2025 год многодетная семья Николая и Евгении Титовичей из Старого Погоста встречает в статусе фермеров

 2025 год многодетная семья Николая и Евгении Титовичей из Старого Погоста встречает в статусе фермеров. В этом году прекратила деятельность агроэкоусадьба «Конный дворик», хозяйкой которой была Евгения, и возбудила дело крестьянское фермерское хозяйство «Титовка Агро», которое возглавил Николай.

 2025 год шматдзетная сям’я Мікалая і Яўгеніі Цітовічаў са Старога Пагоста сустракае ў статусе фермераў. Сёлета спыніла дзейнасць аграэкасядзіба «Конны дворык», гаспадыняй якой была Яўгенія, і распачала справу сялянская фермерская гаспадарка «ЦіТоўцы Агра», якую ўзначаліў Мікалай.

Ад прагулак на конях да авечкагадоўлі

– Конныя прагулкі не адмяняюцца, – супакойвае наведвальнікаў Яўгенія Цітовіч. – Пакуль не сезон, а з вясны ўнясём іх у пералік паслуг нашай СФГ «ЦіТоўцы Агра».

Менавіта з прагулак на конях пачалася гісторыя фермерскай гаспадаркі Цітовічаў. Ідэю паспрабаваць сябе ў ролі фермераў працавітай вясковай сям’і падказаў адзін з наведвальнікаў аграэкасядзібы. Гаспадары задумаліся. Мікалай на той час працаваў у лясніцтве. Яўгенія загадвала малочнатаварным комплексам у сельгаспрадпрыемстве, ладзіла конныя прагулкі для гасцей аграэкасядзібы і збіралася ў чацвёрты водпуск па доглядзе дзіцяці.

Да фермерства ішлі прадуманымі размеранымі крокамі. Спачатку вызначыліся са спецыялізацыяй – авечкагадоўля. Пачалі збіраць пагалоўе.

– У нас было дзесяць галоў сваіх авечак, мяшаных з раманаўскай пародай. Яны пладавітыя, але гадаваць іх на мяса немэтазгодна, буйнымі не растуць. Баран можа дасягаць 80 кілаграмаў, авечкі – 40-60. Да таго ж па характары крыклівыя, мітуслівыя. Ад раманаўкі пачалі пераходзіць на пароду прэкас. Іх гадуюць на воўну і мяса. Вырастаюць звыш 100 кілаграмаў, бараны дасягаюць нават 160. Адрозніваюцца спакойным характарам. Яшчэ разводзім пароду суфалк, якія даюць так званую мармуровую бараніну, – захоплена расказвае Яўгенія. – Цяпер матачнага пагалоўя ў нас каля 50 асобін. Да наступнай восені атрымаем прыплод.

 Маладым фермерам зялёнае святло

Мінулай вясной Мікалай і Яўгенія зразумелі, што трох гектараў уласнай зямлі і суседніх бацькоўскіх надзелаў для выпасу жывёлы і нарыхтоўкі сена не хопіць. Трэба пашыраць тэрыторыю. Фермерства – варыянт атрымаць зямлю ў арэнду. СФГ «ЦіТоўцы Агра» зарэгістравалі ў пачатку ліпеня. Маладым фермерам выдзелілі 49 гектараў у ваколіцах Старога Пагоста і Юндзялова.

– Землі належалі ААТ «Пад’ельцы», якое далучылі да райаграсэрвісу. Удзячны галоўнаму аграному былой гаспадаркі Міхаілу Панкрату за садзейнічанне. За сезон спасвілі дзесяць гектараў, астатнія выкарысталі для нарыхтоўкі сена, – гавораць гаспадары. – Арандуем частку невыкарыстоўваемай фермы ў сельгаспрадпрыемства. Там цяпер трымаем авечак і баранаў. Зімова-стойлавы перыяд у нас з сярэдзіны снежня пачаўся.

