Авторизация
 

Экскурсія ў мінулае

Экскурсия в прошлое

Заўсёды з цікавасцю і нейкім непераказальным захапленнем заходжу ў гістарычны музей СШ №3, дзе ветліва сустракае яго гаспадар і стваральнік Вітольд Антонавіч Ермалёнак. Паўсюдна звычайныя і незвычайныя экспанаты, на якіх гісторыя краю — наша спадчына. Здаецца, дня не хопіць, каб ўсё добра разгледзець і пра ўсё паслухаць з вуснаў экскурсавода.

 

Чарговы мой візіт у гістарычны музей звязаны з выставай, прысвечанай 500-годдзю Міёраў. Наколькі дазваляе месца, у невялікай экспазіцыі сустрэлася некалькі эпох, а шматлікія артэфакты, безумоўна, знойдзеныя толькі на тэрыторыі нашага населенага пункта. Вось што расказаў пра выставу Вітольд Антонавіч Ермалёнак:

 

Зараз мы сканцэнтравалі ўвагу на фоталетапісе паселішча. У музейных фондах захаваліся рэдкія здымкі розных часоў з відамі касцёла ў Міёрах і яго будаўніцтва. Асабліва багатая калекцыя фота пасляваеннага горада. Наведвальнікі ўбачаць, як на працягу некалькіх пасляваенных дзесяцігоддзяў Міёры выраслі, з занядбалага мястэчка ператварылася ў прыгожы райцэнтр. Там, дзе раней было чыстае поле і забалочанасць, зараз узвышаюцца шматпавярхоўкі, заселены вуліцы. Разнастайныя здымкі дэманструюць не толькі аб-лічча паселішча, але і расказваюць пра жыццё горада: чэргі ў магазінах у 1967 годзе, выставы сельгаспрадукцыі, святы і дэманстрацыі па вуліцах райцэнтра. На фота і карціны будаўніцтва прамысловых аб'ектаў, дзякуючы якім наша мястэчка стала не толькі гарадскім пасёлкам у 1957 годзе, але і атрымала статус горада ў 1972-ім. Асабліва ўражваюць здымкі мінулых часоў вуліц Кастрычніцкай, Камуністычнай, імя Кірава, плошчы Загінуўшых барацьбітоў і інш.

 

На выставе змешчаны і дакументы, якія апавядаюць аб развіцці адукацыі, прамысловасці. Унікальнымі з'яўляюцца пасведчанне аб заканчэнні Міёрскага народнага вучылішча ў 1902 годзе, кніжкі спажывецкага таварыства "Звязда" ў Міёрах 1910 і 1921 года, грамата Міёрскага цагельнага завода (1947), стары альбом з фотаздымкамі жыхароў горада і інш. Усяго ў экспазіцыі выставы звыш 100 дакументаў і здымкаў.

 

У наш час цікавымі экспанатамі з'яўляюцца нават звычайныя калісьці рэцэпты прыватнай Міёрскай аптэкі, якая мела назву ў перакладзе з польскай "Прадвесце Божае". Сам уладальнік аптэкі — Вішнеўскі, лекі якога выратавалі нямала жыццяў, — загінуў ад рук бальшавіцкіх катаў у 1941 годзе ў Беразвеччы.

 

Гравюра "Набярэжная ў Міёрах", якая створана нашым знакамітым мастаком Вячаславам Шамшуром у 1982 годзе, — не толькі прыгожы твор мастацтва, але і гістарычны артэфакт, які дэманструе краявіды, якіх зараз няма.

 

Пра найбольш старадаўнюю гісторыю нашага горада распавядаюць прадметы, знойдзеныя гуртком "Арганаўты мінулага" падчас шматлікіх разведак па вуліцах і агародах нашага горада. Перш за ўсё гэта крамянёвыя разцы і скрабкі, каменныя сякеры больш чым 5000-гадовай даўніны, якія пераканаўча сведчаць, што наш горад вырас на месцы старажытных паселішчаў, што ўзніклі яшчэ ў каменным веку. Аб развіцці мястэчка ў 16 - 18 стст. сведчаць знаходкі манет. Самыя старажытныя, знойдзеныя на тэрыторыі горада, — гэта паўгрош 1513 года Жыгімонта Аўгуста І, літоўскі дэнарый 1570 года Жыгімонта Аўгуста, трайны грош Жыгімонта ІІІ Вазы. Асабліва багатая калекцыя знаходак на тэрыторыі горада шматлікіх солідаў і грошаў Яна Казіміра 1660 - 1664гг., якія сведчаць аб фінансавым крызісе Рэчы Паспалітай. У межах горада мы знаходзілі і манеты чаканкі эпохі каралёў Рэчы Паспалітай Яна Сабескага, Аўгуста ІІІ, Аўгуста ІV. Шмат было знойдзена і манет Расійскай імперыі: дзяньга, медныя капейкі расійскіх імператараў Паўла І, Аляксадра І, Мікалая І, Мікалая ІІ. А вялікі медны пятак Кацярыны ІІ 1775 г. быў адшуканы нават пад вянцом разабранай хаты. Гэтыя знаходкі сведчаць аб развіцці Міёраў як мястэчка — цэнтра рамяства і гандлю. А вось аб інтэр'ерах дамоў шляхты, якая пражывала ў Міёрах, сведчаць знаходкі кафлі, якой абкладвалі печы. Найбольш старажытныя яе фрагменты належаць да 16 стагоддзя, якраз да перыяду першых згадак у дакументах пра наша мястэчка. Унікатамі музейнай выставы сталі пячаткі асобнага камітэта па харчаванні 1915 года і пячатка польскага ветэрынарнага доктара з Міёраў 20-х гадоў 20 ст.. У экспазіцыі змешчаны і пярсцёнкі ад 16-га да 20-га ст., прадметы побыту мінулых стагоддзяў з манаграмамі ўладальнікаў.

 

Прадстаўлены на выставе і прадметы з матэрыяльнай культуры яўрэйскага насельніцтва, якое складала ў першай палове 20 стагоддзя асноўную частку жыхароў мястэчка. Гэта падсвечнік з зоркай Давіда, кубкі, нож для нарэзкі рытуальнага печыва — мацы, яўрэйская віншавальная паштоўка і г. д.

 

На выставе шмат кніг, якія апавядаюць аб гісторыі нашага паселішча, успамінаў тых, хто калісьці тут жыў. Слоўныя малюнкі таксама дазваляюць скласці ўяўленне аб тагачасным становішчы, у якім жылі продкі.

 

Галерэя сучасных здымкаў горада дазваляе параўнаць краявіды мінулага з сучаснымі забудовамі райцэнтра. Нават невялікая па сваіх памерах экспазіцыя дазваляе наведвальнікам быццам на машыне часу адправіцца ў розныя перыяды развіцця нашага горада.

 

Музей і выстава заўсёды адчынены для тых, каму цікава яго наведаць. Папярэдне можна дамовіцца аб экскурсіі, патэлефанаваўшы Вітольду Антонавічу Ермалёнку на нумар 591-96-89 (мтс).

 

Выставу наведала Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

 

 

Экскурсия в прошлое

Экскурсия в прошлое

Экскурсия в прошлое

Экскурсия в прошлое

 

 

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 29 сентября 2021
Алексей, Виктор, Григорий, Иосиф, Сергей, Людмила

Именины 28 сентября 2021
Андрей, Виссарион, Герасим, Григорий, Дмитрий, Иван, Игнатий, Иосиф, Леонид, Макар, Максим, Никита, Николай, Петр, Порфирий, Степан, Федот, Евдокия, Людмила, Мария, Яков, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта