Семье Ашурко из Нового Погоста идет 51-й год
gazeta 21-01-2025, 09:23 4 429 Сямейны лад / Вясковае жыццё
Доверять, прощать, уступать. На таких принципах держится семья, считают Анатолий Иванович и Елена Викентьевна Ашурко из Нового Погоста. Эти составляющие семейного благополучия проистекают из их собственного опыта. А он заслуживает внимания и уважения – семье Ашурко идет 51-й год.
Давяраць, дараваць, саступаць. На такіх прынцыпах трымаецца сям’я, лічаць Анатоль Іванавіч і Алена Вікенцьеўна Ашуркі з Новага Пагоста. Гэтыя складнікі сямейнага дабрабыту вынікаюць з іх уласнага вопыту. А ён заслугоўвае ўвагі і павагі – сям’і Ашуркаў ідзе 51-ы год.
Залатое вяселле Анатоль Іванавіч і Алена Вікенцьеўна адзначылі ў лістападзе мінулага года. На ўрачыстасць сабралася ўся сям’я, якая ў пашыраным саставе налічвае чатырнаццаць чалавек. Толькі старэйшы ўнук не змог прыехаць з-за дзяжурства на службе. Напярэдадні дзеці са сваімі сем’ямі запісалі для бацькоў відэавіншаванне з мноствам добрых слоў і шчырых пажаданняў. Цяпер гэта адно з каштоўных відэа сямейнага архіва. У ліку падарункаў на залатое вяселле – тэлевізар і вялікі партрэт таты з мамай, напісаны майстрам па фотаздымку.
«Ні з кім не сябруй, прыйдзе Ашурка з арміі»
Гісторыю свайго знаёмства залатыя маладыя прыгадваюць з цеплынёй і ўсмешкамі. Алена Вікенцьеўна заўважае, што будучага мужа ведала яшчэ да сустрэчы з ім.
– Працавала на ФАПе ў Ідолта. Калі прыходзіла на выклікі да пажылых жанчын, усе яны, нібы згаварыўшыся, мне наказвалі: «Ні з кім не сябруй, прыйдзе Ашурка з арміі». Спачатку я спакойна да гэтага ставілася, а пасля нават раздражняць пачало, – смяецца суразмоўніца і працягвае: – Пазнаёміліся на танцах. Кажу: «Я – Алена, а ты, ведаю, Толік». А ён у адказ: «Не Толік, а Анатоль Іванавіч». Горды быў хлопец.
Чаму яны выбралі адно аднаго, нават праз пяцьдзясят гадоў растлумачыць не могуць. Відаць таму, што сапраўднае каханне не паддаецца тлумачэнню. Яно нараджаецца ў душы і размаўляе выключна на мове пачуццяў, якія з часам толькі мацнеюць.
Вяселле згулялі праз год пасля знаёмства.
– Прапанову не рабіў, – заўважае Алена Вікенцьеўна. – Я паехала ў водпуск да бацькоў у Глыбоцкі раён. Ён аднойчы тэлефануе і просіць сустрэць з аўтобуса ў Глыбокім. Прыехаў і кажа, што вечарам трэба чакаць яго бацькоў з Мілашова – у сваты на поездзе едуць.
Дзень нараджэння сям’і Анатоля Іванавіча і Алены Вікенцьеўны Ашуркаў – 6 лістапада 1974 года. Рэгістравалі шлюб у Павяцкім сельсавеце. Вяселле гулялі тры дні.
Геаграфія працоўных і сямейных будняў
Сям’ю Ашуркаў ведаюць не толькі на малой радзіме гаспадара.
– Па свеце пераехалі, – заўважае Анатоль Іванавіч і пералічвае факты сваёй працоўнай біяграфіі. – Пачынаў вадзіцелем у саўгасе «Міёрскі», выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі. Затым прызначылі інжынерам па тэхніцы бяспекі. Дзесьці праз паўгода перавялі намеснікам старшыні калгаса «Іскра» з цэнтрам у Манякове, дзе пражылі пяць гадоў. У 1982-м у Мікалаёва пераехалі, мяне прызначылі сакратаром партыйнай арганізацыі ў калгас «Запаветы Леніна». Наступная пасада – старшыня калгаса «Рассвет» з цэнтрам у Волкаўшчыне, жыллё нам у Новым Пагосце прадаставілі. Тут і засталіся. Дом з часам прыватызавалі.
