Шведская Дисна?
gazeta 17-01-2012, 11:51 2 064 Гісторыя краю
Шведская Дзісна?
Дзісна — не толькі самы маленькі горад Беларусі, яшчэ гэта самы старажытны населены пункт нашага раёна. Археолагі сцвярджаюць, што ён быў заснаваны ў ХІ стагоддзі як фарпост палачанаў на Дзвіне, якая з’яўлялася адгалінаваннем шляху “з варагаў у грэкі”. Па рацэ “хадзілі” ваенныя дружыны скандынаваў — датчан, нарвежцаў і шведаў. У летапісе згадваецца, што крывічы ў 862 годзе прагналі варагаў з-за мора, якім да гэтага плацілі даніну.
Ці маглі варагі жыць на Міёршчыне? Так, сляды іх выяўлены археолагамі. У прыватнасці, у Прудніках знаходкі пацвярджаюць дыслакацыю варажскай дружыны, якая служыла полацкім князям.
Але вернемся да Дзісны. Захаваўся дакумент, які носіць назву “Скарга Вялікага княства Літоўскага да Лівонскага ордэна”. Там гаворка ідзе пра напады лівонскіх рыцараў з тэрыторыі цяперашняй Латвіі на мясціны сучаснай Беларусі, пра забойствы людзей, рабаванні, спаленні і ўгоны мясцовага насельніцтва ў палон. Згадваюцца таксама жыхары тагачаснай Дзісны, якія трапілі ў няволю да крыжакоў. Вось іх імёны — Салькон, Аўскон, Хецен, Смалькон, Трораскхон, Мамельхава, Ігальчон, Хадархон, Хаўрылон. Ці не дзіўна вам, чытач? Гэтыя імёны зусім не славянскія, яны шведскія. А размова ідзе пра 1413 год. Дык ці не была наша Дзісна заснавана і ў старажытнасці заселена скандынавамі?
Вядома, што насельніцтва Дзісны на працягу часу мянялася не раз. Але ХV стагоддзе — гэта ўжо амаль 400 год пасля спынення экспансіі вікінгаў. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Дзісна згадваецца ў 1461 годзе, праз паўстагоддзя пасля падзей, пра якія вяду гаворку. Тады адкуль тут узяліся жыхары са скандынаўскімі імёнамі? Толькі са Швецыі, і хутчэй за ўсё ў ХІ стагоддзі, напрыканцы экспансіі вікінгаў. А ў 1413 годзе ўзгадваюцца іх далёкія нашчадкі. Можна толькі меркаваць, на якой мове яны размаўлялі. Ці не выпадкова і цяпер шведы маюць цікавасць да Дзісны, можа яны ведаюць (ці здагадваюцца), што на гэтай зямлі некалі пакінулі свой след іх продкі. Сумняваюся, што ў ХV стагоддзі яны падтрымлівалі сувязі са сваёй прарадзімай. Шлях ім з ХІІІ стагоддзя перакрываў той жа Лівонскі ордэн, а Швецыя пэўны перыяд была залежнай краінай. Па ўсяму бачна, што ў крывіцкім асяроддзі тутэйшыя шведы захавалі сваю адметнасць і, магчыма, рэлігію і мову, бо ці маглі ў праваслаўнай царкве пры хрышчэнні даць імя Трораскхон. Альбо, яны з’яўляліся язычнікамі?
С. ВАСІЛЬЕЎ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.