэці год. У «Жураўлік» перайшла з дзіцячага сада № 1, – расказвае яна. – Вельмі задаволена ўмовамі працы. Усё новае, прыгожае. Хочацца гэта берагчы.
У кожнай групе зала для заняткаў і спальня знаходзяцца ў асобных памяшканнях. Прадугледжаны рэсурсны пакой для выхавацеля. Разам з метадычнымі матэрыяламі, гульнямі, цацкамі на паліцах можна захоўваць неабходныя прадметы быту.
Па апетытным водары адразу здагадаешся, дзе знаходзіцца харчаблок. Таксама на першым паверсе медыцынскі блок, пральня і басейн.
Заняткі на вадзе праводзіць з дзеткамі кіраўнік фізічнага выхавання Раіса Алёхна.
– Малеча любіць ваду. Толькі некаторыя баяцца. Займаемся з кругамі. Да кожнага дзіцяці імкнуся знайсці падыход. Калі хто няўпэўнена сябе адчувае, трымаю за круг. Бачу, што пасмялеў – паціху адпускаю, – дзеліцца сваёй методыкай. – На заняткі ў басейн прыходзяць дзеці ад трох гадоў. Медсястра пастаянна дзяжурыць.
Паветра ў памяшканні вільготнае і цёплае. На электронным тэрмометры плюс 26. Толькі таму, што пакуль вокны прыадчынены для праветрывання. Падчас заняткаў яшчэ цяплей. Тэмпература вады ў басейне – 29 – 32 градусы. Незалежна ад надвор’я на вуліцы тут заўсёды пануе лета.
Тым часам у групах і калідорах – яркая зіма. На адной з лесвічных пляцовак размясцілася выстава навагодніх вырабаў. Дзеці з бацькамі стварылі пазітыўны настрой сваімі рукамі. Галоўны ж святочны акцэнт – у музычнай зале на трэцім паверсе, дзе праходзяць усе мерапрыемствы. Таму, мінуўшы другі паверх, дзе разам з групамі размясціліся кабінеты адміністрацыі, настаўніка-дэфектолага, залы для гімнастыкі і заняткаў фізкультурай, падымаемся далей. Да пачатку ранішніка ў групе «Рамонкі» яшчэ ёсць час. Зайшлі павітацца з «Зорачкамі» і іх выхавацелем Валерыяй Сідарчук.
– Па зменах працую ў дзвюх групах. Адна на першым паверсе, другая – на трэцім, таму ў новым садку хутка навучылася арыентавацца, – заўважае суразмоўніца. – Старэйшыя дзеці больш самастойныя, могуць самі гульні ладзіць. Малодшыя куды больш увагі патрабуюць. Што да ўмоў працы – камфортна, зручна, утульна. Мая дачушка займаецца ў старэйшай групе «Вясёлка», ёй вельмі падабаюцца новыя цацкі і мэбля.
Рада змене абстаноўкі музычны кіраўнік Алена Гедравец, якая ў дзіцячым садку № 2 занята шмат гадоў.
– Цудоўна тут. Прастор для творчасці, – коратка акрэслівае свае ўражанні і спяшаецца ў музычную залу на ранішнік.
Мы ўслед за ёй. Тут ужо занялі свае месцы бацькі, прыгатавалі мабільныя тэлефоны для фота- і відэаздымкі. Усім хочацца захаваць яркія моманты дзіцячай радасці. Загадзя паклапаціліся пра навагоднія ўборы для сыноў і дачушак. Тут і Матылькі, і Сняжынкі, і Чалавек-павук, і Дракончык, і розныя іншыя героі. Танцавалі, з песнямі вадзілі карагоды вакол елкі, адгадвалі загадкі, расказвалі вершыкі Дзядулю Марозу і атрымлівалі салодкія падарункі. Нават Злючка-Калючка, якая напачатку хацела сапсаваць навагодняе свята, не ўстаяла перад дзіцячай непасрэднасцю і шчырасцю. Казачнае дзейства доўжылася больш за паўгадзіны. Час праляцеў неўпрыкмет. І для ўдзельнікаў свята, і для гледачоў.
Сцэнарыі і працягласць ранішнікаў у групах адрозніваліся, аднак па колькасці дзіцячых эмоцый паміж імі можна ставіць знак роўнасці. З усмешкамі, радасцю і святочным настроем уступае «Жураўлік» у свой першы Новы год. Няхай ён будзе шчаслівым!
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.



