В Дисне прошел праздник "Папа, мама, я-спортивная семья"
gazeta 5-02-2025, 14:11 568 Сямейны лад / На Міёршчыне
Вырасціць дзіця моцным і здаровым – жаданне бацькоў і адна з вядучых задач, якія стаяць перад настаўнікамі фізкультуры. Калі разумовую працу чаргаваць з фізічнай, то значных поспехаў можна дабіцца і ў вучобе, і ў спорце. Яшчэ важней паказваць дзіцяці свой прыклад. Напярэдадні выбараў у фізкультурна-спартыўным клубе ў Дзісне адбылося свята «Тата, мама, я – спартыўная сям’я».
На старт выйшлі чатыры каманды: Яўген і Ганна Высоцкія з дачкой Дар’яй, Юрый і Таццяна Кураш з сынам Цімафеем, Мікіта і Дар’я Навіцкія з дачкой Сафіяй, Аляксандр і Вольга Таболы з дачкой Ганнай. Самыя спартыўныя, азартныя і дружныя сем’і спаборнічалі ў спрыце, сіле, хуткасці. Ключавая ўмова ўдзелу ў свяце – быць прыхільнікам здаровага ладу жыцця ці гатовым папоўніць іх рады. А з якімі вынікамі каманда прыйдзе да фінішу, залежала толькі ад яе згуртаванасці і арганізаванасці.
Мерапрыемства пачалося з пастраення і прывітання каманд. А ў спаборніцтвах спартыўны запал і жаданне перамагчы захоплівалі як дзяцей, так і дарослых. Кожны імкнуўся прыйсці да фінішу першым. Усе этапы гэтага захапляльнага спаборніцтва праходзілі ў напружанай барацьбе. Згуртаванасць, хуткасць і спрыт дапамаглі сем’ям годна вытрымаць іспыты.
У выніку лідзіравала сям’я Кураш, на другім месцы Таболы, трэцяе раздзялілі Навіцкія і Высоцкія. Усе каманды ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі і медалямі, атрымалі падарункі, зарад бадзёрасці і мора станоўчых эмоцый.
Арганізатары свята выказваюць удзячнасць БРСМ, старшыні гарвыканкама Яўгенію Барану, ІП Свірыдзенка Д. В. за дапамогу ў набыцці прызоў. Спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва ў рабоце па папулярызацыі здаровага ладу жыцця.
Святлана ГІРЖДА, настаўнік фізкультуры Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна.
Фота прадаставіў аўтар.


