Азiмы ячмень як выратаванне
gazeta 2-08-2022, 13:20 566 У рэспубліцы
Пятнічны выезд Прэзідэнта на палеткі стаў практычным працягам рэспубліканскай селектарнай нарады па ўборцы ўраджаю, якая адбылася ў пачатку мінулага тыдня. Ад прадметных абмеркаванняў злабадзённых пытанняў – да дзелавой размовы і інспекцый на месцах. Першы прыпынак у чарзе намечаных маршрутаў па рэгіёнах – Слуцкі раён Мінскай вобласці. Тут на прыкладзе гаспадаркі «Казловічы-Агра» Кіраўніку дзяржавы паведамілі пра ход уборачнай кампаніі ў цэлым па краіне і ў цэнтральным рэгіёне. Абмеркавалі таксама развіццё малочнатаварных комплексаў і новыя падыходы да іх будаўніцтва гаспадарчым спосабам. Галоўны ж пасыл Аляксандра Лукашэнкі ў гэтай камандзіроўцы меў дачыненне да больш актыўнага курсу на імпартазамяшчэнне, і адрасаваны ён не толькі аграрыям:– Трэба развіваць сваё. І гэта павінна быць на кантролі… Усё павінна быць сваё. Калі мэту паставілі – будзе.
Толькі сышоў з трапа верталёта, Прэзідэнт адразу задае галоўнае цяпер пытанне:
Як ідзе ўборка?
– Цяжкавата адразу ішла, вільготнасць была вялікая – 20 %, зараз меншая – 15 – 16 %, складуем пры 14 %, – расказаў дырэктар гаспадаркі Сяргей Пенязь.
Кіраўнік дзяржавы прадметна цікавіўся дэталямі: колькі зерневых убрана, колькі пашы ў гаспадарцы, якія планы на азімы ячмень. Дырэктар не ўтойваў задавальнення:
Азімы ячмень шыкоўны: 80 цэнтнераў з гектара ўраджайнасць.
Адсюль лагічнае рашэнне кіраўніцтва гаспадаркі пашырыць пасяўныя плошчы пад гэту культуру ў наступным годзе з цяперашніх 148 гектараў да 450 – 500, у тым ліку за кошт скарачэння пасеваў азімай пшаніцы, ураджайнасць якой куды ніжэйшая.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыла звярнуў увагу, што па ўраджайнасці зерневых усе вобласці сёлета ідуць з плюсам, а ў першым мільёне тон доля азімага ячменю склала 300 тысяч тон. Планы на культуры вялікія: на наступны год мяркуюць павялічыць з 60 тысяч да 200 тысяч гектараў.
– Мы разумеем, аграрыі, што такое азімы ячмень і чаму Прэзідэнт цісне на гэту культуру… Для нас азімы ячмень – выратаванне. Ён трапляе ў гэты перыяд вегетацыі, калі ёсць нейкая вільгаць. Асабліва на паўднёвых рубяжах. У Гомельскай вобласці трэба спрабаваць, калі вільгаці не хапае, – звярнуў увагу лідар дзяржавы.
Ён згодны, што азімага ячменю ў краіне трэба сеяць больш. Пры гэтым для кожнай канкрэтнай гаспадаркі павінен выконвацца разумны баланс, зыходзячы з мэтазгоднасці і рэнтабельнасці, бо культура даволі капрызная, патрабуе падпарадкавання тэхналогіям.
– Давіць ні ў якім разе не трэба. Усе павінны самі вызначыцца з улікам вопыту, колькі вырабляць ячменю, – арыентаваў Прэзідэнт. – Дарэчы, я паглядзеў па ячмяням, наш «Буслік» (беларускі гатунак) на адзін цэнтнер ніжэй, чым найлепшы гатунак французскага.
Прэзідэнт таксама дадаў, што пры правільным вырабе і высокіх выніках ураджайнасці ў перспектыве можна сеяць менш зерня, выдзяляючы больш плошчаў пад бялковыя культуры. Гэта прынцыповае пытанне для жывёлагадоўлі, бо тады галіна зможа сэканоміць на закупках імпартнага бялку.
– Нельга мукой карміць жывёлу. Павінен быць збалансаваны корм, тады і малако будзе.
Ён таксама расказаў, што на прэзідэнцкім эксперыментальным полі плануюць пасеяць бялковыя культуры – гарох, люпін, сою:
– Паглядзім, што атрымаецца. Я ўпэўнены, што ў нас гэта магчыма вырабляць і не трэба буде за мяжой закупляць.
Як паведаміў Прэзідэнту губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын, сёлета рэгіён плануе сабраць 1,9 мільёна тон зерневых, а з улікам кукурузы і рапсу агульная вага караваю складзе 2,7 мільёна тон. Пры гэтым тут па-гаспадарску задумваюцца не толькі пра тое, каб забяспечваць свае патрэбы, але і ствараць рэзервы. Зрабіць гэта можна, у тым ліку і за кошт кукурузы, ураджайнасць якой даволі высокая.
– Сёлета мы пабудавалі 28 новых зернесушыльных комплексаў і пастараемся атрымаць 600 тысяч тон зерня кукурузы. Калі гэта «праглынём», то плануем за год-два нарасціць вытворчасць зерня кукурузы да 800 тысяч тон. Нам гэтага цалкам хопіць, каб забяспечыць вобласць.
Гэта станоўча ацаніў Прэзідэнт. Ён паназіраў за ўборкай азімай пшаніцы, падрабязна цікавіўся, як і за кошт чаго плануюць забяспечваць далейшы прырост аб’ёмаў вытворчасці ААТ «Казловічы-Агра». Перспектывы жывёлагадоўлі, па словах кіраўніка дзяржавы, ляжаць у тым ліку ў рэчышчы далейшага ўкаранення сучасных тэхналогій, рабатызацыі працэсаў. У канчатковым выніку гэта дае вялікую рэнтабельнасць і патрабуе менш працоўных рэсурсаў. Яшчэ адзін момант – неабходнасць павышэння патрабавальнасці да ўсёй кадравай вертыкалі на месцах. І гэта цалкам справядліва: слабыя гаспадаркі не павінны расхалоджваць моцныя. На развітанне Аляксандр Лукашэнка паціснуў руку кіраўніку сельгаспрадпрыемства, падзякаваў усіх суправаджаючых.
– Дзякуй. Недарэмна прыехаў…
Калі б усе былі, як у Слуцкім раёне, праблем не было б.
Па матэрыялах БЕЛТА і СМІ
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.





