Болотные приключения или через Ельню за два дня
gazeta 5-08-2025, 09:44 1 182 Прырода і экалогія / Грамадства
Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння «Ельня» вядомы сваімі экасцежкамі не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Сотні, а то і тысячы людзей з вясны да глыбокай восені наведваюцца сюды, каб палюбавацца «марсіянскімі» пейзажамі верхавога балота, пакаштаваць ягад у дзікай прыродзе і насыціць лёгкія найчысцейшым паветрам.
У падарожжа праз Ельню выправілася група з 19 чалавек. Прайсці балота планавалася ў накірунку з поўдня на поўнач – ад стаянкі Буды Шаркаўшчынскага раёна да вёскі Сухавержжа на Міёршчыне. У шлях скіраваліся падрыхтаваныя дзеці і дарослыя, якія штогод удзельнічаюць у вела- і пешых вандроўках. Кіраваў пераходам праз заказнік Міхаіл Ставіцкі, настаўнік тэхнічнай працы Друйскай СШ.
– Як узнікла ідэя перасячы балота з поўдня на поўнач? – пытаюся ў Міхаіла Тадэвушавіча.
– Улетку традыцыйна дзеці нашай школы ходзяць у шматдзённыя турыстычныя паходы. Браслаўшчыну вывучылі, вырашылі пашырыць кругагляд. Звычайна падарожнічалі на веласіпедах. Аб’ехалі Міёрскі, Глыбоцкі раёны, у мінулым годзе наведаліся на Верхнядзвіншчыну і пабывалі на самым вялікім востраве Ду возера Асвейскага.
У гэтым сезоне запланавалі камбінаваны варыянт: водна-пешаходную вандроўку. Хацелася пабываць у нязведаных месцах. «Белай плямай» для нас з’яўлялася Ельня. Экасцежку «Азяраўкі» наведалі раней, тэарэтычна пазнаёміліся з флорай і фаўнай заказніка, экскурсію правёў супрацоўнік ДПУ «Ельня» Мікіта Барок. Хацелася яшчэ больш зведаць балота, яго азёры і астравы, як бы паглядзець знутры.
Дзе праходзіў ваш водна-пешаходны маршрут?
– Як кажуць турысты, «заброс» групы ажыццявілі на цягніку ад Друі да Шаркаўшчыны.
Начавалі ў намётах. Раніцай адправіліся ў сплаў на байдарках па рацэ Дзісна да аграгарадка Германавічы. Дарэчы, выказваем падзяку за спонсарскую дапамогу ў сплаве прадпрымальніку з Браслава Юрыю Шакелю («Braslav-Kayak»).
У Германавічах наведалі мастацка-этнаграфічны музей імя Язэпа Драздовіча. Затым у мясцовай школе азнаёміліся з экалагічным класам. Тут на інтэрактыўных стэндах расказваецца пра біялагічную разнастайнасць балот, у прыватнасці і пра найбуйнешае верхавое балота краіны Ельня.
Наступны начлег быў у вёсцы Буды на стаянцы ля возера Валозева. Тут сустрэліся з групай з Барысава. Хлопцы і дзяўчаты розных узростаў – з пятага па адзінаццаты класы – займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах у Барысаўскім цэнтры турызму і экалогіі. Яны прахо-
дзілі маршрут пешага паходу 1-й катэгорыі складанасці працягласцю каля 100 км – ад Глыбокага да Друі. Мы разам выправіліся пакараць Ельню з яе багнай, азёрамі і астравамі. Так пачаліся нашы балотныя прыгоды.
