Пабачыў свет чарговы, 11-ы нумар "Міёрскай даўніны" — выдання рады музеяў СШ №3 і гуртка "Арганаўты мінулага". Над ім працавалі В. Ермалёнак, А. Ермалёнак, Д. Варона, І. Кандратовіч, А. Бубала.
Штомесячнік апавядае пра экскурсіі па экспазіцыях школьных музеяў па розных тэмах для сваіх і прыезджых школьнікаў. Тут пабывалі браслаўскія гімназісты і кіраўнікі сельскіх Саветаў раёна. Выпускніца мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржуніверсітэта Вольга Чарняўская па мясцовых экспанатах займаецца рэканструкцыяй жаночага адзення і ўпрыгожанняў ранняга сярэднявечча. Сяргей Панізнік дзеліцца ўспамінамі пра запісы фальклорнай спадчыны. Вітольд Ермалёнак надрукаваў вялікі матэрыял пра нашых землякоў — удзельнікаў Першай сусветнай вайны, якім прысвечана спецыяльная юбілейная выстава. А пра самога настаўніка-краязнаўцу нядаўна зняты тэлефільм для беларускага тэлебачання.
Выданне паведамляе пра новыя экспанаты і кнігі археолагаў, пра летняе падарожжа "арганаўтаў" па Браслаўска-Друйскаму "пярсцёнку". "Даўніна" будзе цікавай для ўсіх, хто захапляецца краязнаўствам.