"Люди на болоте"
gazeta 2-11-2012, 11:13 0 Прырода і экалогія
Да балота ў народзе адносіны неадназначныя. Мала знойдзецца людзей, якія любяць яго так, як лес, возера ці горы. Нават сёння яно асацыіруецца з чымсьці жахлівым, небяспечным, жорсткім, таму і не становіцца месцам масавых вандровак. Аднак чалавека прывабліваюць зыбкія сцяжынкі ды купіны, шчодрыя на брусніцы і журавіны. Хтосьці, магчыма, займаецца і выпрабаваннем сваіх сіл балотным экстрымам, гульнёй на выжыванне, знаходзячы ў гэтым своеасаблівае задавальненне. Так ці інакш, выкарыстоўвае чалавек балота для сваіх жыццёвых патрэб. І ці прыходзіць да каго думка, што з балотам можа здарыцца бяда, што яно само патрабуе дапамогі? Так здарылася і з нашай Ельняй.
На многія кіламетры працягнулася суровая экзотыка балотнага царства. Нізкарослыя стогадовыя сасёнкі, быццам бы з вымучанымі галінкамі, з кароткімі і тоўстымі іголкамі, сабраныя ў нешматлікія кальчакі, рэдка застаюцца жывымі. Большасць сасёнак — мёртвыя, сухія, з попельна-серабрыстымі аголенымі стваламі, на якіх бачны сляды колішніх летніх пажараў. Стаяць яны як помнікі мучаніцкага існавання, наводзяць трапятанне. Дакранешся да такой галінкі — ламаецца і крышыцца, а рукі — у сажы. Аднак зірнеш пад ногі — душа ажывае: якое багацце і разнастайнасць фарбаў і жыцця! Вось ружавеюць маленькія званочкі. Бачны драпежнік пад нагамі — насякомаедная расянка.
Вялікае балота з сотняй розных памераў азёраў. Гэтыя мясціны не абмінула Вялікая Айчынная вайна, ратавала людзей ад голаду і небяспекі.
Як рэзаныя раны, якія нельга зажывіць, працягнуліся па яго целе шматлікія каналы — сляды недальнабачнага ўмяшальніцтва чалавека ў жыццё цэласнага арганізма. Па іх адыходзіць з Ельні вада — яе кроў. Ад гэтага мярцвее балота: падсыхае шматмятровы слой торфу (а ён месцамі да 8 метраў у глыбіню), ператвараецца ў “порах” высокі сфагнум. Таму частымі былі на балоце пажары. На многія кіламетры тады цягнуўся шлейф дыму, засцілаючы дарогі, забіраўся нават у дамы.
— Навошта яго ратаваць, гэтае балота? Во некалькі гадоў таму так было суха, што збірала журавіны на каленях. Добра! — разважае жыхарка вёскі, каля якой размясціўся валанцёрскі лагер для ратавання Ельні.
— Дык калі ж сыдзе вада, тады і журавін не будзе, — адзначае Валянцін, валанцёр з Мінска. — Ці ж вам не хочацца, каб на балоце і ўнукі вашы тыя ягады збіралі?
На самой справе балота перастае ім быць, калі адыходзіць з яго вада. Лёгка парушыць раўнавагу ў прыродзе, але цяжэй гэта выправіць.
Ужо не першы год у жніўні з усёй Беларусі збіраюцца на Ельню групы валанцёраў, каб адрамантаваць плаціны, пабудаваць новыя. “Выратуем Ельню разам!” — так называецца працоўная акцыя, якую праводзяць людзі, чые сэрцы адгукнуліся на бяду вялікага балота. Многія з маладых не ўпершыню перажываюць ельнінскую эпапею. Здараецца, што прыязджаюць сем’ямі. Можна сустрэць сярод валанцёраў і школьнікаў.
Сёлетнім жніўнем Ельня сабрала сяброў з Мінска, Шаркаўшчыны, Іванава (Палессе), Лунінца, Міёршчыны, Пастаўшчыны і іншых мясцін. Амаль усе яны з’яўляюцца членамі грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Гэта арганізацыя — адна з галоўных ініцыятараў праекта ратавання Ельні. Кіраўнікі валанцёраў — кандыдат біялагічных навук Мікалай Данілавіч Чаркас і супрацоўнік АПБ па прыродаахоўных пытаннях Вольга Лукшыц — людзі адданыя нашаму балоту, якія ведаюць пра яго ўсё, вельмі цікавыя асобы самі па сабе.
