Болотный мир Ельни глазами Ольги Вишневской
gazeta Вчера, 11:14 79 Прырода і экалогія / Грамадства
Другі сезон міярчанка Вольга Вішнеўская водзіць экскурсіі па балоце Ельня. Мінулым летам паспяхова прайшла іспыты ў Нацыянальным агенцтве па турызме і атрымала статус гіда. Сама бліжэй пазнаёмілася з балотным светам і цяпер раскрывае яго таямніцы турыстам.
Прывабіў прастор
– Больш за ўсё турыстаў увосень. Прыязджаюць пабачыць і пачуць журавоў, а іх на навакольных палях сотні і нават тысячы, прайсціся па багне, пабачыць тундравыя пейзажы, набыць журавіны. Хтосьці назваў восеньскія віды Ельні марсіянскімі: стракатае лісце дрэў, бурыя адценні імхоў і кустарнікаў, – заўважае гід. – Экскурсіі па балоце сезонныя – з мая па лістапад. У кожны з месяцаў Ельня чымсьці адметная і вабіць сваёй прыгажосцю. Так, увесну зацвітаюць кустарнікі, асаковыя, надаючы балоту прывабнасці. Улетку можна пакаштаваць чарніцы, буякі і іншыя ягады.
Для сябе Ельню Вольга Вішнеўская адкрыла ў 2011 годзе, калі ў якасці карэспандэнта раённай газеты па запрашэнні былога дырэктара заказніка Івана Барка ўдзельнічала ў невялікай экспедыцыі па падліку журавоў і гусей у час іх пералёту з палёў на начлег на балота. Пасля прадоўжыла знаёмства разам з мужам Аляксандрам Рудзёнкам. Іх агульнае захапленне – ціхае паляванне, збіраюць тут журавіны.
З дзяцінства Вольга прыгадвае заказнік «Балота Мох», што недалёка ад роднай вёсачкі Букава ў Перабродскім сельсавеце. Сям’ёй хадзілі на яго прасторы па чарніцы, буякі, журавіны.
– Збіраць ягады не вельмі любіла, гэта здавалася доўгім і нудным заняткам. А вось па грыбы ішла з асалодай. Яшчэ дашкольніцай мяне навучыла іх адрозніваць маці Ганна Пятроўна, а ў пачатковых класах я ўжо дакладна вызначала, які грыб ядомы, а які браць не трэба, – прыгадвае суразмоўніца. – Што да Ельні, яна захапіла сваёй прасторай, дзе так лёгка дыхаецца, зацікавіла раслінамі, пра якія хацелася даведацца больш. Дарэчы, на тэрыторыі заказніка 400 раслін, з якіх 13 занесены ў Чырвоную кнігу, больш чым са ста відаў птушак чырванакніжных – 24.
Гідам буду
Як заўважае Вольга, ідэя стаць гідам па балоце нара- дзілася ў душы. Каб атрымаць права вадзіць экскурсіі па Ельні, трэба прайсці атэстацыю ў Нацыянальным агенцтве па турызме. Рыхтавацца можна самастойна, вывучаючы размешчаныя на сайце ведамства матэрыялы, або прайсці платныя анлайн-курсы. Вольга выбрала другі варыянт.
– Падрыхтоўка заняла шмат часу і сіл, але ўжо акупілася, – усміхаецца яна. – Іспыт складаецца з дзвюх частак: тэсціраванне, што ўключае ў сябе ў тым ліку пытанні па геаграфіі і гісторыі Беларусі, архітэктуры і біялогіі, і субяседаванне па тэме «Балота Ельня і ваколіцы». Апошняе – гэта веданне матэрыялаў экскурсіі, якую, дарэчы, распрацаваў наш зямляк, загадчык кафедры экалогіі і аховы прыроды ВДУ імя П. Машэрава Генадзь Сушко.
Вольга прайшла атэстацыю і папоўніла шэраг мясцовых гідаў, якіх ужо больш за дзесяць чалавек. З радасцю прынялася за новую для сябе справу.
– Для турыстаў два маршруты: на экасцежку Азяраўкі і на возера Курганістае. Вандроўка на першым доўжыцца тры гадзіны, на другім – пяць. Праводжу як групавыя, так і індывідуальныя экскурсіі. Пад апошнімі маецца на ўвазе група да дзесяці чалавек, – знаёміць гід з дэталямі сваёй справы.
Цішыня, пейзажы, журавіны
Са слоў гіда, пазнаёміцца з Ельняй часцей за ўсё прыязджаюць жыхары вялікіх гарадоў. Штораз іх уражваюць чыстае паветра, навакольная цішыня, адметныя пейзажы. Цікава пазбіраць журавіны. Добра тут адпачыць ад гарадской мітусні і пераключыць думкі на хвалю спакою.
Фотаздымкі раслін, птушак, рэптылій і іншыя складаюць альбом экскурсавода. Расказвае турыстам пра флору і фаўну найбуйнейшага ў Беларусі верхавога балота, пра пажар 2002 года, які знішчыў і пашкодзіў амаль палову балотнага масіву, пра дзейнасць валанцёраў, якія аднаўляюць Ельню. У планах Вольгі таксама паўдзельнічаць у валанцёрскім руху.
– Здзіўляюць турыстаў гісторыі пра тое, што на астравах на балоце жылі людзі. Расказваю ім пра жыхара раёна, вядомага на ютубе як Дзім Дзімыч, які на працягу некалькіх гадоў пастаянна жыў на Ельні, – гаворыць гід. – Радуе, калі госці заказніка з агеньчыкамі ў вачах слухаюць расповяд, задаюць пытанні і пасля зноў прыязджаюць на вандроўкі па балоце. Сёлета заўважыла такую тэндэнцыю: паездку на Ельню некаторыя прымяркоўвалі да свайго дня нараджэння, прыязджалі пары, якія хацелі прайсціся па эка- сцежках на сямейныя юбілеі – 10 і 30 гадоў сумеснага жыцця. Можна лічыць, што ў грамадстве складваецца новая традыцыя – у сямейнае свята выбрацца ў вандроўку па Ельні. Асабіста для мяне экскурсіі на балота – гэта магчымасць пабываць там часцей, перадаць свае веды іншым, падзяліцца добрым настроем і працягваць вывучаць цікавы прыродны свет. Ельня – як іншая планета, але побач з намі.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.