На протяжении почти сорока лет подставляет коллегам надежное плечо, вытачивая самые сложные детали, Николай Шараг

 Добры токар – на вагу золата. Асабліва ў прыпар жніва і корманарыхтоўкі. ААТ «Мікалаёўскі» ў гэтым сэнсе пашанцавала. На працягу амаль сарака гадоў падстаўляе калегам надзейнае плячо, выточваючы самыя складаныя дэталі, Мікалай Шараг. Такім чынам эканоміць гаспадарцы значныя фінансавыя сродкі. Заўважае, што ў яго два хобі – любімыя ўнукі і работа. На іх не шкадуе ні сіл, ні часу.

Сустрэлі Мікалая Аркадзьевіча на яго рабочым месцы. Побач станкі і мноства дэталяў, нарыхтовак. Аднак паўсюль бадай што ідэальны парадак. Калегі ведаюць: тут неабходна прытрымлівацца вызначаных правіл. Па-першае, не курыць. Сюды прыходзяць зрабіць ці забраць заказ, параіцца ці папіць чаю.

У карэспандэнтаў свая задача. Цікавімся працоўным шляхам суразмоўцы.

– Токараў цяпер мала, а добры я спецыяліст ці не – не мне судзіць, – разважае і расказвае пра сябе: – Пасля арміі адразу прыйшоў у гэтую гаспадарку вадзіцелем, а потым прапанавалі прайсці курсы. Адвучыўся і з 1987 года я тут. У нас з жонкай дзве дочкі і ўнукі – дзеля іх і жывём.

Жонка Аксана Дзмітрыеўна працуе дырэктарам Сіцькоўскай БШ, дочкі з сем’ямі ў Дзісне і Наваполацку. Часта прыяз-

джаюць у бацькоўскі дом, а ўнукі ўвогуле тут пастаянныя жыхары на працягу лета. Сярэдні сёлета пойдзе ў першы клас. Пытаецца, ці будзе дзядуля на лінейцы.

– Кажу: Мішанька, далекавата, мне ж на работу. Гляджу, а ў яго аж слёзы накруціліся. Не-не, кажу, прыеду. Давядзецца ехаць хоць на гадзіну – дзве, – дзеліцца дзядуля і дадае: – Звычайнае жыццё, трэба паўсюль паспець.

Савецкім пенсіянерам называе сябе Мікалай Аркадзьевіч. Мог бы быць на заслужаным адпачынку, калі б не дабавілі пенсіённы ўзрост. Разам з тым работу сваю любіць і аддае ёй шмат сіл. Узгадвае пра свайго настаўніка, які навучыў прафесіі. Мужчына з Закарпацця з пятнаццацігадовым стажам раіў не баяцца пытацца, калі штосьці не ведаеш.

 Рабочая нагрузка па плячы Мікалаю Шарагу, хаця цяпер ён адзіны токар на тры аб’яднаныя калгасы. Раней іх было чацвёра. Граматна выкарыстоўвае рабочы час: не чакае, пакуль паступіць заказ, а стварае дэталі і нарыхтоўкі ў запас.

– Я рана прыходжу – каля сямі. Да гэтай пары ўжо два – тры заказы гатовы. І так з пачатку сяўбы і да канца ўборачнай. Адпраўляю тэрміновыя ў поле, а затым раблю ў запас. Спраўлюся, напэўна, з любой задачай, абы толькі дэталь можна было закласці ў станок. Бывае штосьці рэстаўрырую, наварваю або выточваю новую, – гаворыць спецыяліст.

Да яго па дапамогу звяртаюцца з іншых гаспадарак, лясгаса. У водпуск ідзе зімой, нярэдка даводзіцца выходзіць на работу, каб выручыць калег. Узгадвае, як аднойчы працаваў да паловы другой гадзіны ночы, каб раніцай запусціць пілараму.

Партрэт Мікалая Шарага не сыходзіў з Дошкі гонару гаспадаркі. Жартуе, што да раённай не дайшоў. Якасці, якія дапамагаюць у рабоце, – адказнасць, уважлівасць і вопыт.

На сцяне на рабочым месцы некалькі календароў, у тым ліку рэлігійны. Звычайна калегі пытаюцца пра святы.

– Дома, канешне, прытрымліваемся традыцый, а тут не. Ніхто ж не кідае ў вялікае свята работу. Заводы працуюць, – кажа суразмоўнік.

Увесь вольны час Мікалай Аркадзьевіч прысвячае сям’і. Раней разам з жонкай трымалі вялікую гаспадарку, цяпер жывёлы на падворку паменела. Адпачынак праводзіць у родных мясцінах. Заўважае, што адпадарожнічаў у арміі, калі аб’ехаў увесь Каўказ, Украіну.

– У мяне ўсё ёсць: жонка, дзеці, унукі. Дзякуй Богу, татачка яшчэ з намі. Дом хутка выкупім, – дзеліцца гаспадар.

Алена Вароніна.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий