Пункт туристического маршрута - Опса

 Крыху больш за 60 кіламетраў аддзяляюць Міёры да аграгарадка Опса Браслаўскага раёна. Нават у пахмурны зімовы дзень дарога туды нядоўгая і даволі зручная. Населены пункт, што вядзе адлік сваёй гісторыі з 1500 года, вабіць сучаснікаў двума галоўнымі адметнасцямі. Гэта былая сядзіба роду Плятэраў і касцёл Святога Яна Хрысціцеля.

 

Сядзіба так і не стала туркомплексам

Сядзіба Плятэраў – помнік сядзібна-паркавай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Пабудаваны ў 1903 – 1904 гадах колішнім уладальнікам Опсы графам Феліксам Плятэрам па праекце літоўскага архітэктара. Узводзіўся як асноўная рэзідэнцыя Плятэраў на Браслаўшчыне.

 
Дарога да сядзібы ідзе праз арачны мосцік з часанага каменю. Сюды мы спусцімся на зваротным шляху. Адразу за мосцікам абступаюць шлях каменныя слупы рознай велічыні. Гэта фрагменты былой агароджы. Узнікае асацыяцыя з комінамі, што застаюцца на месцы спаленых хат.

 
Сядзібны дом Плятэраў пажараў не ведаў, па яго ступеньках і пакоях прайшоўся толькі яго вялікасць Час. Пакінуў знешнюю масіўнасць будынка з вокнамі, забітымі дошкамі, порцікам з калонамі ля галоўнага ўвахода і месцамі прадзіраўленым дахам. Унутры – прасторныя пустыя памяшканні, уцалелыя лесвіцы, па якіх можна падняцца на самае гарышча. У адным з калідораў аднекуль узяўся матрац. На яго натрапілі, вывучаючы «ўнутраны свет» пабудовы.

 
 Пасля Першай сусветнай вайны сядзіба таксама была спустошана. Тады Фелікс Плятэр перадаў яе дзяржаве пад земляробчую школу. Установа адукацыі дзейнічала з 1927 па 1939 гады. Пасля Другой сусветнай вайны тут таксама была школа. Цяпер сядзіба ў закінутым стане.

 
Некалькі гадоў таму інвестары са сталіцы планавалі ператварыць яе ў сучасны круглагадовы турыстычны комплекс з гасцініцай, спартыўнымі пабудовамі, SPA-цэнтрам. Пра гэта ў верасні 2013-га пісалі «Віцебскія весткі». Была падобная інфармацыя ў іншых крыніцах. Першых наведвальнікаў туркомплекса планавалася прыняць напрыканцы 2014 года. Відаць, штосьці пайшло не так.

 
Замест адпачывальнікаў прыязджаюць на былую сядзібу турысты. Напэўна, найбольш маляўніча выглядае яна ўвосень, калі парк красуе яшчэ не апалай залатой лістотай. Прывабная і ў зімовым убранні.

 
 Прыгожы від на возера адкрываецца з супрацьлеглага фасада. Тут размяшчалася прасторная тэраса, з якой каскад лесвіц вядзе да вады. Забыўшыся на асцярожнасць, ледзь не подскакам спяшаемся ўніз з доўгіх засыпаных снегам ступенек. Адсюль сядзіба паўстае з іншага цікавага ракурсу.

 

Святыня на пагорку

Вабіць позірк касцёл Святога Яна Хрысціцеля на пагорку побач з возерам. Па перыметры – дэкаратыўная цагляная агароджа на каменным падмурку. Узвялі святыню ў 1887 годзе на месцы касцёла, што згарэў годам раней. Пабудаваны ў папулярным у канцы ХІХ стагоддзя стылі неаготыкі. З 1992 па 2000 гады ў касцёле ў Опсе служыў былы ксёндз-пробашч Міёрскай парафіі Крыштаф Міянкіна.

 
Як і яго папярэднік, касцёл зведаў пажар. У 1928 годзе вогненная стыхія моцна пашкодзіла вежу і дах. Дзякуючы намаганням вернікаў тут да 1949 года праходзілі службы. Затым святыню ператварылі ў склад, і толькі ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя тут зноў загучала Божае слова.

 

У 1981 годзе ў Опсе часткова здымалі фільм «Затишье» па матывах аднайменнай аповесці Івана Тургенева. У кадр трапілі сядзіба Плятэраў, лесвіца-каскад, возера.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял з альбома аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.