Запрашаем да супрацоўніцтва

Запрашаем да супрацоўніцтваКожнага з нас цікавіць пытанне, колькі ж месца ў гісторыі Беларусі адведзена нашаму краю? Адказ мы знойдзем у Міёрскай СШ №3. Менавіта тут з 1976 года пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Вітольда Антонавіча Ермалёнка працуе гурток “Арганаўты мінулага”.
У студзені сёлета пабачыў свет першы нумар газеты “Мёрская даўніна”, над якім працавалі В. А. Ермалёнак, А. В. Ермалёнак, Д. А. Варона і І. Кандратовіч. Чытачоў зацікавяць юбілейныя даты з гісторыі Міёршчыны, даследаванні “арганаўтаў”.

Наступны нумар з’явіўся ў лютым. Тут прачытаеце навіны кнігарні, звесткі пра раскопкі ля вёскі Кублішчына, працяг пра 34-ы пошукавы сезон. А таму, хто яшчэ не быў у музеі кнігі і друку, будзе цікава падарожнічаць там з дапамогай газеты. Лепш пабываць тут і пабачыць усё сваімі вачыма, зазірнуць у музей старажытнасцяў і пазнаёміцца з настаўнікам гісторыі і экскурсаводам па сумяшчальніцтву Вітольдам Антонавічам Ермалёнкам, які заўсёды рады наведвальнікам.

Фонды музеяў — важная крыніца даследаванняў для вучоных. Нядаўна да нас прыязджалі археолагі з Мінска. Кандыдат гістарычных навук Мікола Плавінскі вывучаў знаходкі Х-ХIII стагоддзяў, знойдзеныя летась. Аспірант БДУ Сяргей Ліневіч знаёміўся з калекцыяй каменных сякер. Інжынер з Наваполацка П. В. Булах цікавіўся месцам размяшчэння і гісторыяй маёнткаў Язненскай, Мікалаёўскай, Сцефанполь-скай, Празароцкай валасцей. Дзякуючы картаграфічным матэрыялам, яму была аказана неабходная дапамога.
У будучым плануецца друкаваць матэрыялы па гісторыі, археалогіі, краязнаўству Міёршчыны. Аматары мінуўшчыны роднага краю знойдуць на старонках выдання шмат цікавага аб славутых земляках, невядомых фактах гісторыі, незвычайных знаходках і археалагічных адкрыццях.

Сёлета спаўняецца 35 гадоў дзейнасці археолага-краязнаўчага гуртка “Арганаўты мінулага”. Таму мяркуецца на старонках газеты змяшчаць інфармацыю не толькі пра сённяшнія справы гурткоўцаў, але рабіць экскурс у іх мінулае. Дарэчы, колькасць экспанатаў музея дасягнула 16000. Усе, хто імкнецца ведаць, шанаваць і любіць гісторыю роднай зямлі, запрашаюцца да супрацоўніцтва.

Абмяняліся вопытам
Нядаўна Міёрская СШ №3 сустракала бібліятэкараў навучальных устаноў з Браслаўшчыны. Прыехаўшыя азнаёміліся з работай школьнай бібліятэкі. Загадчыца Дзіяна Альбертаўна Варона пазнаёміла з накірункамі прыкладання сіл. У нашай бібліятэцы ёсць камп’ютар, тэлевізар, прынтар. Госці звярнулі ўвагу на арыгінальнае афармленне, асабліва зацікавіліся стэндам і картай літаратурнага падарожжа.

Сустрэча працягвалася ў класе інфармацыйных тэхналогій. Абмяркоўваліся пытанні ўкаранення інавацыйных ідэй, далучэння дзяцей да чытання і работы па зберажэнню кніжных фондаў. Браслаўчане прывезлі з сабой шмат нагляднага матэрыялу: буклеты, календары, альбомы і інш. На памяць падарылі нам кнігі пра свой край, відэафільм “Храмавае кальцо Браслаўскага паазер’я”. Вопытам работы падзяліліся бібліятэкары Браслаўскай гімназіі, СШ №2, Опсаўскай і Кансталінскай школ. Іх выступленні суправаджаліся прэзентацыямі. Нашы суседзі прымяняюць як старыя формы работы, так і новыя, удзельнічаюць у міжнародных інтэрнэт-праектах, актыўна ўкараняюць інфармацыйныя тэхналогіі.
Не менш цікавымі былі выступленні бібліятэкараў Цвецінскай, Новапагосцкай, Дзісенскай і Міёрскай СШ №3. Са з’яўленнем камп’ютара спецыфіка работы бібліятэкара змянілася. У нас, напрыклад, створана праграма “Аўтаматызацыя і інфарматызацыя школьнай бібліятэкі”. Разам з настаўнікамі праводзіцца мноства масавых мерапрыемстваў.
Канферэнцыя дапамагла абмяняцца вопытам, а яе ўдзельнікі атрымалі зарад станоўчай энергіі.
На заканчэнні браслаўчане наведалі музей кнігі і друку, дзе іх сустрэў наш настаўнік гісторыі Вітольд Антонавіч Ермалёнак. Дарэчы, ён родам з Браслаўшчыны.
Ігар МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.