Вторая жизнь телятника в деревне Брижинки
gazeta 17-08-2025, 09:18 2 176 Вытворчасць / Вясковае жыццё
Аднаўленне былога цялятніка ў вёсцы Брыжынкі вядзе ААТ «Узмёнскі край». Гэта адзін з крокаў эканамічнай стратэгіі, якой прытрымліваецца новы кіраўнік Аляксандр Дуброўскі. Раскрываць усе планы не стаў, але паабяцаў дзяліцца тым, што ўжо ажыццявілі. У прыватнасці, чакаюць здачы ў эксплуатацыю 1 верасня, а «навасёлы» – цялушкі злучнога ўзросту – запоўняць памяшканне, калі пачнуць пераводзіць жывёлу на зімова-стойлавае ўтрыманне.
У Брыжынках побач стаяць два былыя цялятнікі. На абодва ў кіраўніцтва ёсць планы. Разам з дырэктарам гаспадаркі Аляксандрам Дуброўскім і інжынерам па працаёмістых працэсах Сяргеем Івановым завіталі на будоўлю.
– Гэтыя будынкі значыліся ў планах пад знос. Яны не выкарыстоўваліся па прызначэнні звыш дзесяці гадоў, адзін з іх наогул аварыйны, таму, напэўна, і было прынята адпаведнае рашэнне, – расказвае Аляксандр Уладзіміравіч. – Калі толькі знаёміўся з гаспадаркай, наведаўся сюды. У будынку, дзе раней стаялі быкі, захоўвалі сена. Паглядзелі – падлога добрая, сцены і дах. Заставалася аднавіць электраправодку, водапаенне і гноевыдаленне, замяніць вокны.
Сяргей Піманавіч дадае: тут былі толькі сцены і слупы, проста памяшканне, якое трэба было прыстасаваць пад цялятнік. Будынак добры, моцны, дзверы высокія, што дазваляе прайсці кормараздатчыку. Вось так і закруцілася справа.
Работы набліжаюцца да завяршэння. За два месяцы зваршчык Уладзімір Бубовіч і слесар Сяргей Грэцкі зрабілі праводку, падвялі электрычнасць, правялі ваду, паставілі адбойнікі пад кармавы стол, замянілі вокны і паставілі форткі. Інжынер арганізоўваў работу і аператыўна падвозіў матэрыялы, каб не было прастояў.
– Працавалі тут у вольны ад іншых спраў час, вечарамі. Работы хапае: рыхтаваць фермы да зімы, гной выдаляць, ліквідоўваць паломкі. Вось сёння да абеду тут, а пасля ляцім у Даўгінава ПДУ рабіць, – заўважае інжынер.
Рэканструкцыю правялі пры невялікіх фінансавых укладаннях, па максімуме выкарыстоўвалі падручныя сродкі. На ўсё спатрэбілася крыху больш за 3 тысячы рублёў. Яшчэ 11 тысяч каштуе транспарцёрны цэп, каб наладзіць гноевыдаленне. Пазней давядзецца зрабіць бытавы пакой для адпачынку работнікаў.
– Чым плаціць мільёны за новабудоўлю, у нас за 15 тысяч рублёў будзе гатова памяшканне. Яно дзесьці 70-х гадоў. Ферму, што знаходзіцца побач, прыстасуем пад сянажную траншэю, – дзеляцца далейшымі планамі.
Гэта эканамічна выгадна: па-першае, не трэба траціць сродкі на перавозку кармоў, бо яны захоўваюцца побач, па-другое, кормараздатчык будзе падвозіць іх адразу ў два цялятнікі, па-трэцяе, паколькі тут жывёла ўтрымліваецца на прывязі, а другі бяспрывязнік, абслугоўваць памяшканні зможа адзін чалавек.
Рэканструкцыя фермы дазволіць сельгаспрадпрыемству павялічваць пагалоўе. Вясной даводзілася рэалізоўваць цялят насельніцтву, бо іх некуды было паставіць. Да таго ж разгрузіць іншыя аб’екты. Цяпер маюць каля 3 тысяч галоў жывёлы, гэта адзін з самых вялікіх статкаў на Міёршчыне.
– Як жывёлу паставім – чакаем вас у госці. У нас усё гатова. Калі заўтра мароз – цэп купляем – і жывёлу пад дах, – запрашае на наваселле кіраўніцтва ААТ «Узмёнскі край».
Алена Вароніна.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.