У жывёлагадоўлі настаў адказны час: поўным ходам ідзе пастаноўка статка ў памяшканні, ажыццяўляецца пераход з зялёных кармоў на траншэйныя. Трэба сказаць, што падрыхтоўка ферм у асноўным закончана, усе памяшканні пабелены, пафарбаваны, прадэзінфіцыраваны. Асабліва добра з гэтымі работамі справіліся ААТ "Туркова", "Мікалаёўскі", "Чэрасы", "Райаграсэрвіс". На якія моманты яшчэ важна звярнуць увагу? З гэтым пытаннем рэдакцыя звярнулася да намесніка начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі П. В. Пятрова. Вось яго парады.
Перад пастаноўкай жывёлы ў памяшканні абавязкова трэба пераканацца, што належным чынам дзейнічаюць малакаправод, гноевы транспарцёр, сістэмы водапаення і электразабеспячэння, халадзільнае абсталяванне.
Неабходна правесці кантрольныя дойкі з мэтай вызначэння прадукцыйнасці кароў, адсартаваць па групах перыяду лактацыі — навацельныя, дойныя пачатковага перыяду, дойныя другой палавіны лактацыі, сухастойныя.
З першага дня стойлавага ўтрымання для ўсяго пагалоўя трэба прадугледзець адпаведныя рацыёны з якасных кормасумесяў у залежнасці ад надояў і прываг. Статак павінен яшчэ атрымліваць зялёныя кармы, якіх дастаткова на палях, але яны паступова дапаўняюцца сенажом і сіласам. Неабходна ўлічваць, што пераходны перыяд, а гэта час, калі ў рубцы фарміруецца новая мікрафлора, займае да двух тыдняў. І важна гэты працэс правесці без парушэнняў.
Рацыёны неабходна распрацоўваць па камп'ютарных праграмах з улікам пажыўнасці нарыхтаваных кармоў, вызначанай кармавой лабараторыяй, і біяхіміі крыві жывёлы.
Да стойлавага ўтрымання гуртоў павінны быць падрыхтаваны кормараздатчыкі і іншая кармавая тэхніка. Статак трэба карміць не менш за два разы за дзень пры першай раздачы да 6 гадзін.
На ўсіх фермах сёлета павінна быць забяспечана трохразовае даенне кароў.
У пасляабедзенны час абавязковым з'яўляецца мацыён непакрытай жывёлы на выгульных пляцоўках.
Наступае час асенняй дыспансерызацыі статка.
Для цялят-малочнікаў трэба выкарыстоўваць плёначнікі пры свабодным доступе маладняку да мюслі і вады і трохразовым паенні малаком.
Пераход на іншае даільнае абсталяванне і іншыя рацыёны не павінны адмоўна адбіцца на прадукцыйнасці малочнага статка і кормнікаў. Яшчэ адна важная задача — не дапусціць пагаршэння якасці надояў.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.