***
Па запрашэнні Міхаіла Тадэвушавіча да пераходу праз Ельню далучылася і я, атэставаны гід па балоце. Ланцужком пераходзім некалькі метраў па сцяжынах праз поле, лес. Спыняемся перад балотам, каб узяць з сабой спецыяльны кій – злягу – для лягчэйшага пераходу праз багністыя месцы. Сёлетні год багаты на дажджы, а таму і вады на балоце больш чым дастаткова. Ужо ў пачатку стала зразумела – лёгка нам не будзе. Пад нагамі чвякае, але яшчэ не крытычна. Хада па балоце – асаблівы від трэніроўкі для ўсіх мышцаў ног. Вось і першыя патрапілыя ў багну. Малодшыя вучацца па рэкамендацыі старэйшых лёгка даставаць нагу: сагнутае калена падаецца наперад, пяткай выцягваецца наверх. Атрымліваецца! Задаволеныя асваеннем першых навыкаў, працягваем шлях. І вось выходзім да возера Яжгіня. Блакітнае люстэрка вады сярод моху, хмызнячкоў і нізкарослых сосен. Уражвае сваёй блакітнай вадой, хвалямі, што раз за разам набягаюць на берагі з касматымі шапкамі асакі. На бераг не ступіш, бо пад нагамі непрадказальна мякка, можна здорава праваліцца. Некаторы час крочым уздоўж берага.
Ісці няпроста. Для большасці ўдзе- льнікаў гэта першы вопыт знаёмства з балотам. У сушэйшых месцах спыняемся на кароткія прывалы. Непрыкметна даходзім да возера Плоскага. Берагі менш зарослыя, таму лёгка агледзець яго водны прастор ад краю да краю. Увогуле заказнік «Ельня» налічвае каля ста азёр, вялікіх і малых. Унікальнасць такога азёрна-балотнага комплексу ў тым, што ён існуе на ўчастках з плоскім і выпуклым рэльефам, высланым воданепранікальнымі пародамі. Ельня дае пачатак пяці рэкам, якія ўпадаюць у Дзісну і Заходнюю Дзвіну. Балота з’яўляецца своеасаблівым летапісам. Уздзеянні чалавека былі мінімальныя, а таму і дайшло да нас яно ў натуральным стане. Захаваліся ўнікальныя віды раслін, жывёл, птушак, занесеныя ў Чырвоную кнігу, а таксама буйныя тарфяныя залежы. У іх слаях добра захоўваюцца споры і пылок раслін. Аматарам паўночнай экзотыкі не трэба ехаць у далёкія краіны, каб пазнаёміцца з характэрнымі рысамі лесатундры. Усяго некалькі дзясяткаў кіламетраў па Беларусі – і ты ў фантастычна прыгожых мясцінах.
Вось на шляху мы сустракаем «палянку» чырвонакніжнай расліны марошкі. Прыгожа ярка-зялёна выглядае яна на кантрасным чырвоным магеланавым мху. Нізкарослыя сосны – высахлыя, з дзіўна заплеценымі карэннямі – нагадваюць сюжэты з казак.
Пад абедзенны час прыходзім на востраў Альшэўскіх. Тут калісьці жылі людзі з такім прозвішчам, тут і пахаваны. Месца з былым хатнішчам зарасло высокай травой, з прыкмет былога жыцця – здзічэлыя яблынькі і кусты шыпшыны. У нашай групы прывал і абед.
Пасля перапынку ісці лягчэй. Аднак непралазны гушчар зноў выводзіць з цвёрдай астраўной зямлі на балотныя «ўгоддзі». Адчуваецца, што набіраем невялікую вышыню, бо ісці становіцца сушэй. Вось перад вачыма паказваецца наш маяк начлегу – самы вялікі востраў на балоце Яльнянскі. Крочым па сцяжыне, паабапал растуць багульнік і буякі, якія ў народзе называюць дурніцы. На самой справе дурманяць не ягады кустарнічка, а водар ад суседняга багульніка. Пакрысе выходзім на балотную дарогу, па якой калісьці хадзіў балотаход. За гэты дзень мы набралі максімальную вышыню – 247 метраў. Кіруемся на стаянку ля возера Чорнага. На беразе разбіваем лагер, распальваем вогнішча. Адарваныя на дзесяць кіламетраў ад цывілізацыі, у першародным балоце спрабуем злавіць інтэрнэт, узабраўшыся на лавы. Удаецца! У хуткім часе гатова і паходная вячэра – рысавая каша з тушонкай. Падсілкаваўшыся, кладзёмся спаць. Чуваць, як барабаніць дождж на завяршэнне першага дня вандроўкі.
