Ферма изнутри и снаружи
gazeta 14-09-2020, 13:47 650 Грамадства / Вясковае жыццё
Першы восеньскі месяц ужо папярэджвае сяльчан: набліжаецца час, калі давядзецца ставіць пад дах гурты, што пакуль утрымліваюцца на пашах. Памяшканні, у якіх жывёла знаходзіцца пастаянна, патрабуюць меншай падрыхтоўкі да халадоў, а пра будынкі і абсталяванне малочнатаварных ферм неабходна было паклапаціцца загадзя. Як гэтая работа праводзіцца ў сельгаспрадпрыемствах раёна, паказвае маніторынг. Разам са спецыялістамі зоаветэрынарнай службы наведаў шэраг гаспадарак карэспандэнт раённай газеты.
Спецыяльная міжведамасная камісія пад кіраўніцтвам першага намесніка начальніка райсельгасхарчу Андрэя Батуры з 8 па 21 верасня праводзіць маніторынг. На жывёлагадоўчых аб’ектах чатырох сельгаспрадпрыемстваў пабывалі 8 – 9 верасня. Можна зрабіць выснову, што падрыхтоўка да зімова-стойлавага ўтрымання статка з большага пачалася адразу пасля выгану жывёлы на пашу. У цэнтралізаваным парадку ўсе будынкі пабелены, у іх праведзена дэзынфекцыя. Далейшае залежала ад мясцовай разваротлівасці і магчымасцей.
Гэтыя якасці ў поўнай меры праявілі кіраўнік і галоўныя спецыялісты ААТ «Туркова». Усе жывёлагадоўчыя памяшканні тут агароджаны і абкошаны. Прыемнае ўражанне пакідае цэнтральная ферма «Гараўцы». У памяшканнях ствараюцца належныя ўмовы для жывёлы. Цяляты на дарошчванні пад дахам, кормам забяспечаны, вада ёсць, выгулам карыстаюцца, да стану будынка прэтэнзій няма.
Належныя ўмовы ў прафілакторыі для самых маленькіх цялятак: пітвом і кормам забяспечаны, знаходзяцца на свежым подсціле, ёсць патрэбны рыштунак, памяшканне светлае.
У кароўніку ішло аднаўленне гноевага транспарцёра: рабочыя мянялі латкі, прывезены скрабкі, якія яшчэ трэба было прыварыць. Праблем з водазабеспячэннем няма.
У пакоі для адпачынку жывёлаводаў адрамантавана і засцелена новым лінолеўмам падлога, праведзена афарбоўка. Каб высахла хутчэй, уключылі ацяпленне.
На адным з памяшканняў непагадзь пашкодзіла дах – шыфер завезены. У планах дырэктара Івана Юрашака на бліжэйшыя дні было арганізаваць рамонт вокнаў, з варотамі – парадак.
На МТФ «Цімошкава» іншыя клопаты: намечана ўстанавіць святлодыёднае асвятленне, якое спажывае менш электраэнергіі. Водапаенне ўжо выправілі, засталося давесці да ладу вокны. Памяшканні для цялят тут і ў «Малашове» асаблівых намаганняў не патрабавалі.
Цэнтральная ферма «Пад’ельцы» аднайменнай гаспадаркі таксама пастаянна ў полі зроку кіраўніцтва, кароўнік і прафілакторый патрабавалі невялікага абслугоўвання і рамонту. З цялятніка механізатар на пагрузчыку вывозіў гной, мяняў подсціл.
У цялятніку ў Канахах і цяпер стаіць статак, тут патрэбны толькі невялікая падрыхтоўка да халадоў. Але побач разбураюцца два невыкарыстоўваемыя будынкі, паміж якімі зараснікі дзікатраўя.
Ферма «Юндзялова» сама па сабе нядрэнная, нават з пластыкавымі вокнамі. У кароўніку распачаты рамонт латкоў. У цялятніку парадку меней, знутры ён нават не пабелены. Не надта прывабны і бытавы пакой. Паўсюль адчуваецца недахоп кадраў, у тым ліку для абкошвання і навядзення парадку на тэрыторыі.
Праблемная МТФ «Наўгароды»: будынак стары, яго яшчэ можна давесці да ладу да халадоў, калі пастарацца, асноўнае тут ёсць. Але ці варта гэтым займацца?
Дырэктар ААТ «Любінова» Васіль Яфімаў і яго намеснік па жывёлагадоўлі Наталля Бялевіч раённую камісію чакалі, напярэдадні самі пабывалі з іншымі спецыялістамі на ўсіх фермах. На цэнтральнай парадак наведзены, у цялятніках у Чапуках яго хацелася крыху больш, трэба звярнуць увагу на вокны і дзверы.
У Галіеўшчыне створаны ўмовы для цялят, толькі ім цеснавата, хаця побач пустое памяшканне. На МТФ «Новы Пагост» рыхтаваліся да абнаўлення малочнага блока, увагі патрабаваў пакой адпачынку і выган для жывёлы. Прыкладна такая ж сітуацыя на МТФ «Дзянісы», толькі там праблема з гноевым транспарцёрам. У памяшканні для цялушак у Волкаўшчыне якраз вяліся зварачныя работы на такім транспарцёры. Яшчэ патрабавалася адладзіць водазабеспячэнне.
Самая непрыглядная ў гаспадарцы ферма «Кацілава», не толькі таму, што зарастае дзікатраўем. Кароў яна прыняць можа, самае неабходнае для гэтага ёсць. Аднак капітальнага рамонту патрабуюць прафілакторый і плёначнік для цялятак, навядзення парадку ў іншых памяшканнях.
Самым першым на маршруце раённых маніторшчыкаў знаходзілася ААТ «Дрыгучы». Расказваю пра яго апошнім, бо цяжка прымірыцца, што гэтая гаспадарка яшчэ нядаўна лідзіравала па надоях у раёне, а цяпер здае пазіцыі. За 8 верасня сярэднясутачны надой складаў 11,5 кілаграма на карову. Нібы і нядрэнна, але гэта мінус 4,1 кг да леташняга ўзроўню. Адставанне па валавым надоі з пачатку месяца ад мінулагодняга ледзь не 25 %. Але сітуацыя вытлумачальная, калі прайсціся па жывёлагадоўчых памяшканнях: яны пабелены і прадэзынфікаваны, аднак больш летам ніхто нічога не рабіў. Знешні выгляд цэнтральнай фермы псуе неадноўлены арачнік і някошаная тэрыторыя. У кароўніку з вясны ўтоплены ў вадзе і жыжцы гноевы транспарцёр без зорак. За вокны ў цялятніках не браліся, маладняк кашляе ад скразняку. Побач самы дрэнны з усіх пабачаных за два дні плёначнікаў для маленькіх цялятак: не ва ўсіх у пасляабедзенны час быў камбікорм, паенне з вядзерцаў, але і іх не хапала. Уяўляеце, як гэтая някормленая ці няпоеная малеча рэагавала на з’яўленне чалавека! Не надта лепш у памяшканнях для раздою.
Будынак для цялушак у Навінках хаця б сухі і чысты. На МТФ «Галінова» разам з камісіяй прыехалі будаўнікі, каб памерыць праём выламаных варот у цялятніку. Аднак у ім і ў суседнім кароўніку для іх яшчэ нямала работ. Абнадзейвае, што пачатак пакладзены.
Леанід МАТЭЛЕНАК
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.