“Арганаўты мінулага” і 34-ы пошукавы сезон

Для нашага гуртка мінулы год быў насычаны. Гісторыка-этнаграфічны музей СШ №3 папоўнілі каменныя прылады працы: разец з V ст. да н. э., таўкачу каля 1500 гадоў. Прыкладна такі ж “узрост” жалезных іголак, шылаў і нажоў. Захаваліся з XI-XIII стагоддзяў наканечнікі стрэл лукаў і арбалетаў. Асабліва шматлікія рэшткі керамікі, пачынаючы з 1 ст. н. э. А яшчэ касцяныя праколкі, пранізкі, бронзавыя падвескі балтаў і славян-крывічоў, абярог з ікла медзвядзя, унікальная бронзавая спражка-фібула 17 ст.

Краязнаўцы здзейснілі паходы ў вёску Дзедзіна і наваколле Пруднікаў, вандроўку ў Хараброва, разведкі ў Карпачова, Гір’яты, Пестуны, Слаўшчызну,
Свярдлы, Дубашынскі Двор, былы маёнтак Мёры (Рэўтаў). Запісалі шмат цікавых успамінаў.

Дзедзінка

Гэтая вёска ў Перабродскім сельсавеце, за 20 км на паўночны захад ад Міёр цікавая тым, што тут нарадзіліся пачынальнік беларускай літаратуры Пётра Просты (Бобіч), заснавальнік музея Ф. Скарыны ў Лондане Часлаў Сіповіч і сучасны польскі пісьменнік Рышард Курыльчык. Між тым па дадзеных 1904 года ў населеным пункце налічвалася ўсяго 5 жыхароў. Магчыма, гэта памылка альбо ўлічаны толькі насельнікі палаца Рудніцкіх.

Краязнаўцы ставілі сваімі мэтамі знайсці магілу Марыі Далубоўскай-Рудніцкай у выглядзе гранітнай труны, вывучыць могілкі ў Вялікім Дзедзіне (у 1904 годзе ў вёсцы жыло 308 чалавек), даследаваць сядзібу і былую школу.
Велапаход пачалі летнім ранкам. Прыпыніліся ў алеі былой панскай сядзібы ў
Станулеве.

Дарога была не простай, бо нашы веласіпеды пачалі псавацца: зляталі ланцугі, адвальваліся педалі... І ўсё ж у Вялікім Дзедзіне аб’ядналіся з групай дзяўчынак з 8 “Б” класа, якія прыехалі сюды з Вольгай Уладзіміраўнай Няміра рэйсавым аўтобусам.

Старыя могілкі аказаліся паблізу аўтобуснага прыпынку. На іх выявілі і ачысцілі пахаванні бацькоў Пётры Простага.

Ля палаца Рудніцкіх вывучылі алею, выявілі кафлю XIX стагоддзя. Тут сядзіба сфарміравалася ў 1810-1820 гадах у стылі класіцызму: жыллё на пагорку, часткова захаваўся пейзажны парк з копанкай, гаспадарчыя пабудовы з каменя. Двухпавярховы прамавугольны ў плане мураваны дом дзісенскі суддзя Аляксандр Рудніцкі ўзвёў па праекту вядомага архітэктара Віткоўскага. Дах вальмавы, у цэнтры галоўнага фасада — чатырохкалонны порцік з трохвугольным франтонам. Аздабленне будынка — пілястры, рустоўка, прафіляваныя карнізы. На першым паверсе вокны квадратныя, на другім—прамавугольныя. Першы скляпеністы паверх мае анфіладную планіроўку, другі—змешаную. З вестыбюля на яго вядзе лесвіца.

Інтэр’ер захаваў сляды камінаў, дэкору ў неагатычным стылі. Некалі тут была збраёўня, на сценах віселі паляўнічыя трафеі, габелены, дываны. Стаяў камод з люстрам у стылі барока, месціўся збор кілімаў з розных краін, пад столлю—крыштальная жырандоля. Карціны вядомых мастакоў, вялікая бібліятэка, шафавы гадзіннік у “гданьскім стылі”—усё гэта краязнаўцы ўяўлялі паводле аповеда кіраўніка гуртка В. А. Ермалёнка.

Магілу Марыі Далубоўскай-Рудніцкай на пагорку раскапалі вандалы-скарбашукальнікі. Гранітнае падмагілле аказалася ў высокіх зарасніках. Яго ачысцілі, абмерылі, сфатаграфавалі. Яно павінна вярнуцца на ранейшае месца.
Мясцовы старажыл Я. П. Казлоўскі меў не надта добрае здароўе, аднак расказаў нямала цікавага пра сістэму панскіх копанак, будаўніцтва палаца з удзелам расійскіх салдат, лёс апошняй гаспадыні маёнтка Вішнеўскай.
Захапляючае падарожжа па наваколлях Дзедзінкі закончылася хутка. Яшчэ наведалі крынічку з гаючай вадой, устанавілі палатачны лагер на беразе возера Набіста, а пасля вячэры слухалі паданні з вуснаў Вітольда Антонавіча.

Пруднікі

Вёска знаходзіцца за 25 км на поўнач ад Міёр. Назва яе славянская. Непадалёку ад населенага пункта размяшчаюцца археалагічныя помнікі—селішча і гарадзішча, якія патрабавалі добраўпарадкавання. Яшчэ цікавіў пошук на месцы маёнтка Устшэж, які выявілі нашы старэйшыя папярэднікі пры распрацоўцы турыстычнага маршрута “Малы залаты пярсцёнак Міёршчыны”.

На аўтамабілях да Пруднікаў дабраліся хутка, а потым з цяжкасцю прабіваліся праз хмызнякі, крапіву і баршчавік. Гарадзішча адразу ўразіла вышынёй і стромкімі схіламі. Тутэйшае селішча адносіцца да культуры паліванай керамікі (зроблены посуд перад абпальваннем палівалі вадкай глінай). Раней у гэтых мясцінах даследаванні праводзілі вядомыя археолагі А. Р. Мітрафанаў (1974, 1978, 1980 гады) і В. І. Шадыра (1977, 1981-2002), палякі. У свой час ім актыўна дапамагалі члены гуртка “Арганаўты мінулага”.

Раскопкі паказалі, што жыццё ў гарадзішчы і селішчы віравала з II да XVII ст. н. э. Культурны пласт да 3,2 метра падзяляецца на два “гарызонты” перыядам X- XI стагоддзяў.

На месцы гарадзішча быў пабудаваны замак, які ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў XVI стагоддзі, але, па ўсяму бачна, існаваў і раней. У 1516 г. Іван Сапега атрымаў ад караля Жыгімонта I Старога прывілей на ўзвядзенне фартэцыі, закладку горада, крамаў і торга. Да 1556 г. усім гэтым валодаў збеглы рускі князь А. Пронскі, які быў жанаты на дачцэ Сапегі. Потым Г. Сапяжанка выйшла замуж за рускага ваяводу Мікалая Сіняўскага. Толькі пасля сярэдзіны XVII ст. звесткі пра замак знікаюць. Відаць, ён быў разбураны падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай у 1654-1667 гадах.

Паставілі лагер, знайшлі крынічку з чыстай вадой, што ўпадае ў Вяту. Пасля абеду рушылі да селішча, парэзанага раскопамі археолагаў. Вядома, разраўняць яго бульдозерам значна прасцей, але наш кіраўнік меркаваў, што там могуць застацца рэчы, якія не заўважылі папярэднікі.

Асцярожна і ўважліва перакапалі тоны зямлі, перш чым з’явіліся першыя знаходкі. Сяргей Вішнеўскі напаткаў ляпную кераміку, якой 1500-2500 гадоў, шматлікія косткі хатняй і дзікай жывёлы таго ж часу сведчылі пра паляванне і жывёлагадоўлю. Фрагменты печы-каменкі, жалезныя іголкі, шылы, цвікі і нож... Вельмі парадаваў Ігар Дзярко, які знайшоў амаль цэлы ляпны збан пачатку нашай эры, шкада, што ён быў дрэнна абпалены і рассыпаўся. Пашчасціла на знаходкі Дзмітрыю Захарэвічу і Васілю Грэцкаму.

Жыхар хутара Вята Антон Данатавіч Анашка гасцінна сустрэў краязнаўцаў, пачаставаў іх мёдам і малаком, паіграў на мандаліне. Калісьці ён забаўляў моладзь на вечарынах. Аднак лёс гэтага чалавека склаўся не проста. У складаны пасляваенны час правакатар сагітаваў яго і яшчэ двух хлопцаў з бліжэйшых вёсак не ісці ў войска. Скончылася гэта арыштам і сібірскімі лагерамі, адкуль мог не вярнуцца.

Старажыл апавядаў, што ў тутэйшых мясцінах раней былі дзве ткацкія фабрыкі і карчма. На навакольных палях трапляліся старажытныя манеты. Кардонная фабрыка на Вяце дзейнічала да вайны. Шмат шкоды нарабіў град у 1939-ым. Памятае Антон Данатавіч пра будаўніцтва капліцы, маёнтак і яго апошнюю гаспадыню Ядвігу Мірскую.

Тры дні краязнаўцы наводзілі парадак на селішчы і вялі пошук на месцы маёнтка Устшэж. Парадавалі знаходкамі берагі Вяты і нават яе дно. Пашчасціла мне і А. В. Ермалёнку. Выяўлены фрагменты керамікі, якой 1500-2500 гадоў, спражка-фібула VII стагоддзя, амулет-абярог X-XI ст., наканечнік арбалетнай стралы квадратнага сячэння (падобныя выяўлены ў Наваградку, Полацку, Ваўкавыску, на тэрыторыі Латвіі), падвескі і іншае.

Хараброва

Яшчэ ў канцы XVI ст. пісьмовыя крыніцы нагадваюць пра фартэцыю Вята і замак у наваколлі Хараброва. Замак адзначаны і на карце 1772 г. Р. Занонега. Ці можна яго лакалізаваць на мясцовасці? З гэтай мэтай гурткоўцы адолелі 8 км на паўночны захад ад Міёр. Назва вёскі паходзіць ад недалёкай рачулкі Хараброўкі.
У вёсцы заўважылі чорную зямлю—дакладны паказчык культурнага пласта. Гаспадар участка П. М. Хілько дазволіў весці пошук і адзначыў, што калі ў гэтых мясцінах і мог быць замак, то толькі на месцы былога пясчанага пагорка, звезенага ў 70-я гады мінулага стагоддзя. А на агародзе мы знайшлі толькі кераміку XVIII- XX ст.ст., расійскую капейку Мікалая II і гільзы часоў другой сусветнай вайны.

Мясцовая жыхарка Ганна Пятроўна Паплаўская, што жыла паблізу кар’ера, засведчыла, што раней на пагорку дзеці знаходзілі крамянёвыя адшчэпы. Іншыя тутэйшыя вяскоўцы мяркуюць, што рэчышча Вяты спрамлялі беспрацоўныя ці вязні пры Польшчы, альбо нямецкія ваеннапалонныя.

Пошукі на месцы кар’ера вынікаў не далі. На іншых пагорках паблізу культурны пласт не выяўлены. Так што засталося адзінае меркаванне: замак мог размяшчацца толькі на пясчаным пагорку, які паглынуў кар’ер.
Што да пошукаў, то і тут у іх шчыравалі Дзіма Захарэвіч і Васіль Грэцкі.
Па дарозе дадому гурткоўцы абследавалі былы маёнтак Шчоўна, пазначаны на расійскай вайсковай карце 1863-1864 гадоў як “гасподскі дом”. Яго ўладальнікамі з`яўляліся Зяновіч, князь Масальскі (1522-1586), Рудаміна (да 1727), Невянглоўскі (да 1823), Дарангоўскі. На месцы маёнтка выяўлены адшчэпы крэменю, фрагменты кафлі і керамікі з XVI стагоддзя, манета ў 1 грош Яна Казіміра 1661 г. чаканкі Вялікага княства Літоўскага, нямала старажытных круглых куль ад паляўнічых стрэльбаў і гільзы часоў апошняй вайны.
Пры вяртанні В. А. Ермалёнак звярнуў увагу на магчымасць існавання старажытнага паселішча ля вытокаў ракі Вята. І сапраўды, побач з пясчанымі пагоркамі пабачылі чорную зямлю. Так было адкрыта раней невядомае паселішча людзей жалезнага веку. Каштоўнымі знаходкамі сталі каменны таўкач, рэшткі нажа і керамікі, якім каля 1500 гадоў.

Карпачова

Гэтая вёсачка паблізу райцэнтра знікла ў канцы XX ст., бо моладзь перабралася ў гарады, а старыя паступова павыміралі. У музеі СШ №3 захавалася распяцце з крыжа, які стаяў на ўездзе ў населены пункт. Яго ў 1996 годзе прынёс нам сябра гуртка “Арганаўты мінулага” Віктар Шупіла.

У Карпачова краязнаўцы трапілі хутка дзякуючы старой ваеннай карце і брукаванай дарозе. У выніку пошукаў выявілі шматлікія фрагменты керамікі, парцаляны і шкла, манеты, якім 200 і больш гадоў.

Пестуны

Вёска за 6 км на паўднёвы ўсход ад райцэнтра мае вялікую і цікавую гісторыю. Калі ў 1904 годзе ў ёй было 227 жыхароў, то ў 1998-м —56 двароў і 131 насельнік.
Нядаўна тут з’явілася царква на месцы ранейшай. Сябры гуртка “Арганаўты мінулага” выявілі ля яе фрагменты керамікі з хвалістымі ўзорамі XVI стагоддзя. Тутэйшы жыхар Дзмітрый Данілавіч Тычко расказаў нам пра існаванне карчмы і каменя з выявай крыжа, пра часіны нямецкай акупацыі. Адсюль савецкая артылерыя вяла агонь па нямецкаму гарнізону ў Міёрах у час вызвалення.
У наваколлях Пестунаў і суседніх Свярдлах знаходзілі нямала старажытных манет. І краязнаўцы зрабілі тут свае чарговыя знаходкі.

Гір’яты

За 6 км на паўночны ўсход ад Міёр знаходзіцца гэтая невялікая вёсачка. Яе назва азначае густы лес. У 1904 г. тут жыло 129 чалавек, у 1998-м засталося 8 двароў і 11 жыхароў, цяпер і таго менш. Яшчэ раней краязнаўцы знайшлі ў наваколлях каменныя сякеры, крамянёвы разец, якім 3-4 тыс. гадоў.
Новая разведка выявіла рэшткі керамікі, шкла, парцаляны, якім па 200-400 гадоў, а крамянёваму разцу нават 7 тысяч. Так, тут існавала старажытнае паселішча, больш позняя вёска і сядзіба.

Свярдлы, Слаўшчызна, Мёры

Гісторыя кожнай вёскі па-свойму цікавая. Вось толькі паглыбіцца ў далёкае мінулае ўдаецца не заўсёды. І веласіпедная паездка ў Свярдлы аказалася не надта ўдалай. У пачатку мінулага стагоддзя тут жыло 150 чалавек, у канцы—105, з іх многія прыезджыя. Пашчасціла знайсці пэўны этнаграфічны матэрыял (бёрды, куфар), манеты (дзянга 1753 г.), але лёс скарбаў застаўся невядомым. (Па звестках рэдакцыі ў Свярдлах знойдзены 2 скарбы нідэрландскіх талераў—у амшары ў канцы 50-х гадоў падчас здабычы торфу і ля ручая з амшары—пры ўзорванні агарода).

Слаўшчызна—яшчэ меншы населены пункт, толькі легенд пра яе шмат. Яны расказваюць пра размежаванне ўплыву праваслаўнай царквы і касцёла пасля скасавання ўніі, пра паходжанне другой назвы—Паданыя, пра будаўніцтва тут у 1858 г. царквы. І пошукі краязнаўцаў пацвердзілі даўняе існаванне вёскі.
Ранейшая сядзіба Мёры—гэта Дубашынскі Двор. Мясціны цікавыя тым, што тут суседнічаюць старажытнае паселішча, панская сядзіба і сучасная вёска. Вось і мінулагодняя разведка папоўніла знаходкі каменных прылад працы больш познімі рэшткамі керамікі, шкла і кафлі. Яны ўдакладняюць дзе можна весці пошукі ў будучым.

Некалькі сядзіб з аднолькавымі назвамі было і на тэрыторыі сучаснага райцэнтра. На адной з іх таксама выяўлены вельмі старажытныя, яшчэ каменныя прылады працы, якім да 5 тыс. гадоў, і больш познія—з XI стагоддзя нашай эры. А побач—рэшткі керамікі, шыла, рыбалоўныя керамічныя грузікі, манеты 1559-1662 гадоў. Чаму здзіўляцца: бераг возера—вельмі зручная мясціна для паселішчаў. Дарэчы, і ля вытокаў Мерыцы выяўлены крамянёвыя адшчэпы, і тут некалі жылі старажытныя людзі.

Ігар КАНДРАТОВІЧ,
вучань 9 “Б” класа СШ №3,
стараста гуртка “Арганаўты мінулага”.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.