Учитель-дефектолог из Миор Светлана Белевич, чья практика насчитывает более двадцати лет
gazeta Вчера, 10:10 586 Грамадства
Мастацтвам маленькіх крокаў можна назваць лагапедыю. З такім параўнаннем пагаджаецца настаўнік-дэфектолаг з Міёр Святлана Бялевіч, чыя практыка налічвае больш за дваццаць гадоў. Кожныя выразныя «р», «л», «с» і іншыя гукі з вуснаў дзіцяці – чарговы поспех і яркія эмоцыі для педагога.
– Радуюся, напэўна, больш, чым дзеці і іх бацькі. Асабліва гуку «р», – з усмешкай заўважае суразмоўніца. – У пачатку работы з дзіцём ніводны дэфектолаг не дасць прагнозаў. Можна толькі вызначыць, вый-дзе вымаўленне ў норму або не. Пры адсутнасці арганічных парушэнняў артыкуляцыйнага апарата выпраўляецца практычна ўсё. А вось колькі часу гэта зойме, прадказаць нельга.
«А Вы дэфектолаг ці лагапед?»
Такое пытанне часам задаюць Святлане Бялевіч.
– Лагапедыя – адзін з раз- дзелаў дэфекталогіі. Гэта спецыяльная педагагічная навука пра парушэнні маўлення, спосабы іх папярэджання, выяўлення і выпраўлення, – тлумачыць педагог. – Таксама дэфекталогія ўключае ў сябе алігафрэнапедагогіку, сурда- і тыфлапедагогіку. Алігафрэнапедагог працуе з дзецьмі з інтэлектуальнымі парушэннямі, сурда- і тыфлапедагогі займаюцца адпаведна з дзецьмі з парушэннямі слыху і зроку.
Святлану Вітальеўну прывабіла лагапедыя. Дыплом настаўніка-дэфектолага атрымала ў 2004 годзе пасля перападрыхтоўкі ў ВДУ імя П. Машэрава. За плячыма былі педвучылішча ў Полацку і сталічны педінстытут, шаснаццаць гадоў практыкі педагога дашкольнай адукацыі ў дзіцячым садзе № 1.
– Прайсці перападрыхтоўку вырашыла сама. Імкнулася да прафесійнага развіцця, на той час дэфекталогія ўжо была запатрабаванай. Гэтая спецыяльнасць дае магчымасць весці ўласную справу, – адзначае суразмоўніца.
Працяглы час Святлана Вітальеўна сумяшчала работу з прыватнай практыкай. Заўважае, сапраўднай школай жыцця ў дэфекталогіі для яе стала праца ў прыватным карэкцыйным цэнтры ў Мінску, куды на тры гады давялося пераехаць па сямейных абставінах. Дадому вярнулася з багатым вопытам, які прымяняла ў Туркоўскай школе, дзіцячых садах № 1 і № 2 у райцэнтры. Другі год, як выйшла на адпачынак і працягвае займацца з дзецьмі на даму.
Залатыя правілы
Для заняткаў абсталяваны асобны кабінет. Светлы, утульны, з густам аформлены па прынцыпах мінімалізму. Папкі з метадычнымі матэрыяламі і дапаможнікі – у шафе, на стале – арганайзер з дыдактычнымі матэрыяламі, патрэбнымі для заняткаў, побач магнітная дошка, якую таксама выкарыстоўваюць падчас работы.
– Залатое правіла дэфектолага: неабходныя матэрыялы павінны знаходзіцца на адлегласці выцягнутай рукі, каб не затрачваць час на іх пошук. Інакш гэта будзе перашкаджаць заняткам, падчас якіх важна прыцягнуць і ўтрымліваць увагу дзіцяці, – адзначае педагог. – Што да мінімалізму, прытрымліваюся яго ва ўсім. Гэта лад жыцця, выбудаваны на ўласным вопыце. Толькі да людзей не адносіцца. Падабалася работа ў калектывах. У дзіцячым садзе № 1 працавала на групе разам з Рэгінай Васільеўнай Аланцьевай. І цяпер падтрымліваем стасункі, вельмі ўдзячна ёй за вопыт. З цеплынёй успамінаю Туркоўскую школу.
Яшчэ ў інтэр’еры дамашняга рабочага кабінета люстэрка прадаўгаватай авальнай формы. Вымаўляючы гукі, дзеці назіраюць за сабой.
– Залатое правіла дыдактыкі: калі прадмет магчыма абследаваць усімі органамі пачуццяў, гэта трэба зрабіць, – падкрэслівае Святлана Вітальеўна.
Выхаванцы настаўніка-дэфектолага – дзеці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Часцей за ўсё працуюць над вымаўленнем свісцячых і шыпячых гукаў, санорных «р», «л». У некаторых праблемы з вымаўленнем «к», «г», «х». Часам да педагога звяртаюцца бацькі, якіх насцярожвае адсутнасць маўлення ў дзяцей.
– У год у актыўным слоўнікавым запасе дзіцяці павінна быць пяць – дзевяць слоў. Напрыклад, «мама», «баба», «дай», а таксама «га-га», «кра-кра». Апошнія называюцца аморфнымі словамі. Калі дзіця маўчыць, гэта нагода звярнуцца да спецыяліста, – заўважае дэфектолаг.
Ад нараджэння да пяці гадоў – каштоўны час
«Ці не тады я набываў усё тое, чым я цяпер жыву, і набываў так шмат, так хутка, што ва ўсё астатняе жыццё я не набыў і адной сотай таго? Ад пяцігадовага дзіцяці да мяне толькі крок. А ад нованароджанага да пяцігадовага страшная адлегласць». Гэтыя словы Льва Талстога, якія падкрэсліваюць важнасць ранняга ўзросту для развіцця дзіцяці, суправаджаюць Святлану Бялевіч на працягу ўсёй яе педагагічнай дзейнасці. Між тым бацькі часам недаацэньваюць гэты перыяд.
– Назіраю за маладымі бацькамі: дзіця ў калясцы, маці ў тэлефоне. Малое не чуе мацярынскага голасу, яго мелодыкі, тэмбру, рытму. З немаўляці трэба размаўляць з самага нараджэння. Толькі праз жывое маўленне ствараецца слоўнікавы запас. Каб дзіця засвоіла слова, трэба шмат разоў яго паўтарыць, – адзначае спецыяліст. – Адну з прычын парушэння маўлення ў дзяцей бачу ў тым, што дарослыя больш часу праводзяць у тэлефонах, чым з малымі. Канешне, мае месца і экалогія, і іншыя фактары. Аднак тэлефоны таксама глабальная праблема.
Са слоў дэфектолага, найлепшы перыяд для выпраўлення парушэнняў маўлення – дашкольны ўзрост. Па-першае, прасцей праходзіць працэс аўтаматызацыі гукаў, па-другое, выключаецца дадатковая нагрузка ў школе.
– Гук недастаткова паставіць. Самы працяглы этап – аўтаматызацыя. Не факт, што ў васьмі-дзевяцігадовага дзіцяці пастаўлены гук увойдзе ў маўленне. Ён можа застацца архіўным, таму што дзіця ўжо прывыкла вымаўляць па-іншаму, – заўважае Святлана Вітальеўна. – На занятках практыкую гульні для аўтаматызацыі гукаў. Даю рэкамендацыі бацькам для самастойнай работы. Разам ідзём маленькімі крокамі да вялікіх поспехаў.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота аўтара.