— Ельню палюбіш, калі пабываеш тут хоць аднойчы, — прызнаецца Мікалай Данілавіч. — Зацягвае грунтоўна! — дадае жартам.
Шмат цікавага расказваў вучоны пра балота сваёй групе. Аказваецца, што Ельня ўяўляе сабой пагорак, падобны на купал: розніца ў вышыні цэнтральнай часткі і ўскрайкаў складае 7 метраў.
Цікава, што паступова балота з крынічным харчаваннем (ці інакш — нізіннае) ператвараецца ў верхавое, якое жыве за кошт ападкаў.
Сярод ратавальнікаў ёсць у Ельні нават пісьменнікі. З многімі, з кім сустракаешся тут, даўно завочна знаёмы як з аўтарамі любімых кніг аб прыродзе, цікавых артыкулаў навукова-папулярных часопісаў. Сярод іх — Сяргей Зуёнак, Вольга Лукшыц. Любяць Ельню і фотакарэспандэнты. Дзякуючы сваім сябрам і абаронцам Ельня стала адным з самых знакамітых балот нашай рэспублікі. Цікавяцца балотнай экзотыкай і замежныя турысты.
Рабочы дзень валанцёраў пачынаецца ранкам. Трэба зрабіць пераход у некалькі кіламетраў.
Нават хаджэнне па балоце — праца. Тут няма чыстых, добра ўтаптаных сцяжын. Аднак і жудасных зацягваючых багнаў таксама даўно няма. Канешне, часта прыходзіцца насцярожвацца, адчуваючы, як яркі балотны лужок у чатыры-пяць метраў шырынёй пачынае “хвалявацца” пад нагамі, але трымаюць цябе пругкія і трывалыя “мышцы” тарфянога велікана. Бывае, што хтосьці праваліцца — адной нагой — так, што сябру, які будзе побач, даводзіцца выцягваць яго за руку, а затым яго абутак.
За спіной усё аддаляюцца верхавіны дрэў, ад якіх пачаліся балотныя ўгоддзі. І надыходзіць момант, калі навокал у бясконцасці — толькі яно, Вялікае балота, зыбкія кіламетры нязведаных маршрутаў. Куды цяпер? Што там? О, якая дарагая для вас зараз спіна таварыша, які крочыць наперадзе! Калі сур’ёзна, не настолькі гэта і страшна. Рухаецца група ланцужком, і ў ім кожны адказвае за таго, хто ідзе наперадзе, а тыя, хто хутка ідуць — за тых, хто адстае. Аднак лепш паспяшацца, нават калі даводзіцца пераадольваць перашкоды — завалы са ствалоў і карчоў.
Вось і плаціна. Вада за год усё ж знайшла магчымасць абысці яе з другога боку. Гэта значыць, што трэба ўстанавіць двайны рад слупкоў з абодвух бакоў, закласці сярэдзіны тарфянымі “цаглінкамі” і добра іх утаптаць. У ход пайшлі бензапіла, сякеры, рыдлёўкі і, без сумнення, задзейнічаны ў поўную меру ўвесь асабісты “баявы камплект” кожнага: рабочы запал, кемлівасць, гумар. Хтосьці жартуе, узгадваючы, што пабудова плаціны — гэта справа баброў. Яны і больш дасканалыя майстры, чым людзі.
Здабыча мяккіх тарфяных “цаглінак”, падобных да слаёных пірагоў, на сумленні дзяўчат і жанчын. Дастаеш іх рыдлёўкай, у вязкую ямку адразу набягае вада. Пласт за пластом спрасаваны адмёршы мох і іншыя расліны. Дзе-нідзе светлыя пласты перамежваюцца з чорнымі — гарэнне мінулых гадоў. Вось яны, вынікі шматгадовай працы балотнай флоры. Колькі дзесяцігоддзяў, нават стагоддзяў даводзіцца закрануць рыдлёўкай у балотнай адпачывальні! Ох і нялёгкая гэта праца!
Спёка на балоце не такая страшная, бо навокал вада: нават з ямкі, пакінутай уласным ботам, можна і памыцца, і напіцца. Калі запытацца ў валанцёраў, які самы чароўны дар Ельні, то многія адкажуць: “Купанне ў перапынках паміж работай у аксамітных, цёплых водах балотных азёр.”
