Накануне профессионального праздника корреспондент газеты пообщалась с начальником отдела загса Ириной Юхно и главным специалистом Натальей Козловской
gazeta 18-12-2024, 10:15 453 Сямейны лад
Диплома, где указана квалификация «работник загса» не существует. Такой профессии не учат. Специалисты с высшим юридическим образованием осваивают ее сразу на практике. В чем специфика деятельности? Накануне профессионального праздника пожаловали в отдел загса райисполкома пообщаться с начальником Ириной Юхно и главным специалистом Натальей Козловской.
Дыплома, дзе ўказана кваліфікацыя «работнік загса» не існуе. Такой прафесіі не вучаць. Спецыялісты з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй асвойваюць яе адразу на практыцы. У чым спецыфіка дзейнасці? Напярэдадні прафесійнага свята завіталі ў аддзел загса райвыканкама пагутарыць з начальнікам Ірынай Юхно і галоўным спецыялістам Наталляй Казлоўскай.
У пошуках каранёў
У аддзеле наведвальніца. Звярнулася за даведкай аб смерці дзядулі па лініі маці, якога не стала ў 1947 го дзе. Пражываў у вёсцы, што на той час тэрытарыяльна належала Міёрскаму раёну, а цяпер Браслаўскаму. Каб атрымаць даведку, неабходна пацвердзіць сваяцтва. Разам з уласным пасведчаннем аб нараджэнні жанчыне трэба прадаставіць такі ж дакумент сваёй маці, а яго няма. Адшукаць інфармацыю начальнік аддзела загса Ірына Юхно спрабуе ў калег з суседніх Браслава і Шаркаўшчыны. Запіс знайшоўся ў архіве аддзела загса Шаркаўшчынскага раёна. Туды накіруюць запыт аб прадастаўленні інфармацыі і пасля яе атрымання прадоўжаць шукаць звесткі пра дзядулю.
– З падобнымі пытаннямі звяртаюцца часта. Хтосьці спадчыну атрымлівае, камусьці неабходны звесткі пра памерлых сваякоў, каб указаць правільныя даты на помніках, іншыя шукаюць свае карані. Тлумачыць прычыну, па якой патрэбна тая ці іншая даведка пра сваякоў, грамадзяне не павінны. А вось пацвердзіць сваяцтва – абавязкова, – гаворыць Ірына Сяргееўна.
– Часам адчуваем сябе ў ролі следчых, разблытваючы клубкі сямейных гісторый. Бывае, нашчадкі даведваюцца пра сваіх продкаў звесткі, якія раней не былі ім вядомы, – заўважае Наталля Казлоўская. – Па розных справах да нас прыхо- дзяць. Часам два – тры звароты ў дзень, а часам – да дваццаці. Кожнаму трэба дапамагчы, прыемна, калі гэта атрымліваецца. А некаторыя лічаць, што мы працуем толькі па суботах і толькі рэгіструем шлюбы.
Кола штодзённых клопатаў
Да нядаўняга часу Наталля Леанідаўна таксама мела даволі невыразнае ўяўленне пра работу супрацоўнікаў загса. Працавала ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, затым юрысконсультам у тэрытарыяльным цэнтры. У аддзел загса перайшла год таму. Тое, што напачатку палохала і здавалася складаным, цяпер зразумелае і не выклікае цяжкасцяў.
Рэгістрацыя актаў аб нараджэнні, заключэнні шлюбу, смерці, усынаўленні, устанаўленні бацькоўства, унясенне адзнак аб скасаванні шлюбу на падставе рашэння суда, змяненняў і выпраўленняў у запісы актаў грамадзянскага стану, выдача даведак, паўторных дакументаў, вырашэнне пытанняў па змене прозвішча – усё гэта і не толькі штодзённыя клопаты работнікаў аддзела загса.
– З мінулага года распачалася аблічбоўка архіваў. Гэта значыць, усе запісы актаў грамадзянскага стану трэба перавесці ў электронны фармат: перадрукаваць і ўнесці ў спецыяльную праграму звесткі. Работа вельмі аб’ёмная, – расказвае начальнік аддзела. – Днямі завяршылі актуалізацыю дадзеных аб нараджэнні дзяцей: унеслі ў рэгістр насельніцтва дзяцей 2011-2013 гадоў нараджэння. Адпаведную задачу і спісы атрымалі з РАУС. Справа ў тым, што народжаныя ў гэты перыяд дзеці не мелі асабістых нумароў і гэта неабходна было выправіць. Хто з’явіўся на свет пазней, асабістыя нумары ўжо атрымалі.
62 шлюбы, 87 дзетак
Самымі прыемнымі момантамі сваёй справы работнікі загса лічаць рэгістрацыю актаў аб нараджэнні і аб шлюбе. Якраз тыя, па якой большасць мяркуе пра іх дзейнасць. Па стане на 12 снежня, у раёне зарэгістраваны 62 шлюбы. Як заўважае начальнік аддзела, апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да стварэння сям’і ў больш сталым узросце. Сярэдні ўзрост жаніхоў – 32 гады, нявест – 30. Таксама ўплываюць на гэтую статыстыку паўторныя шлюбы.
Час ад часу музыка Мендэльсона гучыць для сямейных пар, якія адзначаюць круглую дату сумеснага жыцця. У наступным годзе плануецца ўрачыстая рэгістрацыя каралавага вяселля. Сярэбранае пара адзначала ў Віцебску, дзе жывуць і працуюць, а 35-годдзе вырашылі святкаваць у родных мясцінах жонкі.
Нарадзілася на Міёршчыне 87 дзяцей. З цікавасцю супрацоўнікі аддзела адсочваюць імёны, якія выбіраюць бацькі для сваіх сыноў і дачушак. Сёлета самае папулярнае хлапечае імя Арсеній, так назвалі чатырох немаўлят. Траіх – Мікіта, яшчэ траіх – Цімафей. Сярод рэдкіх імёнаў Эльдар, Пётр, Рыгор, Георгій. Ёсць двайное – Міран Джан. Лідарам сярод дзявочых некалькі гадоў запар застаецца Ганна. Сёлета такое імя атрымалі тры дзяўчынкі. Па дзве – Арына, Вера, Елізавета, Ясенія, Стэфанія. Рэдкія – Адэліна, Амелія, Уладлена, Алівія.
– Вяртаюцца даўнія імёны, а тыя, што былі папулярнымі трыццаць гадоў таму, становяцца рэдкімі. Напрыклад, Наталляй апошні раз называлі дзяўчынку ў 2019 годзе, Кацярынай – у мінулым, Ірынай – сёлета, – расказвае Ірына Сяргееўна.
***
Работа ў аддзеле загса гэта заўжды судакрананне з чыімсьці лёсам і гісторыяй, радасцю ці бядой. Увагі патрабуюць і дакументы, і людзі, якія за імі звяртаюцца. Дапамагчы ў вырашэнні пытання для Ірыны Юхно і Наталлі Казлоўскай як прафесійны абавязак, так і прыемны клопат. Заўважаюць, што чэрпаюць энергію ў стасунках з наведвальнікамі. Асабліва прыемна чуць ад іх віншаванні з прафесійным святам. Праўда, далёка не ўсе ведаюць, што работнікі загса адзначаюць яго 18 снежня. Сёлета свой дзень сустракаюць з абноўленымі залай урачыстасцяў і архівам, дзе правялі рамонт.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.