Раніца сустракае хмарным надвор’ем, да адзінаццаці гадзін распагоджваецца – выглянула цёплае сонца. Дзянёк выдаўся не з лёгкіх, з шасці кіламетраў больш за палову шляху давялося ісці па калена ў вадзе. Месцамі багна захоплівала ногі ў палон. Даставалі і крочылі далей. Прамінулі востраў Капец, здалёк палюбаваліся самым вялікім возерам Ельна. Дарэчы, у ім во- дзяцца толькі драпежныя рыбы – шчупак і акунь. Самымі «воднымі» аказаліся два пераходы – ля Міронавых лугоў і праз Дульскі канал. Дзякуючы праграме, якая праводзілася з пачатку 2000-х гадоў, на балоце Ельня для ўтрымання вады на масіве, а разам з тым папярэ- джання і прафілатыкі пажараў на ім, на каналах і рэчках было пабудавана больш за сорак плацін. Па адной з такіх перабіраліся і мы праз Дульскі канал. Высокі ўзровень вады прымусіў пашукаць пераправу, але кіраўнік вандроўкі ўдала справіўся з гэтай задачай. Па адным група перайшла па перамычцы на другі бераг. Праз некалькі метраў выйшлі на гаць. Зноў палюбаваліся на балотныя азёры Вялікае і Бліжняе, праз некалькі метраў пабачылі і вядомае Курганістае з маленькімі – некаторыя парослыя соснамі – астраўкамі. Гэта ўлюбёныя месцы для гнездавання вадаплаўных птушак. Па дарозе сустрэлі кулікоў, характэрнымі крыкамі віталі нас чайкі. На тэрыторыі заказніка вядомы два эксклюзіўныя віды: шызая чайка і серабрыстая. Абодва занесены ў Чыр- воную кнігу.
За другі дзень наша максімальна набраная вышыня склала 179 метраў. А чатырнаццатай гадзіне выйшлі праз лес да вёскі Сухавержжа. Тут нашы шляхі разышліся. Турысты з Друі накіраваліся дадому. Барысаўчане працягнулі свой паход, які пралягаў праз Мілашова, Міжрэчанскі вадаспад і на наступны дзень завяршыўся ў Друі.
У вандроўцы праз балота ўдзельнічалі: з Друйскай СШ – дырэктар Людміла Генрыхаўна Кароль, вучні Данііл Мятла, Аляксандр Плаксін, Анастасія Кірылава, з аграгарадка Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна Аляксандр і Кацярына Арцімовіч, з Барысава – педагогі дадатковай адукацыі дзяржустановы «Барысаўскі цэнтр турызму і экалогіі» Ірына Міхайлаўна Хацкевіч і Алена Фёдараўна Шэміт, наведвальнікі аб'яднання па інтарэсах «Турысцёнак» Валерыя Батый, Мікіта Моніч, Марыя Масцяева, Яўген Вялічка, Ульяна Алейнік, Дзмітрый Лукаш, Юліяна Хацкевіч, Мацвей Літоўчык, Канстанцін Іваноў.
Вельмі ўражана вытрымкай дзяцей, якія прайшлі такі няпросты шлях па сапраўдным балоце з векавой гісторыяй. Усе вялікія малайцы! Выказваю падзяку таленавітаму арганізатару вандроўкі Міхаілу Ставіцкаму і ўсім педагогам, што крочылі разам, за выхаванне ў дзяцей павагі і любові да роднага краю, да прыроды.
Вольга Вішнеўская.