Цана за арэнду фермы, са слоў гаспадароў, бюджэтная. Згодна з заканадаўствам, першыя тры гады фермеры-навічкі вызваляюцца ад платы за арэнду зямлі і падаткаў. Пакуль плацяць падатак толькі ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Істотнай падтрымкай стала субсідыя, якую на бязвыплатнай аснове прадаставіла ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Суму звыш шасці тысяч рублёў выкарысталі па-гаспадарчы. Набылі граблі-варашылкі, машынку для стрыжкі авечак. Больш за тры тысячы каштаваў монаблок для халадзільнага памяшкання, дзе размяшчаюць тушы жывёл.

Праца як метад выхавання

 Фермерскія клопаты не ведаюць перапынку на выхадныя і водпускі. Аднак штодзённая праца для Мікалая і Яўгеніі звыклая. З раніцы і вечарам гаспадар скіроўваецца на ферму. Калі жывёлу трэба толькі напаіць і пакарміць, спраўляецца за гадзіну. Раз у тры дні чысціць кармушкі і затрымліваецца даўжэй. Гаспадыня застаецца дома з дзецьмі, хатнімі справамі і клопатамі на падворку.

Акрамя авечак гадуюць птушку, свіней, нарошчваюць пагалоўе трусоў. Яшчэ трое коней. Тры сабакі. Алабаі ў вальеры ля хаты, нямецкая аўчарка ферму вартуе. Што да рацыёну гадаванцаў, у свіней, трусоў і авечак ён практычна аднолькавы. Зерне, авёс, сена, караняплоды. Камбікорм не выкарыстоўваюць. Бройлераў кормяць ім толькі першыя два тыдні. Яшчэ козачка ёсць. На ферме гадуецца. Яе малаком будуць выкормліваць ягнят, ад якіх авечка адмовілася або ў яе не хапае свайго.

Уласным прыкладам бацькі выхоўваюць працавітасць у сваіх дзяцей.

– У кожнага, вядома, акрамя гадавалай Алісы, ёсць свае абавязкі па гаспадарцы па меры сіл і магчымасцяў. У нашай сям’і гэта само па сабе зразумела, – заўважае маці. – Неяк у сацсетках сустрэла думку, што пакаленне, у якога нічога не было, выхавала пакаленне, у якога ўсё ёсць, але яно не ведае гэтаму цану. Лічу, што толькі праз уласную працу ў дзяцей сфарміруецца ўяўленне пра тое, адкуль хлеб на стале і што з’яўляецца крыніцай дабрабыту. Хочаш штосьці атрымаць – трэба прыкласці намаганні. Нашы дзеці гэта ведаюць. Канешне, іх старанні заахвочваем.

Да прыкладу, для васьмікласніка Мікіты ўзнагародай за летнія клопаты пра харчаванне баранаў і авечак сталі лыжы. Хлопец – першы памочнік бацькоў па гаспадарцы. Пяцікласніца Віялета і трэцякласніца Ліза адказныя за птушку. Сочаць за рацыёнам, падсцілаюць гнёзды, збіраюць яйкі, даглядаюць куранят.

У 2025-ы з намерам развівацца

СФГ «ЦіТоўцы Агра», акрамя свежай бараніны, прапаноўвае іншую прадукцыю. У тым ліку паўфабрыкаты: галубцы з баранінай і бліны з ліверам, фарш. Рэалізуюць свініну, мяса птушкі і трусоў, яйкі. Можна пачаставацца пасцілой з гарбуза, морквы ці яблыкаў. У планах гатаваць на продаж мясныя чыпсы.

– Працуем па папярэдніх заказах, значная частка прадукцыі ў вакуумнай упакоўцы, – падкрэслівае Яўгенія. – Сярод пакупнікоў ужо ёсць пастаянныя. Адкрываем для сябе Мінск. Нядаўна першы раз ездзілі са сваім таварам у сталіцу. Шмат заказаў у навагоднія святы.

Авечую воўну гаспадыня выкарыстоўвае як матэрыял для творчасці. У вольныя хвілінкі майструе цацкі. У тым ліку для навагодняй елкі. Заўважае, гэтая справа – цудоўны антыдэпрэсант і вельмі захапляе.

На святочным стале ў Цітовічаў шмат страў з прадукцыі ўласнай вытворчасці. Працавітая дружная сям’я сустракае 2025-ы з новым вопытам, намерам развівацца і ствараць дабрабыт сваімі рукамі.

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий