Интересные находки в «старых» Мёрах
gazeta 20-02-2019, 08:00 1 094 Гісторыя краю
Падчас пракладкі каналізацыі старэйшы ўдзельнік гуртка “Арганаўты мінулага” Антон Ермалёнак на завулку імя М.Фрунзе на мятровай глыбіні натрапіў на старадаўнюю печ-каменку. Вядома, што калісь тут размяшчалася вёска Русачкі, якая ўпершыню ў даступных нам крыніцах згадваецца толькі напрыканцы 18 стагоддзя. Таму знойдзены археалагічны артэфакт дазволіў прыадчыніць старонку гісторыі гэтага паселішча.
Памеры сярэднявечнай печы-каменкі складалі ў дыяметры 1,2 метра. Таўшчыня вуголля і попелу 20 см. Асноўныя знаходкі — кавалкі збаноў 16-18 стагоддзяў, што выраблены на ганчарным крузе. У тыя часы менавіта ў гліняным посудзе гатавалі сяляне стравы ў печах. Агульная колькасць аскепкаў венчыкаў, донцаў і бакавін больш за сто. Бакавіны ўпрыгожаны хвалістым арнаментам — сімвалам вады і абароны ад нячыстай сілы. Падобным узорам карысталіся нашы продкі на працягу тысяч гадоў.
У культурным пласце захавалася шмат абпаленага камення і абмазкі з гліны, што сведчыць — шчыліны паміж каменем былі замазаны, каб не праходзіў дым.
Адзіная выяўленая жалезная рэч — падкоўка для абцасаў ботаў. Побач на адлегласці 1,5 метра знаходзілася яма, запоўненая культурным пластам без знаходак. Магчыма, яна адносіцца да больш позняга часу, у 19-20 стагоддзях гэта была яма для сховішча бульбы на зіму.
Знаходкі пацвярджаюць існаванне паселішча адначасова з маёнткам Мёры пяцьсот год таму. Але ў культурным пласце печы-каменкі знойдзена і некалькі венчыкаў керамікі 12-13 стагоддзяў. Ёсць падставы сцвярджаць, што на гэтым месцы існавала паселішча і ў больш ранні перыяд. Адкрылі старажытныя Русачкі, па-першае, дзякуючы ручной працы з рыдлёўкай. Па-другое, Антон Ермалёнак — гісторык-археолаг па адукацыі. На жаль, шмат археалагічных аб’ектаў і знаходак гіне падчас земляных работ з-за недасведчанасці людзей.
Фота: эмблема гуртка.
Вітольд ЕРМАЛЁНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.