С 26 сентября начальником отдела архитектуры и строительства, жилищно-коммунального хозяйства райисполкома назначена Татьяна Войнич

 З 26 верасня начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама прызначана Таццяна Віктараўна Войніч.

Нарадзілася Таццяна Віктараўна ў верасні 1997 года ў Міёрах. Вучылася ў СШ № 3, якую скончыла з залатым медалём. Вышэйшую адукацыю атрымлівала ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, дзе вывучала асновы спецыяльнасці «Экспертыза кіравання нерухомасцю». Затым вырашыла пашырыць прафесіянальныя веды і атрымала дыплом магістра эканомікі.

Вучобу ў магістратуры сумяшчала з работай, курыравала вучэбны працэс. Спачатку стажорам, а затым асістэнтам працавала на кафедры эканомікі.
Два гады таму вярнулася на сваю малую радзіму. Была галоўным спецыялістам у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, затым яе перавялі інжынерам па рамонце абсталявання, будынкаў і збудаванняў у міжгаліновы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый.

Новы кіраўнік пакуль яшчэ ўнікае ў спецыфіку дзейнасці аддзела, разам з тым уносіць свае прапановы. Падзялілася ходам падрыхтоўкі да абласнога фестывалю працаўнікоў сяла «Дажынкі», які Міёры прымуць у 2026 годзе. Вядуцца работы, афармляецца дакументацыя. Выдзелены сродкі на распрацоўку плана азелянення тэрыторыі. У многіх куточках горада з’явіцца новы асфальт, на вуліцы Верхнядзвінскай – з уладкаваннем тратуарнай дарожкі, па Набярэжнай – з новай пешаходнай зонай. Будуць прадоўжаны работы па ўладкаванні гульнёвай пляцоўкі і зоны для адпачынку па вуліцы Кастрычніцкай. У планах – зрабіць яе больш функцыянальнай і бяспечнай. Прадоўжыцца забудова ў мікрараёне Русачкі.
Яшчэ адзін з пунктаў, якія мяркуе ажыццявіць, – пазіцыянаванне брэнда Міёрскага краю. У знакавых месцах з’явяцца фігуркі жураўля і журавінкі, на фасады будынкаў у тым ліку будуць наносіць элементы брэндбука.

Закранула Таццяна Войніч і спрадвечную тэму – афармленне лавачак і сметніц, стварэнне безбар’ернага асяродку. Акцэнтавала ўвагу, што гэтыя элементы будуць мець сучасныя формы і аформлены ў адным стылі. Менавіта з такіх, здавалася б, дробязяў, складваецца знешняе аблічча горада.
І ўвогуле, кожны жыхар населенага пункта павінен рабіць пасільны ўнёсак у яго добраўпарадкаванне.

– Усе мы хочам бачыць свой горад дагледжаным і прыгожым. Пачынаць трэба з сябе. Кожнаму з нас варта як жыхару роднага горада, грамадзяніну Рэспублікі Беларусь прыводзіць у парадак свае домаўладанні, прылеглыя тэрыторыі, каб у спраўным стане былі ўсе камунікацыі і элементы. Каб была скошаная трава і паўсюль панаваў парадак. Не чакайце, пакуль хтосьці зробіць гэта за вас. Нашай увагі патрабуюць і тэрыторыі агульнага карыстання, – падкрэслівае Таццяна Віктараўна. 

Алена ВАРОНІНА.

0 комментариев

Добавить комментарий