– Самыя светлыя і цёплыя ўспаміны звязаны з Мікалаёвам: мы маладыя, дзеці – школьнікі, цікава жылі, весела. З былымі суседзямі да цяперашняга стасункі падтрымліваем, – гаворыць Алена Вікенцьеўна. – Вельмі не хацелася адтуль пераязджаць. Столькі слёз праліла.
У Мікалаёве Алена Вікенцьеўна змяніла медыцынскую справу на педагагічную. Адчыніла і сем гадоў загадвала мясцовым дзіцячым садам. Калі пераехалі ў Новы Пагост, уладкавалася выхавацелем у садок у Волкаўшчыну, адкуль пайшла на адпачынак. Працоўная біяграфія Анатоля Іванавіча завяршылася ва УП ЖКХ, дзе восем гадоў адпрацаваў слесарам пасля рэарганізацыі калгаса, які ўзначальваў пятнаццаць гадоў.
Важна быць разам
На сценах ва ўтульным і гасцінным доме Анатоля Іванавіча і Алены Вікенцьеўны шмат фотаздымкаў у рамках. На іх гаспадары, дзеці, унукі, застылыя імгненні цёплых сямейных сустрэч.
– Для нас важна, каб сям’я збіралася разам. Перадаём гэта дзецям і ўнукам, – адзначае гаспадыня. – Любім гасцей, усё жыццё ў стасунках з людзьмі.
За сумесныя пяцьдзясят гадоў Анатолю Іванавічу і Алене Вікенцьеўне давялося прайсці праз многія выпрабаванні. Збіралі чамаданы і ўладкоўвалі быт на новым месцы. Везлі з сабой не толькі рэчы, але і хатніх гадаванцаў. Дзе б ні жылі, трымалі гаспадарку. Часам прымушала панепакоіцца здароўе.
Цяжкім ударам стала аварыя, у якой загінула родная сястра Алены Вікеньцеўны. Яе малодшую дачушку – сваю хрэсніцу, якой не было трох гадоў, забралі да сябе.
– Гэта наша трэцяе дзіця. Самая малодшая, напэўна, таму з ёй найбольш цесная сувязь. Цяпер Маша ў Падмаскоўі жыве, з мужам выхоўваюць чатырохгадовую дачушку Мар’яну. Штодня – раніцай і ўвечары – размаўляем па відэасувязі, два разы на год да нас прыязджаюць, – расказвае Алена Вікенцьеўна. – Сярэдняя дачка Алёна ў Наваполацку, у яе двое дзяцей: Паліна скончыла ўніверсітэт, Ягор вучыцца ў дзявятым класе. Старэйшы сын Анатоль у Оршы, нават не верыцца, што яму хутка пяцьдзясят, а ва ўнука Аляксея ужо свая сям’я. Дзеці – наша апора і падтрымка. Уважлівыя, клапатлівыя. Кажуць, мы для іх прыклад. Хоць, вядома, і мы не святыя, рознае здаралася.
Мінулы год выдаўся багатым на адметныя сямейныя падзеі. Ажаніўся старэйшы ўнук Аляксей, выйшла замуж унучка Паліна. 70-годдзе сустрэла Алена Вікенцьеўна. І бліжэй да фіналу 2024-га – залатое вяселле.
– Цяпер такі час надышоў – жыві ды радуйся. Вось толькі здароўе падво-
дзіць, – гаворыць гаспадыня. – Калісьці нават не думалася, што ўсё так хутка пройдзе. Нібы адзін дзень. Але ў душы адчуваю сябе не старэй за трыццаць.
– Жывём аптымізмам, – бадзёра падкрэслівае гаспадар.
Халоднымі зімовымі днямі Анатоль Іванавіч і Алена Вікенцьеўна бавяць час дома. Гаспадар любіць чытаць перыёдыку, гаспадыня – разгадваць сканворды. Разам глядзяць тэлевізар, аддаючы перавагу пазітыўным перадачам. З гадаванцаў цяпер толькі два каты, а вось агарод і кветнік застаюцца ў ліку клопатаў. Ад вясны да восені красуе мноствам кветак дагледжаны двор, дадаючы добрага настрою гаспадарам, іх родным і аднавяскоўцам.
Кацярына Рынкевіч.
Фота Казіміра Блажэвіча.