У сэрцы балота размяшчаецца самае вялікае яго возера. Аднак не кожнаму захочацца брысці па бездарожжы да яго, ды і далёка. Часта наведваюцца сюды рыбакі, расказваюць пра яго інтрыгуюча, нібыта нейкую легенду:
— Бераг там пясчаны, а на ім растуць вялікія сосны…
Нямногія прэтэндуюць на знаёмства з больш блізкімі і даступнымі іншымі азёрамі, якіх мноства. Вось Курганістае са сваімі курганамі-сплавінамі. Звыклым спосабам у возера не зойдзеш. Сядай на шматмятровую тарфяную падушку, упрыгожаную зверху мохам, і спаўзай паціху ў ваду, а выбірацца на “хлюпаючы” бераг будзеш ужо як прыйдзецца.
Вада на паверхні і да 60 сантыметраў углыбіню адстоеная, чыстая і вельмі цёплая, а глыбей — густая, чорная, але цёплая і мяккая тарфяная суспензія. На паверхню ўсплываюць з таямнічага дна буйныя, празрыстыя пузыры, быццам чыесьці вочы. Чароўнае “страхоцце”!
Пераходзячы ад плаціны да плаціны, убачыш яшчэ адну славутасць вялікага балота — адкрытыя вокны вады, у якіх купаюцца аблокі. Увогуле, прыгажосцяў Ельні не пералічыць, а рамантычнасцю яна не ўступае горным вяршыням або сцяжынкам таёжнага краю.
Сыходзячыся ў валанцёрскім лагеры з рознымі людзьмі — ненадоўга, але блізка, — з радасцю адзначаеш: ёсць усё ж у сучасным свеце людзі з моцным духам і чулым сэрцам. Іх не пужаюць выпрабаванні складаных пераходаў, работа пад спякотным сонцам, сон у палатцы, чатырохдзённае жыццё без зручнасцяў. Ім не абыякавы вынік барацьбы за ратаванне Ельні. Яны адчуваюць асабістую адказнасць. І гэта не “геройства” напаказ, што не далей успышкі фотаапарата, а любоў да прыроды і радзімы.
— Даўно адчуваю цікавасць да экалогіі, бо з дзяцінства навокал мяне цудоўная прырода. Пра Ельню шмат чытаў, таму даўно марыў пабачыць на свае вочы. Хацелася прыняць удзел у значымай справе, бо не ўсё ў гэтым жыцці вымяраецца грашыма. Засілле матэрыялізму душыць. З людзьмі-аднадумцамі прыемна і працаваць, і размаўляць, — кажа Анатоль, валанцёр з Лынтуп, што на Пастаўшчыне.
На самой справе, работа на Ельні — яшчэ і цудоўная прычына збегчы ад мітусні і руціны штодзённасці, якія засмоктваюць часам страшней балотнай гразі.
Яшчэ пасля знаёмства з Вялікім балотам назіраецца дзіўны эфект: зрадняешся з Ельняй, але адбываецца гэта не тады, калі прыходзіш вядром грабсці яе дары, а калі дакранаешся да яе магутнай сутнасці і загадкавасці сваім удзелам. Значыць, прыадчыніліся для цябе яе дзверцы. Развітваешся з ёй толькі на некаторы час.
Кожны год у ролі валанцёраў прыязджаюць на Ельню новыя людзі. Сёлета пабывала там і псіхолаг Дзісенскай СШ Галіна Мікалаеўна Сівец, чалавек нястомнага запалу, які ўмее павесці за сабой іншых.
— Паехалі зноў! — сказала яна ўжо на наступны дзень пасля вяртання дадому. — Мы штосьці пакінулі там…
Так, без сумнення, штосьці пакінулі. І гэта чамусьці радуе. Значыць, адправімся хутка гэтае “штосьці” шукаць…
Дапытлівыя! Азартныя! Рамантычныя! Гатовыя, нягледзячы на прагматычнасць сучаснага стылю жыцця, здзейсніць учынак, роўны маленькаму подзвігу! Ельня чакае вас як новых надзейных сяброў, як сваіх выратавальнікаў.
А. МАЙСЯЁНАК, г. Дзісна.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.