“Міёрская даўніна”. Очередной номер
gazeta 19-02-2019, 15:08 1 190 Гісторыя краю
Пабачыў свет першы сёлетні нумар выдання рады музеяў СШ №3 імя Я.Томкі — штомесячніка “Міёрская даўніна”. Яго выдавец і рэдактар Вітольд Ермалёнак у рэдакцыйным артыкуле дзякуе найбольш актыўным мінулагоднім карэспандэнтам Фадзею Шымуковічу з Дзісны, Кастусю Шыталю з Параф’янава, землякам-творцам Славаміру Даргелю і Сяргею Панізьніку, з Польшчы — доктару філалогіі Уладзіміру Скукоўскаму з Ольштына, Браніславе Руткоўскай, Яну Галэнбіеўскаму, Зофіі Алейка.
Як заўсёды, выданне апавядае пра гасцей і экскурсіі. У прыватнасці, нядаўна школьныя музеі наведалі літаратурны рэдактар дзіцячага часопіса “Вясёлка” Вікторыя Ляйкоўская і музыка Юрась Несцярэнка, фермер з Лінкаўшчыны Уладзімір Жабёнак з калегамі. Сярод навін — паведамленне, што сябра гуртка “Арганаўты мінулага” дзевяцікласнік Юра Драба заняў першае месца ў раённым конкурсе календароў.
“Міёрская даўніна” змяшчае каляндар юбілейных дат 2019 года. Ён больш грунтоўны, чым аналагічны ў раёнцы, бо прысвечаны гістарычным фактам і падзеям. Напрыклад, сёлета спаўняецца 250 год палацу Лапацінскіх у Лявонпалі, 140 гадоў, як узведзена мураваная царква ў Новым Пагосце, 95 гадоў споўнілася б Герою Сацыялістычнай Працы Пятру Кандрашову, 75 гадоў мінула з дня смерці святара-пісьменніка з Дзедзіна Пётры Простага (І. Бобіча). 16 ліпеня 70-годдзе адсвяткуе вучоны-філолаг і наш зямляк Мікалай Крыўко. 55 гадоў спаўняецца Дзяржаўнаму хору, які стварыў ураджэнец Новага Пагоста Генадзь Цітовіч. 25-годдзе спраўляе раённы гісторыка-этнаграфічны музей, 20-годдзе — музей радзімазнаўства ў Лявонпалі, 10-годдзе — музей кнігі і друку СШ №3 імя Я.Томкі.
“Міёрская даўніна” змяшчае малавядомыя здымкі. На адным ад 1860 года — 50-гадовы Генрык Дмахоўскі, сапраўдны патрыярх. Больш вядомае па кнізе “Памяць” фота з 1933-га дзіцячага хору пры Дзісенскай Уваскрэсенскай царкве, якое выявіў у архіве свайго дзядулі “арганаўт” Мацвей Капусцёнак. На ім у цэнтры знаходзіцца трынаццацігадовы Мікалай Рунда, будучы святар, арганізатар будаўніцтва праваслаўных храмаў у Міёрах і Пестунах.
Не менш цікава, што ва ўрачыстай абстаноўцы ў Палацы Прэзідэнта ў Варшаве студэнт Дзмітрый Матэленак атрымаў пасмяротную ўзнагароду — кавалерскі Крыж Адраджэння Польшчы — свайго прадзеда Сцяпана, які загінуў у Італіі ў складзе арміі генерала Андэрса.
Асаблівай увагі заслугоўвае падарунак з Мінска. Напрыканцы снежня ў сталічным Музеі елачных цацак адбылося вялікае свята, кульмінацыяй якога стала прэзентацыя макета рэканструкцыі царквы Святога Іаана Багаслова ў вёсцы Галомысла на Міёршчыне. У рамках акцыі, прысвечанай Году малой радзімы, яго вырабіла выпускніца гімназіі №5 імя П.В. Масленікава, цяпер студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ Паліна Каржуева пад кіраўніцтвам выкладчыка вышэйшай катэгорыі, выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь Таццяны Вайтэнка. У гімназіі з 2005 года дзейнічае праект “Нам засталася спадчына” па вырабе макетаў-рэканструкцый разбураных або занядбаных помнікаў архітэктуры. А ідэю нагадаць пра храм у Галомысле падказаў дырэктар навучальнай установы ураджэнец вёскі Васіль Ананька. Там прайшло яго дзяцінства, у памяці засталіся даўнія мнагалюдныя царкоўныя святы.
Цяпер ад вялікай вёскі з дзвюма цэнтральнымі вуліцамі засталося толькі некалькі хат. Да храма цяжка падысці з-за зараснікаў крапівы, баршчэўніку і хмызняку. Між тым царква Іаана Багаслова — адзін з самых старых помнікаў драўлянага дойлідства на Міёршчыне, па некаторых звестках яна ўзведзена ў 1840 годзе. Трохзрубны будынак складаецца з двух’яруснай чацвярыковай званіцы, прамавугольнай малітоўнай залы і пяціграннай апсіды. Двухсхільны дах і шацёр званіцы завершаны невялікімі купаламі. Гарызантальна ашаляваныя сцены з прамавугольнымі вокнамі з простымі ліштвамі.
Зараз унутры храма смецце і разбурэнне. Пра мінулае нагадвае дакладны макет царквы ў акружэнні навакольных вясковых дамоў — у мініяцюры адноўлены калісь маляўнічы куточак на беразе рачулкі. Гэты макет даставіла ў музей СШ №3 імя Я.Томкі дырэктар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Валянціна Мітрафанава.
Што да “Міёрскай даўніны”, то першы сёлетні нумар штомесячніка парадуе перакладам з польскай мовы Алены Басікірскай верша “На ваўкоў”, што напісаны Ганнай Сакалоўскай пад уражаннем палявання ў Камянполлі ў 1939-м. Раскажа пра набыткі, падарункі і знаходкі экспанатаў для школьных музеяў, а таксама пра літаратурную і грамадскую дзейнасць у Польшчы нашага земляка Юрыя Туронка, які нядаўна пайшоў з жыцця.
Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.