Визит в Азербайджан

  Аляксандр Лукашэнка 28-29 лістапада зрабіў афіцыйны візіт у Азербайджан, дзе правёў перагаворы з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе. Лідары дзвюх краін абмеркавалі стан і перспектывы развіцця беларуска-азербайджанскіх адносін, у тым ліку гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, работу па кааперацыйных праектах, узаемадзеянне ў сферы інвестыцый, аграпрамысловага комплексу, спорту.

На перагаворах з Ільхамам Аліевым Аляксандр Лукашэнка падзякаваў лідару Азербайджана за нафту: у кастрычніку на Мазырскі НПЗ паступіла каля 85 тыс. т. "Вы не першы раз нас падтрымліваеце, але гэта была разавая падтрымка. Я разумею, што любы вытворца нафты павінен мець стратэгію. Мы гатовы ў гэтым плане рухацца наперад настолькі далёка, наколькі гэта ў інтарэсах Азербайджана",—падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што партнёрства ў нафтавай сферы—гэта не галоўнае ў адносінах і перагаворах паміж краінамі, але важны напрамак супрацоўніцтва. Ёсць жаданне і зацікаўленасць—калі ласка. У нас два самыя магутныя, самыя сучасныя нафтаперапрацоўчыя заводы. Мы завяршаем іх мадэрнізацыю, выходзім на больш як 90% глыбіні перапрацоўкі нафты. Мы гатовы разгледзець на гэты момант і давальніцкія пастаўкі вашай нафты",—адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Лідары дзвюх краін абмяняліся думкамі, як павялічыць тавараабарот. "Мы не ўтойваем, што апошнія гады ў сувязі з сусветным крызісам мы праселі ў нашым гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Сёння дамовіліся аб тым, што ў будучым годзе можам дасягнуць тавараабароту ў $700 млн. А гэта амаль у два разы больш, чым у самым паспяховым годзе",—сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь гатова развіваць з Азербайджанам кааперацыю ў вытворчасці дываноў і вырабаў з бавоўны. "Вельмі правільна, з майго пункту гледжання, Азербайджан узяў курс на развіццё баваўнаводства,—адзначыў Аляксандр Лукашэнка.—Павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці будзе такое, што мы можам разлічваць на 25-30 тыс. т, а можа, і 40 тыс. т баваўнянага валакна. Я прапанаваў разгледзець пытанне магчымай кааперацыі ў плане нашага Баранавіцкага баваўнянага камбіната. У нас ёсць магчымасць там сумесна супрацоўнічаць. Мы не супраць, калі Азербайджан увойдзе ў капітал гэтага прадпрыемства".

Яшчэ адным напрамкам супрацоўніцтва можа стаць вытворчасць азербайджанскіх дываноў у Беларусі. "Давайце разам ствараць гэту вытворчасць, і вы атрымаеце не толькі беларускі рынак, але і рынак суседніх дзяржаў, якія не выпускаюць дывановых вырабаў такой якасці",— адзначыў Прэзідэнт.

Краіны таксама разглядаюць супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі і фармацэўтыкі. Беларусь гатова будаваць у Азербайджане сельгаспрадпрыемствы і адкрываць сумесныя вытворчасці лякарстваў.

У сваю чаргу Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў прапанаваў развіваць супрацоўніцтва ў сферы транспарта. "Мною было ўзнята пытанне аб тым, што трэба пачаць кансультацыі. Мы ажыццяўляем буйныя праекты ў нашым рэгіёне па стварэнні новых транспартных калідораў. Геаграфічнае становішча Азербайджана і Беларусі прадугледжвае, што мы павінны вельмі актыўна ўзаемадзейнічаць у гэтым напрамку, выкарыстоўваючы свае магчымасці і кантакты з рознымі краінамі",—сказаў ён.

Прынята рашэнне аб стварэнні гандлёвых дамоў—Азербайджана ў Беларусі, Беларусі ў Азербайджане. Мы ад беларусаў у гэтым пытанні адстаём, яны ўжо маюць свае гандлёвыя кропкі, аб'екты ў Азербайджане, мы толькі збіраемся",—сказаў Ільхам Аліеў.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што каштоўнасць адносін паміж дзвюма дзяржавамі таксама заключаецца ў тым, што краіны не канкурыруюць на рынках. "Таму мы дамовіліся аб тым, каб мэтанакіравана ажыццяўляць кантроль і адкрываць новыя напрамкі для таго, каб нарасціць аб'ём тавараабароту",—рэзюмаваў азербайджанскі лідар.

Дзяржавы выказалі гатоўнасць пашыраць узаемадзеянне ў галіне навукі, а таксама ў сферах нацыянальных сістэм адукацыі праз рэалізацыю сумесных праграм навучання студэнтаў і навучэнцаў, падрыхтоўку і перападрыхтоўку спецыялістаў, абмен праграмамі навучання.

Ільхам Аліеў павіншаваў Беларусь, якой выпаў гонар праводзіць у 2019 годзе ІІ Еўрапейскія гульні. "Сімвалічна, што гульні праводзяцца ў адных з самых паспяховых краін былога СССР. Думаю, што гэта прызнанне заслуг нашых краін. Нашы краіны як незалежныя дзяржавы маладыя — ім толькі 25 гадоў. За гэтыя гады мы дасягнулі самых высокіх вяршынь і паказваем здольнасць праводзіць мерапрыемствы любога ўзроўню,—заявіў Прэзідэнт. —Упэўнены, што другія гульні будуць не горшыя, чым першыя. Таму што той вопыт, тая арганізацыйная работа, якую вы праводзіце, і тое імкненне да арганізацыі такіх мерапрыемстваў даюць магчымасць гаварыць, што гэта будуць унікальныя гульні".

Прэзідэнт Азербайджана таксама адзначыў асаблівую ролю Аляксандра Лукашэнкі ў будаўніцтве сучаснай, дынамічнай і самадастатковай дзяржавы—Беларусі: "Раю ўсім грамадзянам Азербайджана паехаць і ўбачыць добрую душу беларускага народа, цудоўны горад Мінск, які сёння з'яўляецца адной з лепшых еўрапейскіх сталіц і па архітэктуры, і па чысціні, і па інфраструктуры".
Аляксандра Лукашэнку Ільхам Аліеў узнагародзіў  ордэнам Гейдара Аліева. Замежным грамадзянам гэта ўзнагарода ўручаецца за выдатныя заслугі перад Азербайджанам, за асаблівыя заслугі ў справе ажыццяўлення азербайджанскай ідэі, умацавання салідарнасці азербайджанцаў усяго свету, за асаблівыя заслугі ў наладжванні палітычных, эканамічных, навуковых і культурных сувязей Азербайджана з іншымі краінамі.

У выніку перагавораў падпісаны: план мерапрыемстваў па выкананні Праграмы сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Азербайджанам і комплексная праграма развіцця ўзаемадзеяння ў сферы аграпрамысловага комплексу да 2025 года. У сферы фізічнай культуры зацверджана праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Міністэрствам моладзі і спорту Азербайджана на 2017-2018 г.г.  Падпісана таксама праграма супрацоўніцтва ў сферы адукацыі на 2016-2020 г.г., пратакол аб узаемадзеянні паміж дзяржаўнымі мытнымі камітэтамі, пагадненні аб устанаўленні міжрэгіянальных сувязей паміж Гроднам і выканаўчай уладай Габалінскага раёна, аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Беларусі і ЗАТ "Азербайджанскае тэлебачанне і радыёвяшчанне" і шэраг іншых дакументаў.

Фота з сайта httpwww.cis.minsk.bynews.phpid=5797
Падрыхтавала
Наталія СТАНКЕВІЧ.



0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.